Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Збор подпісаў палітызуе рэгіёны


Апазыцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта актывізуюць працу сваіх ініцыятыўных груп у рэгіёнах. Сёньня ўдзельнік выбарчай гонкі ад АГП Яраслаў Раманчук зьбіраў за сябе подпісы ў Смалявічах, Барысаве і Жодзіне.




Глядзець фотагалерэю ва ўвесь экран.

Раманчук
: «Я кандыдат на прэзыдэнта Яраслаў Раманчук, мы прыехалі да вас атрымаць вашу падтрымку. Я эканаміст. Калі вы згодныя, можаце падпісацца».

Выбаршчык: «А Рыгоравіч колькі ўжо ў нас?»

«Ужо 16 гадоў, колькі ўжо можна Рыгоравічу?..»

У параўнаньні з больш разьняволенымі жыхарамі Менску выбаршчыкі ў райцэнтрах насьцярожаныя, недаверлівыя. Шмат хто хаваецца ад фотакамэры, ня хоча гутарыць з журналістамі, кажа, што шанцаў нешта зьмяніць у краіне няма. Як гэтыя спадарыні са Смалявіч:

Спадарыня: «А якая розьніца? Мы ж ня ведаем, якім іншы прэзыдэнт будзе і што будзе… Баяцца ўсе ў нас».

Іншая спадарыня: «У мяне працаваў муж у выканкаме, таму я ведаю, як усё гэта робіцца… Таму бескарысна галасаваць. Усё роўна Лукашэнка будзе і надалей».
У мяне працаваў муж у выканкаме, таму я ведаю, як усё гэта робіцца… Таму бескарысна галасаваць.


Смалявіцкі актывіст, сябра БХК Генадзь Мікалаеў кажа, што арганізаванай апазыцыі ў ягоным горадзе амаль не засталося:

«Хто ведае, чаму тут людзі запалоханыя… Я вось зьбіраў у раённую камісію, я йду назіральнікам, па 27 гадоў ведаў людзей, дэмакраты, апазыцыянэры… Прыходзіш — кажа: «Прабач, баюся, буду ісьці праз балота — застрэляць, закапаюць». Я адказваю: «Ну, у цябе ў мазгах сядзіць куля з 37-га году».

За гадзіну размоў з гандлярамі на Смалявіцкім рынку Яраславу Раманчуку і сябрам ягонай ініцыятыўнай групы ўсё ж удалося растапіць сэрцы недаверлівых. Тыя самі за яго падпісаліся і загітавалі іншых.

Спадарыня: «Але калі вы не пераможаце — усё… І калі толькі нас ня прымеце на прыём…»

Раманчук: «Мы зробім усё, каб перамагчы».

Яраслаў Раманчук перакананы, што зь людзьмі ў правінцыі трэба размаўляць, пераконваць. Яны, як і менчукі, стаміліся ад цяперашніх парадкаў:

«Калі б толькі дэмакратычныя сілы правялі такую кампанію цягам 2-3 месяцаў, то сытуацыя кардынальна памянялася б. Думаю, што варта зрабіць такое народнае „сарафаннае радыё“, калі людзі адзін аднаму будуць казаць, што ёсьць такі чалавек, ёсьць кандыдат і ёсьць надзея».

У Барысаве Яраслаў Раманчук зьбіраў подпісы ў канкурэнцыі зь сябрамі ініцыятыўных груп Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Някляева. Да стэнду з партрэтам дзейнага кіраўніка мала хто падыходзіў, тым часам як у апазыцыянэраў сабраўся натоўп.

Старшыня барысаўскай раённай арганізацыі аб’яднаньня «Белая Русь» Натальля Мяркулава прызнала, што за Лукашэнку людзі неахвотна падпісваюцца:

«Людзі цікавяцца і падпісваюцца, але тут пакуль не. Тут мала. Мы толькі селі».

Да прыезду Раманчука ўнівэрмаг «Веста», ля якога праходзіў збор подпісаў, зачынілі х тэхнічных прычын — зьнікла электрычнасьць. І патэнцыйныя пакупнікі пайшлі да апазыцыянэраў. Людзі распытвалі Раманчука пра ягоныя погляды і казалі пра свае клопаты. Жанчына, якая мае штомесячны даход 240 тысяч і гадуе на гэтыя грошы двух дзяцей, сказала:

Спадарыня: «У нас адна праблема: маленькі заробак і вельмі высокія цэны».

Раманчук: «Калі працоўныя месцы даюць толькі дзяржаўныя прадпрыемствы, а прадпрымальнікаў душаць, то адкуль будуць вялікія заробкі? Як толькі сюды прыйдуць добрыя прадпрымальнікі, цывілізаваны бізнэс, які будзе экспартаваць шмат у Расею, Украіну і на Захад, то заробкі ў вас будуць вышэйшыя. Я памятаю, мая мама макароны з грэчкай у Польшчу перадавала. А цяпер у палякаў паўтары тысячы эўра заробак. А ў нас — 250».
Рамачук: Я думаю, што пасьля рэгістрацыі мы сядзем за стол і зробім адну справу, якую патрабуюць людзі, — выйсьці на адзінага кандыдата.

Што ж да будучых выбараў, то жыхары Барысава выказвалі розныя думкі:

Спадарыня: «Безумоўна, трэба даваць шанец іншым. У любым выпадку патрэбныя перамены. Калі мы не дамо шанца нармальным разумным людзям зрабіць нешта новае, то нічога ня будзе».

Пэнсіянэрка: «Я за Лукашэнку, паважаю яго за тое, што ён стаіць за стабільнасьць, за пэнсіянэраў, не разбазарыў пакуль Беларусь. Іншым ня веру, бо могуць разбазарыць».

Марына Статкевіч, прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» ў Барысаве, адмыслова прыйшла да ўнівэрмагу «Веста», каб падпісацца за апазыцыйных кандыдатаў:

«Я вырашыла абавязкова аддаць свой подпіс Раманчуку, Саньнікаву і Някляеву, усім тром. Надзея ёсьць. Было б лепей, каб яны аб’ядналі свае намаганьні. Шкада, што гэтага не атрымалася раней, каб не было распыленьня сіл. А так я думаю, што хто зьбярэ больш подпісаў, той, напэўна, і стане нашым адзіным кандыдатам».

Падводзячы вынікі сваёй працы ва ўмовах канкурэнцыі ў Барысаве, Яраслаў Раманчук прызнаўся:

«Канкурэнцыі, па сутнасьці, няма, таму, што спадар Лукашэнка на пікетах не існуе. Калі па пікетах меркаваць, то ён атрымаў бы 10 працэнтаў галасоў і сышоў бы ў гісторыю як першы прэзыдэнт і ня больш за тое. Што да іншых маіх сяброў па дэмакратычным лягеры, то мы робім адно. Таму я думаю, што пасьля рэгістрацыі мы сядзем за стол і зробім адну справу, якую патрабуюць людзі, — выйсьці на адзінага кандыдата».

XS
SM
MD
LG