Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Барысава забаранілі пікет супраць сьмяротнага пакараньня


Начальніца аддзелу ідэалёгіі Барысаўскага райвыканкама Людміла Гарнак вусна паведаміла аднаму ў арганізатараў пікету Алегу Мацкевічу, што акцыя забароненая. Прычына: у заяўнікаў не было дамоў з ЖКГ, міліцыяй і мэдычнай установай.

Арганізатары забароненага пікету адзначаюць, што такія дамовы заключаюцца, калі ладзяцца больш маштабныя акцыі, чым пікеты, напрыклад мітынгі ці дэманстрацыі.

Пікет плянавалася правесьці ў шматлюдным месцы каля барысаўскага гандлёвага цэнтру «Веста» 10 кастрычніка ў Міжнародны дзень супраць сьмяротнага пакараньня. Адказ на заяўку райвыканкам павінен быў даць за пяць дзён да плянаванага мерапрыемства, яшчэ 5 кастрычніка.

Аднак ніякага пісьмовага адказу з Барысаўскага райвыканкаму заяўнікі не атрымалі.

Летась улады Барысава таксама забаранілі пікет супраць сьмяротнага пакараньня, паведамляе Праваабарончы цэнтар "Вясна".

Беларусь засталася адзінай краінай у Эўропе, дзе практыкуецца сьмяротнае пакараньне.

29 красавіка 2010 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыпыніла кантакты зь Беларусьсю ў сувязі зь "недастатковым прагрэсам" краіны ў галіне адпаведнасьці стандартам Рады Эўропы.

Паводле праваабаронцаў, ад часу абвяшчэньня краінай незалежнасьці ў 1991 годзе сьмяротных прысудаў было вынесена больш за 400.
XS
SM
MD
LG