Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крэмль і Лукашэнка сварацца: чакаем павышэньня цэнаў”


«Ці хвалюе вас вайна паміж Крамлём і Менскам? Чаму?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: «Вайна паміж Крамлём і Менскам? Гэта ўсіх закранае. Гэта ўсё адаб’ецца на простым народзе: чакаем павышэньня цэнаў».

Спадар: «Хвалюе. Трывожна на душы. Я стары ўжо, але ёсьць дзеці, унукі».

Спадарыня: «Камусьці выгадная гэтая спрэчка, і яны капаюць ураду, Мядзьведзеву, Лукашэнку — і яны лаюцца між сабой».

Спадар: «Вайна ня тое каб хвалюе, але не зьвяртаць на сябе ўвагі ня можа. Гэта штосьці неверагоднае — кардынальная зьмена стасункаў між Менскам і Крамлём. Беларускаму дыктатару гэта выгадна, каб зваліць унутраныя й зьнешнія праблемы на ворагаў, якіх ён знайшоў у Расеі».

Спадар: «Гэтая грызьня нікому на карысьць не ідзе — ні Беларусі, ні Расеі. Палітыка — справа брудная. Заўсёды хтосьці хоча дамагчыся перамогі над кімсьці».

Спадарыня: «Застанемся мы, беларусы, нікому не патрэбнымі. Расейцы захопяць усё — і будзе адзін прэзыдэнт».

Спадар: «Вядома, што Расея валодае ўсякімі эканамічнымі й паліўнымі рычагамі супраць Беларусі. Выставіць кошт на газ — 250 даляраў. І ня факт, што з-за гэтага не падаражэюць камунальныя паслугі. Гэта яшчэ лішні мінус у капейку звычайнага грамадзяніна. Думаю, што гэта выгадна самому Аляксандру Рыгоравічу. Ён заўсёды можа сказаць, што ён такі бедны й няшчасны».

Спадарыня: «Каса на камень нойдзе — і цэны на газ вырастуць. Тут і сумнявацца не выпадае. А што пакутуе? Крайнім будзе просты народ. Тыя пакутаваць ня будуць, а мы — будзем».

Спадар: «Я гляджу, што ўвесь час мы чамусьці шукаем ворагаў. То ў нас адны суседзі — ворагі, то іншыя. Трэба з суседзямі жыць дружна. Нельга было такіх крымінальнікаў, як Бакіеў, прымаць тут. Я думаю, што новы прэзыдэнт павернецца да Расеі».

Спадар: «Вельмі хвалюе, бо Расея, як ні круці, мусіць быць нашым стратэгічным партнэрам. Гэта — рэсурсы, нафта, газ. На гэтай вайне можна стварыць такую ілюзію, што вакол нас ворагі і патрэбна, каб улада была моцная. І да яе нікога ня трэба падпускаць, каб не забралі краіну ў склад той жа Расеі. Гэта выгадна Лукашэнку».
XS
SM
MD
LG