Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найвялікшыя ворагі чалавека — нуда і гультайства


Belarus - Health section generic image (Leonardo)
Belarus - Health section generic image (Leonardo)
Як сьведчаць аўстралійскія мэдыкі, якія праводзілі спэцыяльныя дасьледаваньні на замову Каралеўскага лёнданскага каледжа лекараў (Royal College of Physicians of London), адсутнасьць працоўнай дзейнасьці нясе ў сабе небясьпеку для здароўя.

У людзей, якія не працуюць больш за шэсьць месяцаў, павышаецца рызыка ўзьнікненьня сардэчна-сасудзістых і рэсьпіраторных захворваньняў, і ў вялікай ступені — псыхічных адхіленьняў і суіцыдальных намераў.

Аўстралійскія мэдыкі: Рызыка самагубства сярод беспрацоўных вельмі высокая

Як вынікае з дасьледаваньняў аўстралійскіх мэдыкаў, рызыка самагубства ў такіх групах вельмі высокая. Бо людзі бяз пэўных заняткаў ужываюць значна болей алькагольных напояў, чым тыя, хто мае працу.

Аўстралійскія мэдыкі таксама сьцьвярджаюць, што адсутнасьць працы адбіваецца на здароўі гэтак жа сама, як выкурваньне дзесяці пачкаў цыгарэтаў штодня. Гэта найперш тычыцца маладых працаздольных мужчын, бо мужчыны больш арыентаваныя на сацыяльныя дасягненьні і кар'еру. Калі яны застаюцца бяз працы цягам шасьці і болей месяцаў, рызыка самагубства сярод іх узрастае на 40%.

Беларускія псыхолягі: Да 40% будучых пэнсіянэраў можа напаткаць дэпрэсія


Аналягічных думак прытрымліваюцца і беларускія псыхолягі. Як паказалі дасьледаваньні, праведзеныя сярод беларусаў перадпэнсійнага ўзросту, прыкладна 30—40% апытаных лічаць, што пасьля выхаду на пэнсію іх чакае дэпрэсія. Гэтая трывога зьвязаная з чаканьнем зьніжэньня або страты даходу, думкамі пра адсутнасьць працы і ўласнае здароўе.

У сваю чаргу, брытанскія мэдыкі зь лёнданскага Каралеўскага каледжу перакананыя: чалавек бяз пэўных заняткаў ці заняты нелюбімай прафэсіяй можа ў літаральным сэнсе памерці ад нуды. Зразумела, падкрэсьліваюць дасьледчыкі, такога заключэньня аб сьмерці не падпіша ніводзін лекар. Тым ня менш нуда і яе спадарожніца – незадаволенасьць жыцьцём – могуць выклікаць сьмяротна небясьпечныя захворваньні.

Брытанскія псыхолягі: Да групы рызыкі належаць тыя, хто вымушаны займацца нуднай працай.

Адмыслоўцам з Каралеўскага каледжу спатрэбілася прыкладна 25 гадоў, каб правесьці дасьледаваньне стану здароўя 7000 брытанскіх дзяржаўных чыноўнікаў.
Замест таго каб зацыклівацца на сабе, варта падумаць, што вы можаце зрабіць для сям'і, сяброў, калег, для боса, нарэшце.
За час, які прайшоў ад пачатку дасьледаваньня, некаторыя з назіраных людзей памерлі. Прыкладна ў паловы выявіліся сур’ёзныя праблемы зь фізычным ці псыхічным здароўем. Паводле брытанскіх навукоўцаў, шмат у чым гэтаму спрыялі шкодныя звычкі такія, як ужываньне алькаголю і тытуню — так нешчасьлівыя людзі часта спрабуюць запоўніць душэўную пустэчу.

Каб заўчасна не памерці ад нуды, псыхолягі раяць людзям, якія ўваходзяць у "групу рызыкі" (напрыклад, тым, хто вымушаны займацца сумнай, руціннай працай), напаўняць сваё жыцьцё разнастайнымі захапленьнямі, не зьвязанымі са шкоднымі звычкамі. Як перакананы брытанскі псыхоляг доктар Грэм Прайс, такія людзі павінны навучыцца пераключаць увагу зь сябе на іншых людзей:

"Замест таго, каб зацыклівацца на сабе, пацыентам варта падумаць, што яны могуць зрабіць для сям'і, сяброў, калег, для боса, нарэшце".

Цікава, што, паводле дасьледаваньня, жанчыны пакутуюць ад нуды больш і часьцей, чым мужчыны. Таксама нуда ўласьцівая больш маладым спэцыялістам ды абслуговаму пэрсаналу.

Швайцарскія псыхіятры: Недастатковая працоўная загрузка небясьпечная ня менш за празьмерную


Да высновы, што недастатковая загружанасьць працай робіцца для чалавечай псыхікі гэткай жа небясьпекай, як і празьмерная, яшчэ раней прыйшлі швайцарскія псыхіятры. Як сьцьвярджаюць спэцыялісты зь Цюрыху, магчымасьць працаваць толькі 2-3 гадзіны на дзень, а ў астатні час займацца на працоўным месцы асабістымі справамі — сядзець у інтэрнэце, кантактаваць зь сябрамі — здаецца прывабнай толькі напачатку. Затым гэта ператвараецца ў кашмар. Спрабуючы змагацца з нудой і бязьдзейнасьцю, працаўнікі пачынаюць самі прыдумляць сабе практычна бессэнсоўныя заняткі. У выніку шмат хто зь іх прыходзіць дадому з думкай: "Я стаміўся, але пры гэтым нічога не зрабіў". Такі самападман, абумоўлены спробамі апраўдаць уласную непатрэбнасьць і незапатрабаванасьць, згубна адбіваецца на псыхічным здароўі, лічаць цюрыхскія навукоўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG