Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета кандыдата: Віктар Цярэшчанка


Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

Нарадзіўся ў 1950 годзе. Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня. У 1994 годзе вылучаўся кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. Вырашыў падтрымаць Аляксандра Лукашэнку, стаўшы ягонай даверанай асобай. У 2001 годзе зноў вылучаўся кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. Старшыня рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Ганаровы грамадзянін горада Бэтун, Францыя.


Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?


Дзеля абраньня прэзыдэнтам краіны. З тым, каб забясьпечыць:

• вывад краіны з палітычнага і эканамічнага крызісу;
• плянамернае ўваходжаньне краіны ў сыстэму міжнародных эканамічных адносін з усясьветнай супольнасьцю і перадусім — з Расейскай Фэдэрацыяй;
• дасягненьне ўзроўню жыцьця насельніцтва разьвітых краін.


Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?


Рэальны рост заработных плат і пэнсій абавязковы і суправаджаецца ростам прадукцыйнасьці працы. Асноўная прычына таму — гэта рост даходаў за кошт укараненьня і асваеньня новых тэхналёгіяў і паслуг, выпуску новай канкурэнтаздольнай прадукцыі, прыцягненьня новых інвэстыцыяў і стварэньня новых працоўных месцаў.


Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?

Перадусім — стратныя, зь якімі дзяржава ўправіцца самастойна ня ў стане. Далей — неканкурэнтаздольныя на сусьветным рынку прадпрыемствы шляхам зьліцьця з кампаніямі замежных краін, з транснацыянальнымі кампаніямі на аснове ўзаемавыгадных умоваў, забясьпечваючы перадусім інтарэсы тых, хто працуе на гэтых прадпрыемствах, і краіны ў цэлым. Канкрэтна — належыць неадкладна ствараць міжнародны холдынг па перапрацоўцы нафты з удзелам расейскага капіталу на ўмовах забесьпячэньня расейскім бокам паставак нафты на ільготных умовах.

Другое: мы сур'ёзна адстаем у вытворчасьці грузавых высокатэхналягічных і экалягічна бясьпечных аўтамабіляў, саступаючы месца іншым вытворцам. Трэба неадкладна ствараць супольныя праекты зь вядучымі кампаніямі Расіі і Захаду, што дае ў канчатковым выніку выпуск больш канкурэнтаздольнай прадукцыі.


Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?

Шляхам паступовага зьмяненьня структуры прамысловасьці і зьніжэньня энэргаёмістасьці, працаёмістасьці, паліваёмістасьці выпусканай прадукцыі і разьвіцьця навуковаёмістай, інавацыйнай, "мазгаёмістай" прадукцыі.


Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?

Безумоўна, неабходна зьмяніць паўнамоцтвы Прэзыдэнта, перайсьці ад дыктатарскай ролі Прэзыдэнта да дэмакратычнай, магчыма — у наступныя гады перайсьці да парлямэнцкай Рэспублікі. Але гэта павінен вырашаць народ шляхам усенароднага рэфэрэндуму.


Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?

Канстытуцыю неабходна зьмяніць, дэмакратызаваць, павысіць ролю Парлямэнту, Ураду і ролю мясцовых органаў улады.


Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?

Народ за многія дзесяцігодзьдзі прывык да дзьвюхмоўя ў дзяржаўным кіраваньні. Таму некаторы час (пяць-дзесяць гадоў) запатрабуецца, напэўна, захаваць дзьвюхмоўе. Але паступова рыхтавацца да пераходу на адзіную беларускамоўную сыстэму.


Які павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня" і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?

Сымболіка павінна вызначацца народам таксама на аснове рэфэрэндуму. Пытаньне, я лічу, мае месца быць.


Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?

Мы павінны ўваходзіць у працэсы інтэграцыі як з Расеяй, з краінамі СНД, так і з Эўразьвязам. Але трэба, каб для гэтага высьпела асяродзьдзе — эканамічнае, палітычнае — і час. З Расеяй і СНД працэсы ідуць, з Эўразьвязам неабходна інтэнсыфікаваць працэсы інтэграцыі.

У бліжэйшыя 2—3 дзесяцігодзьдзі народы Эўропы аб'яднаюцца ў адзіную сям'ю.


Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?

У НАТО, я лічу, — не. Мы для гэтага не гатовыя, усім нам неабходны час.


Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?

Сьмяротнае пакараньне, лічу, неабходна адмяніць. І гэта справа народу праз рэфэрэндум.


Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?


Я перайду ад дыктатарства да дэмакратычных мэтадаў, ад цэнтралізацыі ўлады ў аднаго чалавека да дэцэнтралізацыі, разьдзяленьня ўладаў, паўнамоцтваў і адказнасьці на розных узроўнях.


Які будзе Ваш першы ўказ?

Першы ўказ — аб уваходзе ва ўладу, адстаўцы ўраду, фармаваньні новага ўраду.


Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?

У адпаведнасьці з Канстытуцыяй, з рашэньнямі парлямэнту і кантрактамі. У бальшыні сваёй у структурах улады працуюць добра падрыхтаваныя спэцыялісты, якія любяць сваю краіну.

XS
SM
MD
LG