Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Тое, што сёньня не талённая сыстэма, заслуга не Лукашэнкі”


Слухачы задаюць пытаньні патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта, а таксама працягваюць абмяркоўваць крытычныя выказваньні расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Наш слухач задае пытаньне патэнцыйнаму кандыдату на пасаду прэзыдэнта Яраславу Раманчуку:

«У нашай краіне магчыма ўсё, але ж першую аксіёму эканомікі яшчэ ніхто не адмяняў. Заробкі гадавыя, пэнсіі, дапамога ня могуць перавышаць унутраны валавы прадукт у рублёвым эквіваленце ці ў даляравым.

Сярэдні заробак на год у працуючага грамадзяніна складзе прыкладна каля 6 000 даляраў. Я бяру па-простаму 6 000 даляраў на 5 мільёнаў працуючых. Патрэбна 30 мільярдаў даляраў толькі на заробак. Калі сюды дадаць пэнсіі, дапамогі, то атрымаецца такая сума, якая перавышае валавы ўнутраны прадукт. Прабачце, а за што тады жыць?».


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук адказвае слухачу:

«У нас 6 000 далёка ня кожны зарабляе. А калі будзе зарабляць, то валавы прадукт у нашай краіне будзе ня так, як сёньня 49 мільярдаў, а 125.

Калі людзі будуць больш зарабляць, то ў краіне будзе больш грошай, бо ў абарот будзе ўключана й зямля, і 53% той эканомікі, якая сёньня ў ценю, калі ў нас будзе прыватная ўласнасьць на зямлю, калі падаткі будуць такія, што капітал зь іншых краінаў сьцячэцца да нас.

Дэмакратыя, палітычная свабода і эканамічная свабода — вось тры чыньнікі. І Беларусь будзе заможнай, і кожны будзе зарабляць ня толькі 600, а тысячу даляраў».

Наша слухачка пасьля таго, як праслухала эфір, патэлефанавала на «Свабоду»:

«Я сёньня слухала, як дзьве жанчыны гутараць: „Ой, вядома, за Лукашэнку. Было дрэнна, а ён навёў парадкі. Цяпер лепей жыць“. Яны не разумеюць таго, што ўсё было вывезена… Зь Беларусі мяса вывозілі пад Смаленск і там закопвалі пры савецкай уладзе.

Тут перастройка пачалася, езьдзілі ў Літву па прадукты, уся Ўкраіна і ўся Беларусь. Яны гэтага не разумеюць?! Страшна, што рабілася. Гэта не Лукашэнка зрабіў, а Эўропа дапамагла, кантраляваць сталі.

А ён яшчэ й па-расейску гаворыць. Трэба, каб быў дэмакратычны кандыдат і размаўляў па-беларуску».


Сяргей Калякін
Званок камэнтуе палітык Сяргей Калякін:

«Такі быў час. У пэрыяд распаду гэта адбывалася ва ўсіх рэспубліках. Сёньня гэтага няма нідзе — ні там, дзе ёсьць Лукашэнка, ні там, дзе яго няма. Таму я б не прыпісваў яму нейкія заслугі ў тым, што сёньня мы ня маем талённай сыстэмы і г.д. Гэта вынік іншых працэсаў.

Па-другое, мы лічым, што ў нас парадак — гэта турма. Дык лепш быць там, дзе не зусім парадак, але знаходзіцца на свабодзе».

Слухачы выказваюцца наконт кандыдатуры таго ці іншага патэнцыйнага прэтэндэнта на прэзыдэнта.

«Пераслухваў нядаўна „Начную чытанку“ Някляева. Вось такая цытата: „Наўрад ці ў Беларусі будзе хоць калі-небудзь такая ўлада, якая б палюбіла Беларусь. Любіць Беларусь наканавана тым, хто ня любіць уладу“.

Беларусі, я лічу, лепш мець Някляева-паэта, чым Някляева-прэзыдэнта».


Слухачы абмяркоўваюць выказваньні расейскага прэзыдэнта ў бок Аляксандра Лукашэнкі. Калі ў дзень выступу Дзьмітрыя Мядзьведзева большасьць слухачоў віталі крытыку беларускага кіраўніцтва ў цэлым, то сёньня слухачы больш дэталёва аналізуюць некаторыя аспэкты прамовы:

«Вось Мядзьведзеў сказаў, што ў Расеі няма ворагаў. А адкуль тады тэрарысты? Адкуль яны?! Атрымліваецца, што Крэмль усё аплачвае? І тое, што было ў Беслане, гэта зьдзейсьнена з дазволу Пуціна? Значыць, Пуцін і Мядзьведзеў і ёсьць міжнародныя злачынцы».

А вось яшчэ адно меркаваньне:

«Дзьмітрый Анатольевіч казаў, што падтрымка за бязмытны газ і нафту складае каля 2 мільярдаў даляраў. Я лічу па-простаму. Вось у нас 6 мільёнаў тон збожжа. Чырвоны кошт яму 1, 2 мільярды даляраў. Ну, й Лукашэнка казаў, што, калі будзе мільён тон бульбы здаваць у Расею, то будзе 300 мільёнаў даляраў. Дык вось на 2 мільярды трэба 7 мільёнаў тон бульбы загнаць. Гэта 200 эшалёнаў. Вось якая падтрымка. Фактычна ўвесь наш ураджай».
XS
SM
MD
LG