Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пакуль дровы давязуць, то і зіма скончыцца…”


У Беларусі — чарговы ажыятаж: у многіх мясьцінах людзі ня могуць купіць на зіму дастатковай колькасьці дроў і торфабрыкету. Торфабрыкетныя заводы і лясныя гаспадаркі не спраўляюцца з замовамі. Сытуацыю ў рэгіёнах абцяжарваюць новазбудаваныя кацельні і міні-ТЭЦ, многія зь якіх на працягу апошніх гадоў перавялі на мясцовыя віды паліва.

ВІЦЕБШЧЫНА


Торфабрыкету ў продажы няма, і дровы дарагія

Вяскоўцы Віцебшчыны чакаюць вялікіх халадоў са страхам. У адных проста няма грошай, каб назапасіць паліва на зіму. Іншыя і гатовыя былі б набыць дровы або брыкет, але ня маюць такой магчымасьці.

Вось што кажа пра сваю складаную сытуацыю спадарыня Галіна зь вёскі Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёну:

«У нас кацёл, і мы спальваем звычайна абярэмак дроў ды брыкету кошыкаў пару. Дык вось сказалі, што брыкету ў продажы няма. Будзе толькі недзе ў сьнежні. Во як! А паліць жа трэба і цяпер, і ў лістападзе. Нешта ў нас яшчэ зь мінулага году засталося, але мала — хата ў нас вялікая, 144 квадратныя мэтры. І ўжо сёлета 70 тысяч каштуе тона, а раней мы куплялі брыкет за тону ці то 53, ці то 43 тысячы. Усё ж даражэе кожнага разу! І дровы мы куплялі па 350 тысяч за машыну яшчэ летась».

Здавалася б, дровы павінны быць таньнейшыя ў тых рэгіёнах вобласьці, дзе шмат лясоў — да прыкладу, на Гарадоччыне. Але й там яны нятанныя, распавядае жыхар вёскі Вярэчча Гарадоцкага раёну Леанід Аўтухоў:

«Лясоў у нас шмат, вольха — такое дрэва, што расьце дужа хутка… Але дровы дужа дорага каштуюць, як на пэнсіі ды тутэйшыя заробкі. Да прыкладу, прычэп дроў у вёсцы Вярэчча каштуе 200 тысяч рублёў. А ў нашым лясгасе людзі атрымліваюць усяго па 350 тысяч».

Раней, кажа Леанід Аўтухоў, нарыхтоўкай і дастаўкай дроў займаліся прыватнікі — і гэта было таньней для вяскоўцаў. Але цяпер манапалістам у гэтай справе застаўся адзін мясцовы лясгас:

Раней была канкурэнцыя… Дровы ў нас тады так шмат не каштавалі!
«Раней была канкурэнцыя. Я таксама гэтым займаўся, у мяне была грузавая машына, мы выпісвалі дзялянку, высякалі там дрэвы, пілавалі іх і гандлявалі. Дровы ў нас тады так шмат не каштавалі! А цяпер нас усіх павыціскалі. Па-першае, стала немагчыма набыць дзялянку. Калі Гарадоцкі лясгас далучылі да прадпрыемства «Віцебскдрэў», то амаль усё забіраюць яны. Так што засталося адзінае прадпрыемства — «Гартоп».

Паводле Леаніда Аўтухова, у цяперашняй сытуацыі квітнее нелегальны бізнэс: людзі ўпотай замаўляюць дровы супрацоўнікам лясгасу, і тыя пілуюць дрэвы ды цішком развозяць па дварах. Вяскоўцам гэта абыходзіцца крыху таньней, а рабочыя лясгасу маюць пэўны прыбытак, апрача заробку.

Але шмат хто проста бядуе, кажа Леанід Аўтухоў, бо грошай на дровы няма, а паліць у печы трэба хоць чым:

«Хаты разьбіраюць. Ці пасьля высечкі дзялянкі, калі застаецца нейкае вецьце, то ў нас у Вярэччы на драбінах возяць ці ўзімку на санках. Хто як можа! І з апошняга паліва набываюць. Вось мая маці пэнсію чакае — будзе дровы набываць, ужо замовіла… Людзі паліва ў нас набываюць з апошняга, бо холад і голад — гэта самае жахлівае!»

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Торф вельмі дарагі, а ў мяне пэнсія малая»

Траціну тэрыторыі Гомельшчыны займаюць лясы. Па іх запасах рэгіён трымае першае месца ў краіне. І хаця ў вобласьці багата радовішчаў і торфу, і каменнага вугалю, асноўная частка вясковага насельніцтва нарыхтоўвае на зіму якраз дровы.

Пэнсіянэр зь вёскі Зарадзьвіньне Добрускага раёну спадар Васіль кажа, што нарыхтаваў на зіму прычэп дроў. Калі б былі грошы, прывёз бы яшчэ, хаця й нудота з гэтымі дрывамі:
Каб нарыхтаваць дроў, трэба трыста тысяч — і тады будуць дровы ля двара. А потым трэба яшчэ папілаваць і пакалоць.

«Трэба спачатку ехаць у лясьніцтва, заказаць. Тады наняць людзей, трактар — і ехаць у лес, нагрузіць, прывезьці, заплаціць. Каб нарыхтаваць дроў, трэба трыста тысяч — і тады будуць дровы ля двара. А потым трэба яшчэ папілаваць і пакалоць. Я ж дзьвюхручкай ужо ня буду пілаваць у такіх гадах. Сорак тысяч — папілаваць!»

У палескіх раёнах дровы таксама на першым пляне. Напрыклад, у Жыткавіцкім раёне ёсьць свой торфабрыкетны завод, але вяскоўцы, якія жывуць на поўдні раёну, прызвычаіліся да дроў. Ад тарфяных брыкетаў хаця й больш цяпла, але вяскоўцы іх не бяруць з-за дарагоўлі.

Апавядае 84-гадовая спадарыня Марыя зь вёскі Азяраны:

«Торф — гэта ж вельмі дорага будзе. Ён вельмі дарагі. А ў мяне пэнсія малая — я атрымліваю ўсяго 350 тысяч».

Адзінокая кабета, як і большасьць тутэйшых вяскоўцаў, набываюць за 60 тысяч абрэзкі драўніны зь мясцовага дрэваапрацоўчага заводу — тым і ацяпляюць узімку свае хаты:

«З заводу абрэзкі — у нас жа завод працуе. Дык я яшчэ зь вясны падрыхтавала. Пяць пачак прывезьлі мне ўсяго. Хопіць ці ня хопіць, то ўжо будзем пазьней клапаціцца, калі ня хопіць. Хто ж яго ведае…»

У Рэчыцы мясцовыя ўлады дабудоўваюць міні-цеплаэлектрацэнтраль на мясцовых відах паліва, у тым ліку й на брыкеце з заражанага радыяцыяй Хойніцкага раёну.

Прыватныя дамы, якія знаходзяцца побач зь цеплаэлектрацэнтральлю, цяпла цэнтралізавана не атрымаюць. Кожны гаспадар будзе ацяпляць сваё жытло самастойна — хто з дапамогай газавых катлоў, а хто й дрывамі.

Гаворыць мясцовы жыхар спадар Міхаіл:

«У лясьніцтва едуць — там выпісваюць, у гарпалівазбыт. У каго дом зарэгістраваны ўжо ў выканкаме, можна ехаць у гарпалівазбыт, станавіцца ў чаргу і чакаць. Яны прывязуць дадому дровы».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Грашовыя датацыі ад дзяржавы на паліва ўжо скончыліся

На Гарадзеншчыне ня ўсе ахвотныя зь ліку вяскоўцаў могуць набыць паліва на зіму з датацыяй. Ім прапаноўваюць купляць яго па свабодных цэнах — альбо чакаць пачатку наступнага году.

У Алекшыцкім сельсавеце сакратарка распавядае, што ў мінулы панядзелак ахвотных набыць дровы і брыкет уносілі ў сьпісы працаўнікі гартопу, але ня ўсіх.

Спадарыня: «Выпісвалі, праўда, пакуль толькі тым, на каго датацыі ёсьць: інвалідам, адзінокім і пэнсіянэрам».

Сакратарка сельсавету лічыць: праблема з палівам зараз узьнікае з-за таго, што многія зьвяртаюцца ў адзін час — маўляў, для ўсіх гэта зрабіць не пасьпяваюць.

У Бераставіцкай канторы па нарыхтоўцы паліва таксама ня сталі адмаўляцца ад таго, што праблемы з палівам для насельніцтва ёсьць. Вось што сказаў нашаму радыё галоўны майстар.

Спадар: «Ёсьць праблемы, сканчаюцца датацыі, таму выпісваем толькі інвалідам, адзінокім, састарэлым».

Карэспандэнт: «А астатнім што рабіць, калі ўжо дома холадна?»
Ну, возяць яны. Але пакуль табе давязуць, то і зіма скончыцца.


Спадар: «Просім пацярпець да новага году…»

Калі ў людзей безвыходнае становішча з палівам, майстар нарыхтоўчай канторы прапаноўвае купляць паліва па свабодных цэнах.

Спадар: «Па свабоднай цане брыкет зь Верцялішак можна набыць па 248.764 рублі за адну тону. А дровы — па 51 тысячы за складанку, калі я не памыляюся. Ну, трэба дадаць яшчэ да гэтага разьдзелку і да т.п. Ёсьць ахвотныя, ёсьць, канечне. Але я думаю, што ў нас яшчэ ніхто не замерз».

Спадар зь вёскі Глебавічы кажа, што дамагчыся паліва, асабліва цяпер, — вялікая праблема, бо нават калі набываеш па свабодных цэнах, то ўсё роўна цябе пішуць у нейкія чэргі і трэба чакаць невядома колькі.

Спадар: «Усё добра толькі ў прапагандзе ўладаў, а насамрэч нават тых дроў каб даступіцца, то… Ну, выпішуць, калі грошы маеш, але якія грошы мы ў калгасе зарабляем?.. Ну, прыедзеш ты ў гэты гартоп, выпішаш, а паспрабуй ты потым гэта нечым прывезьці ў вёску дзе-небудзь за 25 кілямэтраў ад райцэнтру».

Карэспандэнт: «Дык, здаецца, дастаўляе нарыхтоўчая кантора, толькі трэба аплочваць?»

Спадар: «Ну, возяць яны. Але пакуль табе давязуць, то і зіма скончыцца. От, не сказаць, што яны нібыта нічога ня робяць, але робяць усё скрозь зубы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG