Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пуцін і Мядзьведзеў будуць падвышаныя ў статусе ворагаў Беларусі”


Як рэагуе беларуская дзяржаўная прапаганда на інфармацыйную вайну з боку расейскіх СМІ? Ці разбурыла расейскае тэлебачаньне манаполію беларускіх дзяржаўных мэдыяў на падачу інфармацыі беларускаму насельніцтву? Ці можна сказаць, што Расея атрымала «вобраз ворагу», які трывала замацаваўся ў масавай сьвядомасьці? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кандыдат філязофскіх навук, мэдыя-экспэрт Уладзімер Падгол і рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль.


Аляксей Кароль
Уладзімер Падгол
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Інфармацыйная вайна расейскіх СМІ супраць кіраўніцтва Беларусі пакуль не спыняецца — у пятніцу, як аб’яўлена, выйдзе новая, чацьвёртая сэрыя «Хроснага бацькі». Як на гэтым фоне выглядаюць беларускія афіцыйныя СМІ, ці даюць яны адэкватны і годны адказ расейскім мэдыям? Кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі нядаўна сказаў, што «беларускі бок толькі абараняецца, а яны атакуюць». Ці пасьпяхова абараняецца беларуская прапаганда?

Падгол: Трэба яшчэ паглядзець, хто тут абараняецца, а хто атакуе. Калі б яны абараняліся, то бралі б кожны факт, які быў прыведзены ў «Хросных бацьках» ды іншых сюжэтах, і абвяргалі б яго. Але абвяржэньняў няма. Беларуская прапаганда карыстаецца тым, што большасьць беларусаў не глядзела гэтыя фільмы і не чытае расейскіх газэтаў.

Трэба яшчэ паглядзець, хто тут абараняецца, а хто атакуе.
Таму абарона зводзіцца да наступу паводле прынцыпу «Сам дурань». Яны робяць ворагаў беларускага народу зь Мядзьведзева, Пуціна і расейскіх алігархаў. Другая адметнасьць: не зважаючы на зьмест таго, што кажуць у расейскіх СМІ пра Лукашэнку, беларускія СМІ пераводзяць стрэлкі на беларускі народ і кажуць, што расейскія СМІ і палітыкі абражаюць увесь беларускі народ.

Цыганкоў: Прынята лічыць, што беларуская інфармацыйная прастора кантралюецца дзяржаўнымі СМІ, зь якіх чэрпае інфармацыю большасьць беларускага насельніцтва (і гэта пацьвярджаюць сацыёлягі). Ці можна казаць, што апошнія праявы інфармацыйнай вайны неяк разбураюць гэтую манаполію?

Кароль: У пэўным сэнсе, безумоўна, разбурылі. Нават у выказваньнях Лукашэнкі прабіваецца шкадаваньне, што ён ня можа забараніць хвалю недружалюбнай для яго інфармацыі з Расеі. Што да зьместу беларускай дзяржаўнай прапаганды, то яна адэкватна адлюстроўвае мадэль любой прапаганды аўтарытарнага рэжыму. У ёй павінен прысутнічаць вобраз ворагу. І цяпер адбылася амаль што поўная замена ворагу-Захаду на ворага-Расею. Па сутнасьці ўся інфармацыйная прастора афіцыйных СМІ пранізана антырасейскай рыторыкай і абвінавачваньнямі.

Але канкрэтнага, «сымэтрычнага» адказу пакуль няма. І я думаю, тут два чыньнікі. Па-першае, галоўны прапагандыст нечага асьцерагаецца, бо не адказвае ў сваім стылі, у абразьлівай форме. Па-другое, яны баяцца зьбіцца на апраўданьні па той канкрэтыцы, якая прагучала ў гэтых трох фільмах і прагучыць у чацьвёртым. А канкрэтыка замкнула б дыскусію на тых праблемах, што прагучалі ў фільмах, — хто датычны да зьнікненьняў і гэтак далей. Гэта было б апраўданьнем. Лукашэнка яго імкнецца пазьбегнуць, але, тым ня менш, вымушана зьбіваецца на апраўданьні.

Цыганкоў: Ці варта чакаць далейшага звужэньня доступу расейскіх СМІ да беларускай інфармацыйнай прасторы? Ужо фактычна ажыцьцяўляецца папярэдняя цэнзура расейскіх перадачаў на тэлевізіі. Ці будуць нейкія больш радыкальныя афіцыйныя рашэньні ў сувязі з выбарчай кампаніяй?

Кароль: Звужэньне і далейшае абмежаваньне, безумоўна, будзе. Гэта таксама азбука прапаганды любога аўтарытарнага рэжыму. Але, я мяркую, на афіцыйны ўзровень наўрад ці выйдуць, будзе працягвацца паўзучая схема абмежаваньняў.
Галоўны прапагандыст нечага асьцерагаецца, бо не адказвае ў сваім стылі, у абразьлівай форме.


Цыганкоў: Як будзе працаваць далей беларуская прапагандысцкая машына? Ці будзе яна працягваць у рамках той матрыцы, якую вы апісалі, ці будуць прыдумляцца нейкія новыя хады?

Падгол: Яны будуць удасканальвацца ў існуючых схемах. Я дадам яшчэ адзін істотны накірунак дзейнасьці контрпрапаганды — выкарыстоўваньне расейскай апазыцыі пры фармаваньні вобраза ворага з Пуціна і Мядзьведзева і выкарыстоўваньне расейскіх журналістаў для ўзьвялічваньня Лукашэнкі і ладу, які існуе ў Беларусі.

Нагадаю, як афіцыйныя СМІ апублікавалі даклад Барыса Нямцова пра Пуціна, дзе было сказана, што Пуцін — алігарх, які падпольна мае акцыі і гэтак далей. А падчас апошняга прэс-туру расейскіх журналістаў кожны дзень на беларускіх тэлеканалах паказваліся іхнія інтэрвію пра райскае беларускае жыцьцё.

Цыганкоў: А вы лічыце, што беларускія гледачы будуць з большым даверам ставіцца да меркаваньняў расейскіх журналістаў?

Падгол: Безумоўна. І штотыдзень ідуць рэпартажы, як расейцы прыяжджаюць у Беларусь, купляюць тут танныя прадукты, ці пра тое, як мы дапамаглі расейцам прыбраць хлеб і гэтак далей — гэта ўсё дзейнічае.

Я чакаю, што Пуцін і Мядзьведзеў у выніку контрпрапаганды будуць яшчэ больш падвышаныя ў статусе ворагаў Беларусі. Я не чакаю новых формаў, але стратэгічна кіраўніцтва Расеі будзе малявацца як ворагі Беларусі. І адпаведна ўсё, што яны гавораць, ці гавораць іхнія паслугачы, іхнія НТВ, якімі валодае «Газпром» — гэта ўсё лухта, на якую ня трэба зьвяртаць увагі. Такім будзе галоўны кірунак прапаганды.

Кароль: Я б адзначыў, што ў такой прапаганды заўсёды ёсьць мяжа. Пра яе ў свой час добра сказаў Сяргей Даўлатаў: «Калі кажуць «так», чытай «не». Большая частка насельніцтва ўжо не глядзіць БТ, бо адварочвае ад таго тону і зьместу, які там ёсьць. Думаю, афіцыйная прапаганда ўжо амаль дайшла да такой мяжы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG