Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет VIPаў даў Раманчуку ўдвая болей подпісаў


Яраслаў Раманчук гутарыць з студэнтамі.

Яраслаў Раманчук гутарыць з студэнтамі.

Удвая болей подпісаў, чым звычайна, набралі сёньня ўдзельнікі пікету за кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука ля менскага ГУМу. Актывіст ініцыятыўнай групы прэтэндэнта Алег Корбан тлумачыць гэта ўдзелам у акцыі вядомых людзей: Станіслава Багданкевіча, Зінаіды Бандарэнкі, Міхаіла Чыгіра, Васіля Шлындзікава ды іншых.

Падтрымаць Яраслава Раманчука прыехаў былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

Арганізатары сёньняшняй акцыі — актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, намесьнікам старшыні якой зьяўляецца Яраслаў Раманчук. Для прыхільнікаў свайго кандыдата яны падрыхтавалі сюрпрыз: за кожны дзясяты подпіс уручалі брашуру-цытатнік «АЛ супраць АЛ» з аўтографам Анатоля Лябедзькі, за кожны дваццаты — дыск зь фільмам і аўтографам Юрыя Хашчавацкага, за кожны трыццаты — кнігу з аўтографам яе аўтара Яраслава Раманчука.

Дзясятым у сьпісе стаў мужчына сярэдняга веку. Да яго зьвяртаецца старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

«Вось вы атрымаеце цытатнік такі „Народны тэлевізар“ і кнігу „Плошча“. І адно, і другое будзе цікава і актуальна. Цытатнік — гэта больш для гумару, для добрага настрою. А „Плошча“ — больш сур’ёзнае. Я вам падпішу, калі вы ня супраць» .

Мужчына ахвотна пагаджаецца і прадстаўляецца: «Ігар Мікалаевіч». А сваё рашэньне падтрымаць менавіта Яраслава Раманчука тлумачыць так:

«Таму што хочацца, каб да ўлады прыйшлі нармальныя людзі. Перамен хочацца».


Мужчына-пэнсіянэр зьвяртаецца да кандыдата ў прэзыдэнты з пытаньнем: ці ёсьць у яго свая каманда? Раманчук адказвае:

«У мяне ёсьць каманда ўнутры краіны, якая мае досьвед кіраваньня дзяржавай, кіраваньня бізнэсам. А таксама ёсьць кансультанты-дарадцы, якія зьяўляюцца лепшымі рэфарматарамі сьвету. Я маю зь імі сталы кантакт. Іх можна запрасіць сюды, і рэформы ў Беларусі будуць найлепшымі ў Эўропе».

Натоўп каля пікету павялічваецца. Хтосьці зь мінакоў пазнае народную артыстку Беларусі Зінаіду Бандарэнку і цікавіцца: чаму яна тут? Спадарыня Бандарэнка тлумачыць:

«Чаму я тут? Таму што, як і ўсе беларусы, хачу зьменаў. Хачу зьмены ўлады. І спадзяюся, што яна зьменіцца. Хаця дзесьці там, як падказвае інтуіцыя, пакуль, пакуль усё застанецца па-ранейшаму. Але ўсё-ткі набліжаецца момант, калі мы будзем вольнымі. Вось так».

Да пікету далучаецца і былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір:

«Аляксандар Рыгоравіч стаміўся. Працуе доўга, настойліва, упарта. Трэба яму адпачыць. І гэта было б правільна. Гэты выцякае зь яго апошніх выказваньняў.

Даўгалецьце — гэта добра. Але не на гэтай пасадзе. Трэба адпачыць Аляксандру Рыгоравічу. Спакойна пажыць, паглядзець, як кіруюць іншыя».

Анатоль Лябедзька й Міхаіл Чыгір.

Анатоль Лябедзька, падсумоўваючы вынікі сёньняшняй акцыі, канстатуе — яе трэба праводзіць і ў рэгіёнах:

«Нават у Менску людзі праяўляюць цікавасьць. А ў невялічкім горадзе, калі туды прыедуць Васіль Шлындзікаў, Станіслаў Багданкевіч, Аляксандар Сасноў, Зінаіда Бандарэнка, Юры Хашчавацкі, то гэта мясцовым жыхарам будзе надзвычай цікава. Так што будзем гэта практыкаваць і ў іншых рэгіёнах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG