Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурны Нобэль – пэруанцу Марыё Варгасу Льёсу


У Стакгольме назвалі імя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 2010 год.

Прэміяй уганараваны пэруанскі празаік і драматург, публіцыст, палітычны дзяяч Марыё Варгас Льёса.

Паводле вэрдыкту Швэдзкай акадэміі, Льёса ўганараваны прэміяй “за падрабязнае апісаньне структуры ўлады і яскравыя вобразы супраціву, паўстаньня і паражэньня індывіда”.

Марыё Варгас Льёса нарадзіўся ў 1936 годзе ў Пэру, апошнія гады жыве ў Мадрыдзе. У 1990 годзе балятаваўся на пасаду прэзыдэнта Пэру ад партыі “Дэмакратычны выбар” і саступіў Альбэрта Фухіморы. Ляўрэат прэміі Сэрвантэса (1994). Сябра Гішпанскай каралеўскай акадэміі, ганаровы доктар шэрагу ўнівэрсытэтаў Эўропы і Амэрыкі.

Першы раман Льёсы “Горад і сабакі” (1963) выклікаў скандал у Пэру, а ў СССР стаў культавай кнігаю моладзі.

Льёса – аўтар раманаў “Зялёны дом” (La casa verde, 1968), “Размова ў саборы” (Conversacion en La Catedral, 1969), “Капітан Панталеон і рота добрых паслуг” (Pantaleon y las visitadoras, 1973), “Хто забіў Паляміна Малера?” (Quien mato a Palomino Molero, 1986), “Цётачка Хулія і пісака” (La tia Julia y el escribidor, 1977), “Вайна канца сьвету” (La guerra del fin del mundo, 1981), “Гісторыя Майты” (La historia de Maita, 1984), “Пахвальнае слова мачысе” (Elogio de la madrastra, 1988), “Сшыткі дона Рыгабэрта” (Los cuadernos de don Rigoberto, 1997), “Прыгоды брыдкага дзяўчаці” (Travesuras de la niña mala, 2006).

Дыплём ляўрэата і прэмію Марыё Варгас Льёса атрымае з рук швэдзкага караля Карла XVI Густава на цырымоніі, што пройдзе ў Стакгольме ў дзень сьмерці заснавальніка прэміі Альфрэда Нобэля 10 сьнежня.

Прапануем вашай увазе ўрыўкі з інтэрвію, якое ўзяў у Марыё Варгаса Льёсы ў 2005 годзе гішпанскі паэт і эсэіст Мігель Анхель Сапата.

Сапата: Ты жывеш у розных краінах. Як табе ўдаецца не перапыняць творчую працу пры зьмене прасторы?

Льёса: І сапраўды, маё месца жыхарства мяняецца – Ліма, Мадрыд, Лёндан, Парыж. Тое, што застаецца трывалым, або лепш сказаць,тое, што надае вялікую стабільнасьць майму жыцьцё – гэта мая праца, бо я ніколі не перастаю працаваць. Я вылятаю зь Лімы, прылятаю ў Парыж і ўжо на другі дзень вяртаюся да працы, працягваю ад таго месца, на якім спыніўся ў Ліме, дакладна тое самае адбываецца, калі я лячу зь Лімы ў Мадрыд, Парыж або Лёндан. Я сядаю за стол, дзе ёсьць абсалютна ўсё, што мне трэба для працы – дыскеты, карткі, неабходныя кнігі, якія я бяру з сабой, куды б я ні паехаў. Мой звычайны расклад застаецца той самы, я працую ранкам і ўвечары, пачынаю з раніцы, і гэткі парадак не мяняецца доўгімі гадамі. Праўда, калі апрача пісаньня мне даводзілася рабіць нешта, каб зарабляць на хлеб, усё было інакш, але ад таго часу, калі я мог прысьвяціць сябе пісаньню, мой рэжым застаецца той самы, раніцай я працую творча, увечары выпраўляю, перачытваю, раблю нататкі для наступнага дня. Вечарамі я заўсёды нешта дасьледую, дасьледаваньне заўсёды дапаўняе творчую працу. І я строга прытрымліваюся гэтай завядзёнкі. На працягу тыдня я працую над кнігай, якую ў дадзены момант пішу, а выходныя дні прысьвячаю артыкулам, бо пару разоў на месяц я пішу артыкулы для пэрыёдыкі.

Сапата: З чаго ты пачынаеш, калі нешта пішаш?

Льёса: Звычайна зыходным пунктам бывае ўспамін. Я думаю, што ўсе гісторыі, якія я напісаў, нараджаліся заўсёды як вынік нейкага перажываньня, якое затрымалася ў памяці і ператварылася ў нейкі плённы вобраз, вакол якога можна нешта сабе ўявіць. Гэта амаль заўсёды было зыходным пунктам ва ўсім, што я напісаў.

Я таксама ўжываю пэўную схему, практычна ад самага першага апавяданьня: я раблю шмат нататак, запісваю іх на картках, складаю розныя пляны, перш чым пачынаць пісаць. Каб я мог пачаць нешта пісаць, мне як мінімум патрэбная нейкая структура майго апавяданьня, хоць бы ў самых агульных рысах. І тады я магу пачынаць. Спачатку я рыхтую накід, і гэта патрабуе ад мяне найбольш намаганьняў. Як толькі накід гатовы, праца робіцца значна больш прыемная, і тады ўжо я пішу больш упэўнена і свабодна, бо ведаю, што гісторыя ўжо ёсьць. Гэта заўсёды было нязьменным ва ўсім, што я пісаў: правесьці дасьледаваньне, каб азнаёміцца з тэмай, сытуацыяй, эпохай, у якой адбываецца мая гісторыя.

Сапата: А калі ты скончыш раман і ён пабачыць сьвет – ці ты яго калі перачытваеш? Ну, каб знайсьці недахопы, ці што...

Льёса: Не. Апошні раз я чытаю свае творы ў карэктурах, а пасьля – не, стараюся не чытаць. Часам даводзіцца, калі я працую зь перакладчыкамі і нешта перачытваю, каб выправіць памылкі, але наагул мне не падабаецца вяртацца да напісанага і апублікаванага.

Сапата: Якія твае ўлюбёныя кнігі?

Льёса: Ну, напэўна гэта “Мадам Бавары”, іншыя кнігі Флябэра, я б выбраў “Жнівеньскае сьвятло”, мабыць, “Сьвятыня” Фолкнэра, “Мобі Дык” Мэлвіла, “Вайна і мір” Талстога, “Бляск і галеча куртызанак” Бальзака, “Уліс” Джойса, “Дон Кіхот” Сэрвантэса, а таксама “Тырант Белы”, які быў для мяне вельмі важным, бо ён даў мне ўяўленьне пра раман як пра цэласьць, цэлы сьвет у сабе, ну, я б мог пералічыць сотні кніг...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG