Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін фігурант справы аб падпалах выйшаў на волю


Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна

Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна

6 кастрычніка зь менскага ізалятара на Акрэсьціна вызвалілі актывіста праваабарончага руху Барыса Ашчэпкава, які адбыў 6 сутак паводле спраў аб падпалах.

Першага кастрычніка а 7-й раніцы да Барыса Ашчэпкава ў хату пазванілі супрацоўнікі міліцыі з гарадзкой управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. Барыс Ашчэпкаў дзьвярэй не адчыніў, але празь некалькі хвілінаў іх проста ўзламалі.

Пасьля вобшуку маладога чалавека адвезьлі ў міліцыю да сьледчых. Там Барыс даведаўся, што падазраецца ва ўдзеле ў акцыі каля Генштабу, якая прайшла год таму ў Менску — на тэрыторыю каля вайсковага будынка невядомыя кінулі дымавую шашку і выкрыквалі лёзунгі супроць беларуска-расейскіх манэўраў.

Барыс свой удзел у гэтай акцыі адмовіў, але на волю яго не выпусьцілі. Праз тры дні маладому чалавеку паведамілі, што ён падазраецца ва ўчыненым на пачатку верасьня нападзе на ізалятар, што на вуліцы Акрэсьціна, і затрымалі яшчэ на 3 дні.

Чаму менавіта на яго зьвярнулі ўвагу міліцыянты?

Ашчэпкаў: «Раней я актыўна кантактаваў з бацькамі хлопцаў, якіх раней затрымлівалі. Дапамагаў ім шукаць адвакатаў, кантактаваў з БХК і „Вясной“. Відаць, яны вырашылі прайсьці па ўсіх кантактах, па ўсіх, хто неяк быў уцягнуты».

Карэспандэнт: «Якое ў вас уражаньне, наколькі кампэтэнтна вядзецца сьледзтва?»

Ашчэпкаў: «Калі будуць кожнага, хто неяк ведаў тых затрыманых ці іх бацькоў, затрымліваць, то, па-першае, сьледзтва неверагодна зацягнецца, а па-другое, пацерпіць вялікая колькасьць невінаватых людзей. Іх ужо зараз шмат. На допытах і за кратамі пабывалі больш за 20 чалавек».
Убопаўцы вялі сябе як мярзотнікі. Нават адмаўляліся пускаць у прыбіральню.


Барыс Ашчэпкаў быў за кратамі 6 дзён. Малады чалавек кажа, што тыя некалькі допытаў, якія зь ім прайшлі, можна было правесьці і не ва ўмовах ізаляцыі. Ашчэпкаву адразу заявілі, што доказаў ягонай віны нібыта дастаткова, але пэўна нічога гэтак і не назвалі. Як зь ім абыходзіліся сьледчыя?

«Убопаўцы вялі сябе як мярзотнікі. Нават адмаўляліся пускаць у прыбіральню, што можна лічыць пэўным катаваньнем. Да тых часоў не пускалі, пакуль я не пачаў зь імі мінімальна размаўляць. Нават казалі, што калі што, могуць перакваліфікаваць артыкул на тэрарызм, а там зусім іншыя тэрміны — ад 10 гадоў да 25. Запалохвалі. А сьледчыя, як з Цэнтральнага РАУС, гэтак і з Маскоўскага, паводзілі сябе нармальна. Да іх у мяне заўваг няма».

Барыс Ашчэпкаў застаецца ў статусе падазронага. Ён падпісаў абавязаньне прыходзіць да сьледчых, як толькі яго паклічуць. Аднак сам актывіст мяркуе, што ў гэтай справы пэўных юрыдычных пэрспэктываў няма.

Паводле спраў аб падпалах і нападах на будынкі затрымлівалі некалькі дзясяткаў чалавек, у асноўным актывістаў анархічнага руху, эколягаў, якія пратэстуюць супроць будаўніцтва атамнай станцыі, актывіста «Правага альянсу». Больш за месяц застаюцца затрыманымі прынамсі двое — Аляксандар Францкевіч, якога абвінавачваюць у нападзе на ізалятар у Салігорску, і Мікалай Дзядок, якога падазраюць у рабаваньні мінакоў. Вядома, што вінаватымі яны сябе не прызнаюць.
XS
SM
MD
LG