Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч адмаўляецца ад прэзыдэнцкіх амбіцыяў


Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

Патэнцыйны кандыдат Сяргей Гайдукевіч здымае сваю кандыдатуру з прэзыдэнцкіх выбараў.

Пра гэта са спасылкай на прэсавага сакратара перадае Інтэрфакс.

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч падаў заяву ў Цэнтравыбаркам, каб зьняць сваю кандыдатуру, паведамляе прэсавая служба палітыка.

Камэнтуючы прынятае рашэньне, Гайдукевіч заявіў: "Сёньня мне паведамілі з рэгіёнаў: сабрана больш за 100 тысяч галасоў. Я запытаўся: "Стотысячны рубеж пройдзены"? Мне адказалі: "Пройдзены". Я пайшоў (у ЦВК — Інтэрфакс) "здымацца".

Сваё рашэньне лідэр ЛДП патлумачыў так: "Я не хачу ўдзельнічаць у гэтым спэктаклі. Партыя паказала, што мы маем патэнцыял, мы актыўныя. Гэтую актыўнасьць мы рэалізуем па-іншаму".

На пытаньне, ці зьбіраецца ён адмаўляцца ад удзелу ў перадвыбарчай кампаніі на чыю-небудзь карысьць, Гайдукевіч адказаў: "Ні ў якім разе".

Сяргей Гайдукевіч не патлумачыў Цэнтравыбаркаму прычыну адмовы ад удзелу ў выбарах.

У заяве, якую кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч перадаў 8 кастрычніка ў ЦВК, адсутнічае тлумачэньне прычыны адмовы ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.

"Адмовіцца ад удзелу ў выбарах — законнае права Гайдукевіча. У адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам, прэтэндэнты на любым этапе выбарчай кампаніі могуць зьняць свае кандыдатуры, нават без тлумачэньня прычыны свайго рашэньня", — паведаміў БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

7 кастрычніка патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта пэнсіянэр Пётар Барысаў абвясьціў, што здымае сваю кандыдатуру.

Барысаў заявіў, што гатовы падтрымаць на выбарах сустаршыню аргкамітэту па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага. Ініцыятыўная група Пятра Барысава будзе працаваць на Рымашэўскага.

Засталося 15 патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта.


Падрабязнасьці — пазьней на сайце “Свабоды”



Сяргей Гайдукевіч


Нарадзіўся ў 1954 годзе

1976 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню Войскаў супрацьпаветранай абароны.

1989 г. Скончыў вайсковую камандную Акадэмію СПА імя маршала Г. К. Жукава.

1992-1994 гг. Працаваў ва Ўпраўленьні нацыянальнай бясьпекі Дзяржаўнага сакратарыяту Рэспублікі Беларусь.

Старшыня Каардынацыйнага камітэту палітычнага блёку «Народны рух Беларусі».

1994 г. Сябра Лібэральна-дэмакратычнай партыі.

1995 г. Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі

2001 г. Кандыдат на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

2004 г. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

2006 г. Спэцыяльны прадстаўнік міністра замежных справаў Рэспублікі Беларусь.

Сябра сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНД.

Кандыдат на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG