Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

БЕЗ АПАДКАЎ…


Уначы з замаразкамі, удзень 6 – 12 °С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Выступ сьпявачкі Тацяны Беланогай з праграмаю “Я веру ў любоў” (Нясьвіж, Цэнтральная раённая бібліятэка (вул. Беларуская, 5), 14.00).

Прэзэнтацыя выставы “Біблія – кніга на ўсе часы” (Менск, Цэнтральная навуковая бібліятэка (вул. Сурганава, 15), 15.00).

Прэзэнтацыя кнігі выбранай гістарычнай прозы Ўладзімера Арлова “Ля Дзікага Поля” (Берасьце, вул. Крыштальная, 26, 19.00).

Адкрыцьцё Дзён нямецкага кіно (Менск, кінатэатар “Перамога”, 19.00).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Стакгольме назавуць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

У Вашынгтоне пачнецца восеньская сэсія Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку.

На грэцкім востраве Родас – адкрыцьцё штогадовага ўсясьветнага грамадзкага форуму “Дыялёг цывілізацыяў”.

У Бэрліне адкрыецца Міжнародная выстава сучаснага мастцтва “Art Forum Berlin 2010”.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Міжнародны дзень дзеяньняў прафсаюзаў “За годную працу!”


ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1788 годзе нарадзіўся мовазнаўца Іван Насовіч. Ён прыйшоў на сьвет у вёсцы Гразівец цяперашняга Чавускага раёну. Перад напалеонаўскім нашэсьцем скончыў Магілёўскую духоўную сэмінарыю, а пасьля вайны працаваў у духоўных і дваранскіх вучэльнях па ўсёй Беларусі, адначасова зьбіраючы прыклады жывое беларускае мовы, якія потым складуць “Слоўнік беларускае мовы”. Апроч гэтага слоўніка, Насовіч выдаў зборнікі народных песень, прыказак і загадак.

У 1849 памёр амэрыканскі пісьменьнік Эдгар Алан По. Яго называюць пачынальнікам дэтэктыўнага жанру, ягоныя жахлівыя апавяданьні пра студню і ківач, залатога жука ці забойства на вуліцы Морг дагэтуль ледзяняць сэрца. По пражыў вельмі цяжкае нэрвовае жыцьцё, шмат пакутаваў і быў прычынаю пакутаў для свайго атачэньня. Апроч дэтэктыўных апавяданьняў, Эдгар По пакінуў у творчым даробку вершы – абсалютна незвычайныя і, магчыма, яшчэ больш жахлівыя і жаласныя, чым ягоная проза.

У 1897 годзе ў Вільні быў створаны “Бунд” – агульны габрэйскі рабочы зьвяз у Літве, Польшчы і Расеі. “Бунд” быў пралетарскай і адначасова нацыянальнай габрэйскай арганізацыяй. Ужо праз паўгоду пасьля яго стварэньня ў Менску пры судзеяньні “Бунду” пройдзе першы зьезд РСДРП, у склад якой “Бунд” увойдзе аўтаномнай часткай.

У 1932 годзе нарадзіўся празаік Іван Пташнікаў. Сярод найбольш вядомых твораў майстра – апавяданьні “Львы”, “Арчыбал”, “Пагоня”, аповесьці “Лонва”, “Тартак”, “Найдорф”, раманы “Мсьціжы” і “Алімпіяда”.

У 2002 годзе камітэт па адукацыі, навуцы і культуры Сойму Літвы прыняў пастанову аб аднаўленьні ў Вільні дзейнасьці Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча.


МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Незалежныя прафсаюзы патрабуюць адмяніць кантракты”

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


“Я глыбока ўпэўнены, што супярэчнасьць належыць да найпрасьцейшых сілаў падахвочваньня ў чалавечым сэрцы – да неадымных першатворных здольнасьцяў ці адчуваньняў, якія вызначаюць прыроду Чалавека. Хто сотню разоў не адчуваў, што робіць подлы або дурны ўчынак з тае толькі прычыны, што гэтага нельга рабіць? Ці ж мы, насуперак здароваму сэнсу, не зазнаем вечнае спакусы парушыць Закон выключна таму, што гэта забаронена?” –
Эдгар По, “Чорны кот”.
XS
SM
MD
LG