Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларускім унівэрсытэце транспарту, які месьціцца ў Гомелі, прадстаўнікі адміністрацыі асабіста займаюцца зборам подпісаў за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі на чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін.

Пра гэта ў ЦВК паведаміла сёньня сябра ініцыятыўнай групы ў падтрымку Андрэя Саньнікава Ларыса Шчыракова.

“4 і 5 кастрычніка ў галоўным корпусе ўнівэрсытэту транспарту прарэктар па выхаваўчай працы Галіна Чаянкова – яна кіраўнік ініцыятыўнай групы ў Чыгуначным раёне Гомелю – асабіста зьбірала подпісы за Лукашэнку сярод студэнтаў. Гэта зафіксавалі і СМІ, і актывісты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, – паведаміла спадарыня Шчыракова.

Яна прапануе Цэнтравыбаркаму правесьці праверку згаданых фактаў і вынесьці на адрас ініцыятыўнай групы Лукашэнкі папярэджаньне паводле артыкулу 61 Выбарчага кодэксу, які забараняе адміністрацыі прадпрыемстваў і ўстановаў займацца зборам подпісаў. Паводле закону, парушэньне згаданага патрабаваньня можа спрычыніцца да адмовы рэгістрацыі кандыдата на прэзыдэнта.

Падобны факт зафіксаваны і ў філіяле №8 Гомельскай гарадзкой паліклінікі, дзе адміністрацыя паклапацілася пра арганізаваны збор подпісаў за дзейнага кіраўніка дзяржавы.
XS
SM
MD
LG