Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як два тыдні Пятро Баравік знаходзіцца ў Лепельскім псыхіятрычным шпіталі. 50-гадовы жыхар Новалукомлю трапіў у «псыхушку» неўзабаве пасьля таго, як пагадзіўся зьбіраць подпісы за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнцкую пасаду Мікалая Статкевіча і Уладзімера Някляева.

Пра гэта распавёў Аляксей Гаўруцікаў, каардынатар ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча ў Віцебскай вобласьці, які 20 верасьня накіраваў заказным лістом дакумэнты на фармаваньне ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча і Уладзімера Някляева актывісту Пятру Баравіку:

— Калі ён атрымаў капэрту, то патэлефанаваў і сказаў: тут мусіў быць дакумэнт, каб зьбіраць подпісы за Някляева, а гэтага блянку няма. І капэрта прыйшла расьпячатаная. Раптам гэта падкопы спэцслужбаў? І першае, што ён прыдумаў — гэта зьвярнуцца ў міліцыю, каб праверыць капэрту на ўтрыманьне радыяцыі.

Жонка актывіста, Антаніна Баравік, кажа, што муж так няўдала пажартаваў — бо быў знэрваваны праз гэты прыкры выпадак. Пятро Баравік — інвалід другой групы па псыхічным захворваньні і пэрыядычна праходзіць курсы лячэньня. Але на час падзеяў з расьпячатанай капэртай ён быў цалкам у адэкватным стане, сьцьвярджае жонка.

Тым ня менш пасьля тэлефанаваньня ў міліцыю па актывіста прыехала службовая машына, міліцыянты завезьлі яго да мясцовага лекара-псыхіятара і спадару Баравіку выпісалі накіраваньне на прымусовую тэрміновую дастаўку ў Лепельскі псыхіятрычны шпіталь.

Аднак актывіста туды не павезьлі — адпусьцілі дахаты. І толькі праз пэўны час па яго даслалі машыну, але ня «хуткую дапамогу» ці іншы мэдычны транспарт, а міліцэйскае аўто з канвоем.

Умяшаньне міліцыянтаў у гэтую справу віцебскі каардынатар Аляксей Гаўруцікаў лічыць незаконным:

Аляксей Гаўруцікаў
— Калі ён быў небясьпечны для грамадзтва, і яго трэба было тэрмінова ізаляваць, то чаму яго адпусьцілі? Хворага чалавека забралі б адразу, і ён бы не чакаў асобнай транспарціроўкі. Усё гэта — мясцовая «самадзейнасьць» супрацоўнікаў міліцыі, іхняе памкненьне выслужыцца. Я паўтару словы аднаго міліцыянта, які затрымліваў Пятра Пятровіча, што мы, маўляў, за Лукашэнку што заўгодна зробім. Галоўнае, такое нахабства, каб кантраляваць нават пошту — гэта ўвогуле!..

Дарэчы, расьпячатаную капэрту, дзе не было дакумэнтаў пра стварэньне ініцыятыўнай групы Уладзімера Някляева, атрымала і яшчэ адна жыхарка Новалукомлю, Ала Каралёва.

З тае нагоды, што заказныя лісты дайшлі да адрасатаў у пашкоджаным стане, Аляксей Гаўруцікаў напісаў скаргу на прадпрыемства «Віцебскаблпошта». Адказу пакуль няма. Затое з пракуратуры ўжо прыйшоў адказ на скаргу, дзе спадару Гаўруцікаву паведамілі, што «супрацоўнікі органаў унутраных справаў абавязаныя дапамагаць мэдычным работнікам», так што, маўляў, перавышэньня іхных паўнамоцтваў не было.

Паводле жонкі актывіста, Антаніны Баравік, днямі яго нібыта ўжо выпусьцяць са шпіталю. Аднак Аляксей Гаўруцікаў лічыць, што варта працягваць высьвятленьне акалічнасьцяў гэтага здарэньня:

— З улікам таго, што сытуацыя з палітычным адценьнем, мы будзем абскарджваць у Мінздраве дзеяньні псыхіятара, які пастанавіў, што чалавек нібыта небясьпечны, і разам з там адправіў яго дахаты. І яшчэ, што лекар у шпіталі, як нам перадаў Пятро Пятровіч, адкрытым тэкстам яму сказаў: «Калі не перастанеш займацца палітыкай, мы цябе тут гадоў 7 патрымаем, каб ты супакоіўся».

Сваякі і аднадумцы Пятра Баравіка кажуць, што псыхічнае захворваньне ніколі не было перашкодай для ягонай грамадзкай дзейнасьці: гэта ўжо ня першыя выбары, калі актывіст пасьпяхова зьбіраў подпісы за вылучэньне кандыдатаў.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG