Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Электарат у нашай вёсцы застаўся зусім нешматлікі, і той прапіты”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 06 кастрычніка 2010 году

Беларусь рыхтуецца да чацьвёртых у сваёй гісторыі прэзыдэнцкіх выбараў. Ці ёсьць гэтым разам шанцы на тое, што нязьменны кіраўнік дзяржавы пасьля 19-га сьнежня саступіць месца камусьці іншаму, што палітычны курс, ад якога многія за 16 год стаміліся, зьменіцца?

На гэту тэму — большасьць лістоў у той пошце, якую “Свабода” атрымала на працягу апошняга тыдня.

Наш слухач Алесь Раткевіч з Маладэчанскага раёну мае шмат прэтэнзіяў і да ўлады, і да апазыцыі. Да апазыцыі, аднак, у яго пытаньняў больш. Зьвяртаючыся да дэмакратычных лідэраў, ён піша:

"Ніяк не магу зразумець: чаго вы хочаце ад дзейнай улады, чаго дамагаецеся? Вы жадаеце лепшага жыцьця ўсім беларусам, ці вам патрэбны толькі пасады дзяржаўныя? Калі так, тады калі ласка, мы вас пасадамі забясьпечым на любы густ, нават і прэзыдэнцкай. Прыяжджайце да нас, да народа, пакажыцеся, хто вы такія і на што здольныя. Даведайцеся пра нашы патрэбы, паглядзіце, дзе і як мы жывем (больш правільным будзе сказаць — як выжываем), асабліва ў малых мястэчках і вёсках. Пахадзіце разам з намі па бюракратычных кабінэтах. Паназірайце чыноўніцкія грэблівасьць, зьнявагу, грубасьць на наш адрас. Падлічыце, колькі для нас каштуе бясплатная мэдыцына і адукацыя (нават у школе). Пракантралюйце разам з намі, колькі дадатковых гадзін на суткі, акрамя асноўнага часу, даводзіцца нам працаваць, каб зьвесьці канцы з канцамі. Растлумачце, чаму нашы сярэднія заробкі ў некалькі разоў меншыя за статыстычныя? Чаму вы наогул не цікавіцеся нашымі вясковымі ўмовамі жыцьця і культпобытам? Ці вядома вам, у якім стане знаходзяцца многія сельгаспадаркі (з сучаснымі і гучнымі назвамі "аграфірма")? Як, якія і для каго там будуюцца "аграгарадкі", і ці ёсьць у гэтым патрэба? Вось такіх ды іншых жыцьцёва значных пытаньняў у нас вельмі шмат, толькі адказаць нам на іх ніхто ня мае жаданьня — ні "вэртыкаль", ні вы, "апазыцыя". Першым пра ўсе гэтыя праблемы вядома, але яны нават самім сабе баяцца ў гэтым прызнацца. А вам, "паважаныя" "апазыцыянэры", хутчэй за ўсё, не да праблемаў вясковых: электарат тут застаўся зусім нешматлікі, і той прапіты.

У вашых перадвыбарчых праграмах адны лічбы ды абяцанкі. Падобнымі лічбамі і абяцанкамі мы "карыстаемся" ўжо на працягу амаль двух дзесяцігодзьдзяў.Вось як вывучыце праблемы народныя і пераканаўча зможаце гарантаваць зьмену жыцьця ў лепшы бок у беларускіх вёсках і мястэчках, тады можна будзе нешта падумаць аб зьмене ўлады. А ў адваротным выпадку мяняць "шыла на мыла" няма ніякага сэнсу. Хай лепш застаюцца пры ўладзе тыя, якія давялі да такога руйнаваньня. Няхай выкарыстоўваюць магчымасьць, каб рэабілітавацца. А калі не, то, як настане пэўны час, хоць будзе з каго спытаць за такую дзейнасьць і за шматмільярдныя пазыкі таксама. І такой думкі прытрымліваецца шмат людзей"
.

Лідэры апазыцыі, спадар Алесь, бываюць у рэгіёнах. Зазіраюць і ў вёскі, і ў мястэчкі. Паездкі гэтыя не такія і простыя для апазыцыйных палітыкаў, бо суправаджаюцца, як правіла, пільным кантролем з боку міліцыі і спэцслужбаў, забаронамі на арганізацыю сустрэч зь людзьмі ў клюбах ды іншых прыдатных для гэтага залях, а часам і затрыманьнямі, арыштамі, гвалтам. Колькі падобных інцыдэнтаў было на працягу апошніх гадоў падчас паездак Аляксандра Мілінкевіча, Уладзімера Някляева, а раней — Аляксандра Казуліна! Мы шмат разоў расказвалі пра гэта ў сваіх праграмах.

І незразумела, спадар Алесь, пра якія дзяржаўныя пасады для апазыцыянэраў у рэгіёнах Вы гаворыце, пра якія магчымасьці ўплываць на цяперашнюю сытуацыю на вёсцы? Дзе, у якой мясцовасьці, а галоўнае — хто з кіраўнікоў згодны прыняць апазыцыйнага актывіста на дзяржаўную службу, ды яшчэ і на кіроўную пасаду? Ужо шмат гадоў у Беларусі датычна апазыцыянэраў дзейнічае негалосная забарона на шэраг прафэсіяў — гэта агульнавядомы факт.

Папрокі ды нараканьні на адрас апазыцыйных лідэраў гучаць і ў лісьце Аляксея Мірановіча зь Менску. Разважаючы пра цяперашнюю перадвыбарчую сытуацыю, слухач піша:

“Гэтулькі апазыцыйных лідэраў раптам захацелі стаць прэзыдэнтамі. Яны што, усур’ёз разьлічваюць на тое, што ў іх ёсьць нейкія шанцы? Няўжо ім ніхто не падказаў: іхныя імёны для 95-ці працэнтаў насельніцтва нічога не гавораць. Як можна было ня сесьці за адзін стол і не дамовіцца пра адзінага кандыдата? Шанцаў нават і для таго адзінага ня надта шмат, але хаця б быў нейкі арыенцір для людзей, нейкі сымбаль супраціву. А так — усё паўтараецца…Будзе 19-га сьнежня тое ж, што было ў сакавіку 2006-га. Адно што на плошчы моладзь у калядныя маразы наўрад ці застанецца. Ды і дзеля каго?” .

Усё ж трэба быць аб’ектыўнымі, спадар Аляксей: спробы сесьці за круглы стол і дамовіцца пра адзінага кандыдата дэмакратычныя лідэры рабілі. Як вядома, беспасьпяхова. Што тут можна сказаць? Амбіцыйнасьць для палітычнага дзеяча — рыса, напэўна, натуральная і неабходная. Але амбіцыі гэтыя часам настолькі вялікія, што засланяюць сабой пачуцьцё рэальнасьці. Зрэшты, ня ўсё яшчэ страчана. Вынікі збору подпісаў і рэгістрацыі, відавочна, многіх зробяць больш памяркоўнымі і згаворлівымі.

У аглядзе пошты 1-га верасьня прагучаў ліст Мікалая Бусла зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, які адклікнуўся на разважаньні аналітыкаў “Свабоды” на тэму: "Што будзе, калі Расея не прызнае вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі". Слухач прапаноўваў (цытую) " дэпрэміяваць усіх удзельнікаў тае перадачы, а завадатараў, як здрадцаў і прадажнікаў, аддаць ва ўчэпістыя рукі ідэалягічнай вэртыкалі".

Пачуўшы мой папрок за гэту схільнасьць да жорсткіх адміністратыўных мераў датычна чужых думак, Мікалай Бусел у сваім новым лісьце на “Свабоду” піша:

"Так, я не паважаю думак, што падаюцца мне памылковымі. З гэтай цярплівасьцю да самых ідыёцкіх думак можна дайсьці да абсурду. І даходзяць.

Ёсьць правільныя меркаваньні, а ёсьць — памылковыя. Слухаць трэ ўсялякія, а пагаджацца — з правільнымі. Памылковым жа трэба пярэчыць. Іначай нам пагражае лягічны бэдлам.

Скажам, я магу папікнуць суразмоўцу (то бок Вас), што не паважаеце маёй думкі. І дойдзем мы да дыялёгу глухіх цецярукоў. Я беларус, а мы, беларусы, вельмі неталерантныя, упартыя казлы. Я добра ў гэтым пераканаўся за сваё жыцьцё. Ідэйка пра талерантнасьць — гэта расейская казачка для супакаеньня калёніяў.

Да выбараў мы ідзем з згуртаванымі і загартаванымі вечназялёнымі камісіямі, з фанатычна адданымі прэзыдэнту дубінагаловымі пэнсіянэрамі, з пакорлівым статкам клеймаваных кантрактамі працоўных і заняволеных студэнтаў, з вышкаленымі статкамі праўных цівуноў (бадай, па двое на кожную скрыню). Што ж Расея зробіць супраць такога адзінага парыву сэрца? Хіба што подлы падкоп.

Некалькі дзён таму чуў размову людзей сталага веку. Гэныя гуманоіды разважалі: "Мы павінны цалаваць такога прэзыдэнта". Мо і нам з Вамі, спадару Валянціне, паважыць іхную думку і прыкласьціся сасьмяглымі вуснамі да вольнага мейсца на высокаахоўным целе? От бачыце...

Што ж тычыцца майго патрабаваньня дэпрэміяваньня і адданьня ў рукі ідэалягічнай вэртыкалі хаўрусьнікаў тае пустой перадачы, то, вядома, гэта было іранічнае патрабаваньне. Я ж разумею, што гэта невыканальна.

Спадзяюся, што, шануючы маю думку, будуць зроблены аргвысновы"
.

Думаю, спадар Мікалай, Вы ня будзеце аспрэчваць, што людзям уласьціва памыляцца. Тое, што сёньня нам здаецца бездакорным, станоўчым і відавочным, здараецца, у выніку аказваецца памылковым і заганным. Зразумела, у прыватнай размове ці спрэчцы працэс высьвятленьня ісьціны набывае часам самыя эмацыйныя формы. Але мы, як сродак масавай інфармацыі, трымаемся абавязковага правіла: процілеглыя ці разнастайныя пункты гледжаньня па ўсіх праблемах павінны падавацца дакладна і ўзважана. Перадачы вядуцца ў спакойнай і стрыманай манэры. Любыя дыскусіі павінны праходзіць цывілізавана, з павагай да правоў кожнага чалавека, у адпаведнасьці з нормамі этыкі.

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста — Алесь Станкевіч з Горадні — спрабуе разабрацца ва ўзаемных беларускіх і расейскіх запазычанасьцях. Слухач піша:

"Вось мы часта слухаем беларускую “Свабоду”, чытаем апазыцыйныя газэты — і амаль нідзе не паведамляецца, якую выгаду мае Расея ад Беларусі. І гэта ў той час, як расейскія кіраўнікі і СМІ часта нагадваюць, што Расея за 15 год нібыта падаравала Беларусі розных датацыяў на 15 мільярдаў даляраў. А што атрымала ўзамен — пра гэта маўчаць. Хоць нават Зюганаў ня раз казаў, што Беларусь дае Расеі больш, чым атрымлівае ад яе.

А браць ад нас ёсьць што. Вось хоць бы транзыт па нашай тэрыторыі — трубаправодны, аўтамабільны, чыгуначны, паветраны. А колькі плаціць Беларусь за ўтрыманьне жылых гарадкоў, у якіх атабарыліся пасьля вываду зь Нямеччыны расейскія вайсковыя пэнсіянэры? Колькі грошай ідзе на выплату ім пэнсіяў?

А арэнда расейскіх вайсковых базаў, за якія Масква ня плаціць ні капейкі? А супрацьпаветраная абарона, за якую таксама амаль ня плацяць?

А кампэнсацыі за Чарнобыль, за выведзеныя зь Беларусі ядзерныя ракеты? Расея ня хоча плаціць.

Ва ўсім гэтым вінаваты Лукашэнка, бо не заключыў адпаведных дамоваў. Абмяжоўваўся вуснымі сакрэтнымі перамовамі, паводле якіх атрымліваў зьніжкі на нафту і газ. А беларускія тавары тым часам прадаваліся ў Расеі па заніжаных коштах"
.

Цяпер ужо, спадар Алесь, нават самыя ўніклівыя фінансісты наўрад ці здолеюць разабрацца, хто каму і колькі дакладна амаль за дваццаць гадоў няспыннай інтэграцыі і яднаньня завінаваціўся. Большасьць аналітыкаў, праўда, сыходзяцца на думцы, што праект пад умоўнай назвай "Абяцаньні ўзамен за танныя нафту і газ" з большай выгадай здолеў ажыцьцявіць Аляксандар Лукашэнка. Але цяпер праект гэты згорнуты, і падобна, што назаўсёды. Расея ў дачыненьнях зь Беларусьсю пераходзіць на прагматычныя рынкавыя прынцыпы. Так што, хто каго карміў і корміць, цяпер будзем ведаць дакладна.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG