Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбна вучыцца дарослым?


8 кастрычніка ў Беларусі пачынаецца традыцыйны Фэстываль нефармальнай адукацыі. У ім прымуць удзел звыш 250 прадстаўнікоў грамадзкіх, камэрцыйных і дзяржаўных арганізацыяў, якія займаюцца адукацыяй і асьветай, зь Беларусі, Армэніі, Азэрбайджану, Малдовы, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Таджыкістану.

Фэстываль стаў традыцыйнай пляцоўкай для абмеркаваньня пэрспэктываў разьвіцьця нефармальнай адукацыі для дарослых у Беларусі і ў эўрапейскіх краінах. Праводзіцца ён ужо трэці раз.

Кіраўнік прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных унівэрсытэтаў у Беларусі ("Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.") Галіна Верамейчык распавяла:

"Галоўнай мэтай зьяўляецца папулярызацыя дадатковай адукацыі, то бок нефармальнай адукацыі дарослых і моладзі ў Беларусі. Да сёньняшняга дня, на жаль, у межах дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі недастаткова ўвагі надаецца гэтай тэме. Ня вызначаны прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў дачыненьні да дадатковай адукацыі дарослых і моладзі па розных тэматычных кірунках — ня толькі прафэсійнай, так званага павышэньня кваліфікацыі, перападрыхтоўкі кадраў, але і, напрыклад, адукацыі ў галіне ўстойлівага разьвіцьця, вольнага часу, па розных экалягічных пытаньнях".

Традыцыйна лічылася, што вучыцца павінны ў асноўным дзеці, моладзь. А што да дарослых людзей, ім у лепшым выпадку патрэбна павышэньне кваліфікацыі ці, у выпадку страты працы, авалоданьне новай спэцыяльнасьцю, кажа Увэ Гартэншлегер, намесьнік дырэктара Інстытуту міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных унівэрсытэтаў:

"Ёсьць такая тэндэнцыя — глядзець на адукацыю дарослых толькі з пункту гледжаньня рынку працы, эканомікі. Гэта, безумоўна, важна, але гэта ня ўсё. Добрыя адукацыйныя паслугі даюць чалавеку асабіста і як індывідуўму ў грамадзтве і іншыя магчымасьці самарэалізацыі, самаразьвіцьця, удзелу ў грамадзкіх працэсах".

Асаблівасьць сёлетняга фэстывалю ў тым, што дакладна вызначаны тэматычны кірунак: які ўнёсак нефармальная адукацыя робіць у павышэньне якасьці жыцьця. Будуць абмяркоўвацца пытаньні, датычныя таго, якая замова ёсьць у беларускага грамадзтва на дадатковую нефармальную адукацыю, а таксама агучаны вынікі першага ў Беларусі адмысловага дасьледаваньня, праведзенага летам 2010 года прадстаўніцтвам Нямецкай асацыяцыі народных унівэрсытэтаў у Беларусі, распавяла Галіна Верамейчык:

"Праграма першага дня больш скіраваная на прафэсійных удзельнікаў, на дыскусіі. У другі дзень, суботу, мы запрашаем людзей, якім цікава было б паглядзець, чаму можна было б навучыцца ў розных дзяржаўных, недзяржаўных, прыватных адукацыйных арганізацыях. Пройдзе каля 40 майстар-клясаў па розных накірунках. Уваход вольны".

Фэстываль пройдзе ў Міжнародным адукацыйным цэнтры з 8 па 10 кастрычніка.

Дарэчы, у праекце Кодэксу аб адукацыі, які чакае свайго разгляду ў парлямэнце, распрацаваны разьдзел "Дадатковая адукацыя дарослых і моладзі", які трошкі пашырае, так бы мовіць, разуменьне з боку дзяржавы неабходнасьці нефармальнай адукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG