Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Гацура: мараторый на сьмяротнае пакараньне да выбараў не ўвядуць


Госьця "Начной Свабоды" – Тацяна Гацура, прадстаўніца Міжнароднай хэльсынскай асацыяцыі па правах чалавека, зарэгістраванай у Кіеве, удзельніца паседжаньня ПАРЭ ў чэрвені 2009 году ў пытаньнях мараторыю на сьмяротнае пакараньне для Беларусі.

Знаткевіч: Учора пачалася Канфэрэнцыя міжнародных няўрадавых арганізацый у Страсбуры – удзел у канфэрэнцыі з боку Беларусі, сярод іншых, бярэ старшыня Сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаньнях Мікалай Самасейка — кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня. Палітычны дарадца генэральнай дырэкцыі па дэмакратыі і палітычных пытаньнях Рады Эўропы Майкл Інглдоў заявіў, што статус спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ня можа быць адноўлены для Беларусі, пакуль тая не ўвядзе мараторый на сьмяротнае пакараньне. На вашу думку, ці могуць пайсьці беларускія улады на нейкія крокі у пытаньні сьмяротнага пакараньня – у прыватнасьці на мараторый – напярэдадні выбараў?

Гацура: Шмат хто прадказваў, што мараторый будзе ўведзены яшчэ год таму, увосень 2009 году. А гэта не было зроблена, хаця і прагназавалі. На маю думку, мараторый уведзены ня будзе, бо гэта ня тое пытаньне, якім можна завабіць выбаршчыкаў. Каб гэта было важна для грамадзтва – тады іншая справа. А для нашага народу гэта не такое актуальнае пытаньне. Магчыма, зрэшты, што мараторый увядуць пасьля выбараў – не для беларусаў, а для міжнароднай супольнасьці, каб паказаць, што ў нас адбываюцца нейкія дэмакратычныя перамены у часе чарговага тэрміну прэзыдэнта.

Знаткевіч:
Паводле сацыялягічных апытаньняў большасьць беларусаў выступае за сьмяротнае пакараньне. Ці ня ёсьць магчымы мараторый парушэньнем прынцыпаў дэмакратыі?

У Заходняй Эўропе таксама большасьць за сьмяротнае пакараньне. Калі там уводзілася забарона на сьмяротнае пакараньне, то гэта была ня воля большасьці, але палітычная воля
Гацура:
У Заходняй Эўропе таксама большасьць за сьмяротнае пакараньне. Калі там уводзілася забарона на сьмяротнае пакараньне, то гэта была ня воля большасьці, але палітычная воля. Нельга спрошчана ўспрымаць дэмакратыю, калі ўсё вырашае большасьць. Дэмакратыя – гэта калі рашэньні прымае большасьць з улікам інтарэсаў меншасьці. І таму ніякага парушэньня дэмакратыі ня будзе, калі большасьць – за сьмяротнае пакараньне, але ёсьць тая меншасьць, якая супраць яго... Наогул, як вядома, у краінах Эўропы, дзе сьмяротнага пакараньня няма, забойстваў, напрыклад, на душу насельніцтва здараецца менш, чым у нашай краіне, дзе за забойства могуць даць расстрэл.

Знаткевіч: А як бы вы адказалі на такі аргумэнт прыхільнікаў сьмяротнага пакараньня – сьмерці забойцам патрабуюць сваякі ахвяраў, іх дзеці, бацькі, жонкі? Як быць са справядлівай помстай катам твайго бліжняга?

Гацура: Складана казаць за усіх сваякоў ахвяраў, але я сустракалася з такімі сваякамі забітых, якія прабачалі забойцам. Людзям, якія прыводзяць такі аргумэнт, я б адказала, што павінна быць створана сыстэма дапамогі такім людзям, а грамадзкая думка павінна быць, усё ж, на баку гуманных каштоўнасьцяў. На адным з сэмінараў для дзяцей яго ўдзельнікі выказваліся і за і супраць сьмяротнага пакараньня. І вось там была дзяўчынка, якая выступала за сьмяротнае пакараньне. Яна казала прыкладна так: "Яны ж забілі, таму і іх трэба забіць". А калі яе спыталі: "Скажы, яны забілі чалавека, а ты хочаш іх забіць – у чым паміж вамі розьніца?" Гэта быў пераломны момант у той дыскусіі, бо дзяўчынка сапраўды задумалася, якая ж розьніца паміж гэтымі забойствамі людзей...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG