Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйская пракуратура працягвае расьсьледаваць справу сябра Лукашэнкі


Леа Вальнэр
Леа Вальнэр
Аўстрыйская пракуратура працягвае расьсьледаваць справу "тайных фондаў" Нацыянальнага алімпійскага камітэту і яго нядаўняга кіраўніцтва. Калі фінансавыя махінацыі ўдасца давесьці, то аднаму з галоўных падазраваных — экс-кіраўніку НАК і дырэктару Casinos Austria Леа Вальнэру — могуць пагражаць 10 гадоў зьняволеньня.

Колішняму алімпійскаму босу інкрымінуецца стварэньне сакрэтнага рахунку НАК, зь якога, у прыватнасьці, аплачваліся тырольскія вакацыі беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і ягонай сьвіты ў 2002 годзе, а таксама рабіліся іншыя незаконныя грашовыя апэрацыі. Грашовыя сумы, аб незаконным прысваеньні якіх ідзе гаворка, вымяраюцца мільёнамі.

У сваім апошнім нумары венскае выданьне Кurier друкуе стэнаграму допыту былога алімпійскага боса, дзе той імкнецца перакласьці адказнасьць на тое "балота" ў справах НАК, якое існавала ад пачатку 2000-х гг. Сам жа Вальнэр "нічога ня бачыў, нічога ня чуў, нічога ня ведаў"

Як піша выданьне, у гэтыя дні Леа Вальнэр, на жаль, недасягальны для журналістаў. Гэта не дазволіла апошнім праясьніць некаторыя моманты карупцыйнай гісторыі НАК. У тым ліку і тыя, якія тычацца "раскошнай паездкі ў Альпы беларускага дыктатара Лукашэнкі (2002)".

Увесну і на пачатку лета гэтага году Кurier ды іншыя аўстрыйскія СМІ шмат пісалі пра тое, што гэты адпачынак Лукашэнкі і ягонай вялікай каманды аплачваўся з таемнага рахунку Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аўстрыі. Усяго на тырольскія канікулы вялікай беларускай сям’і з чорнай касы было выдаткавана сама менш 200 тысяч эўра. Гэта кошт чартэрнага рэйсу, пражываньне ў гатэлі, карыстаньне алькагольнымі напоямі ў гатэльных барах, выдаткі на розныя забаўляльныя мерапрыемствы (сярод іх — выступ папулярнага аўстрыйскага выканаўцы DJ Otzi), аплату некаторых мэдычных паслуг для беларускага кіраўніка, экскурсійныя туры, урокі ў інструктараў горналыжнага спорту і г.д.

Як пісалі аўстрыйскія выданьні, у Casinos Austria, хутчэй за ўсё, разьлічвалі на станоўчы эфэкт ад такога візыту. Улічваючы, што казіно, паводле сьцьвярджэньняў аўстрыйскага боку, неаднойчы наведвалі як сам беларускі лідэр, так і прадстаўнікі яго сьвіты, некаторыя набліжаныя Вальнэра заяўлялі: "Калі Беларусь захоча адкрыць казіно, у нас будзе перавага". Паведамлялася таксама, што ў тым жа 2002 годзе Менск наведаў сам Вальнэр. Паводле афіцыйных зьвестак, на ягонай сустрэчы з Лукашэнкам абмяркоўваліся пытаньні выпуску ў Беларусі спартыўнага інвэнтару і будаўніцтва невялікіх горналыжных пунктаў".

У прэсе таксама выказваліся меркаваньні, што актыўнасьць аўстрыйскіх бізнэсоўцаў у Беларусі магла быць нейкім чынам зьвязаная з той паездкай Лукашэнкі.

Мяркуючы па ўсім, імя беларускага лідэра яшчэ неаднойчы зьявіцца ў аўстрыйскіх СМІ ў сувязі са скандалам вакол яго сябра Леа Вальнэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG