Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэль 2010 па хіміі за палядыюмны каталізатар


Сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію па хіміі атрымалі Рычард Гек і Эй-Іці Нэгісі з ЗША ды Акіра Судзукі зь Японіі за досьледы арганічнага сынтэзу з палядыюмным каталізатарам.

Мэтад, які гэтыя хімікі выкарысталі ў сваіх досьледах, дазваляе ў лябараторных абставінах праводзіць складаныя хімічныя рэакцыі, якія адбываюцца ў жывых арганізмах.

Акіра Судзукі, Эй-іці Нэгісі і Рычард Гек

Лічачы зь сёлетняй, Нобэлеўскую прэмію па хіміі атрымалі 160 ляўрэатаў (62 прэміі далі аднаму ляўрэату, 22 прэміі двум ляўрэатам і 18 прэмій тром ляўрэатам).

Першую Нобэлеўскую прэмію па хіміі атрымаў у 1901 годзе нідэрляндзкі навуковец Якаб Гендрык Вант-Гоф за адкрыцьцё законаў хімічнай дынамікі і осмасу раствораў.

Адзін навуковец, брытанскі біяхімік Фрэдэрык Сэнгер (нар. 1918), атрымаў Нобэлеўскую прэмію двойчы – у 1958 самастойна за досьледы структуры інсуліну, а ў 1980 разам з двума іншымі навукоўцамі за досьледы структуры нуклеінавых кіслотаў.


"Шнобэлі" 2010 і 2009 па хіміі


У 2010 "шнобэля" па хіміі атрымалі тры навукоўцы, якія дасьледавалі выцяканьне нафты і газу з трубаў і кантэйнэраў у моры на глыбіні некалькіх сотняў мэтраў. Экспэрымэнты, якія маюць важныя наступствы для здабываньня вуглевадародаў у моры, ставіліся каля берагоў Гавайскіх астравоў і Нарвэгіі. Навукоўцы даказалі, што частка нафты, выпушчанай на згаданых глыбінях, мяшаецца з вадою і не выплывае на паверхню.

У 2009 "шнобелям" па хіміі былі ўганараваныя тры мэксыканскія дасьледнікі, якім удалося выдзеліць з айчыннай тэкілы тонкую дыямантавую стужку.
XS
SM
MD
LG