Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аднаго прадстаўніка ад АГП дастаткова, каб задаволіць інтарэсы апазыцыі”


Барыс Бухель

Барыс Бухель

Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргі абласных арганізацыяў руху БНФ «Адраджэньне» і партыі левых «Справядлівы сьвет». Скаржнікі намагаліся адмяніць пастанову аблвыканкаму і прэзыдыюму аблсавету аб стварэньні абласной выбарчай камісіі. У яе склад згаданыя арганізацыі вылучалі па адным сваім прадстаўніку. Іх не ўключылі ў камісію.

Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, які прадстаўляў інтарэсы скаржнікаў, суд палічыў, што працэдуры фармаваньня камісіі не парушаныя.

«Суд праігнараваў нашы довады, што дванаццаць з трынаццаці сябраў камісіі прадстаўляюць інтарэсы аднаго прэтэндэнта на прэзыдэнцтва, Аляксандра Лукашэнкі. Мы, прааналізаваўшы сьпісачны склад камісіі, даводзілі, што ён падкантрольны дзяржаве. У камісіі — чацьвёра кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія лічацца акцыянэрнымі таварыствамі, аднак там ёсьць намесьнікі па ідэалёгіі. Гэта азначае, што яны застаюцца дзяржаўнымі. Акрамя таго ў камісіі — дзяржаўныя службоўцы, сябры прадзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў. У судзе было заяўлена, што аднаго прадстаўніка ад АГП дастаткова, каб задаволіць інтарэсы апазыцыі».

Вырак абласнога суду не падпадае пад абскарджаньне.

У раённых судах чакаюць разгляду яшчэ некалькі скаргаў апазыцыянэраў: тры ў Крычаве і адна ў Глуску.

Толькі адзін вылучэнец ад апазыцыі трапіў у склад тэрытарыяльных камісіяў на Магілёўшчыне. Гэта прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімер Парфёнаў. Яго зацьвердзілі ў складзе абласной выбарчай камісіі.
XS
SM
MD
LG