Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусі няма ў чарзе на рэпарацыю ад кайзэраўскай Нямеччыны?


У дзень 20-годзьдзя ўзьяднаньня Ўсходняй і Заходняй Нямеччыны афіцыйны Бэрлін абвясьціў пра завяршэньне выплаты рэпарацыяў па выніках І Усясьветнай вайны. Працэдура заняла больш за 90 гадоў, апошні транш у памеры 70 мільёнаў эўра быў выплачаны днямі — 3 кастрычніка. Большую частку сродкаў атрымалі Францыя і Бэльгія, істотна пацярпелыя падчас баявых дзеяньняў. Вядома, што значныя страты вайна прынесла і беларускім тэрыторыям, якія былі месцам высьвятленьня адносінаў кайзэраўскай Нямеччыны і Расейскай імпэрыі. Чаму Беларусь не прэтэндавала на кампэнсацыю?

Рэпарацыі былі накладзеныя на Нямеччыну ў 1919 годзе паводле ўмоваў Вэрсальскай мірнай дамовы, падпісанай краінамі-пераможцамі, уключна з ЗША, Францыяй, Вялікай Брытаніяй, Бэльгіяй. У адпаведнасьці з дакумэнтам, немцы былі абавязаныя вярнуць шэраг захопленых і парабаваных тэрыторый, а таксама выплаціць кампэнсацыю ў суме 269 мільёнаў залатых марак, што эквівалентна 100 тысячам тон золата. У 1920-я сума двойчы скарачалася і ў выніку склала 112 мільёнаў марак, а неўзабаве Гітлер, які прыйшоў да ўлады, увогуле спыніў усе выплаты. Яны былі зноў адноўленыя толькі пасьля заканчэньня ІІ Усясьветнай вайны.

Чаму ў пераліку няма згадваньня пра беларускія землі, якія сур’ёзна пацярпелі ў выніку супрацьстаяньня расейскіх і нямецкіх войскаў? Паводле адной з вэрсій, па Вэрсальскай дамове ў ліку атрымальнікаў рэпарацыяў была Расея, аднак у 1922 годзе Масква адмовілася ад грошай у абмен на прызнаньне правамоцнасьці нацыяналізацыі ўласнасьці Нямеччыны ў Расеі.

Анатоль Сідарэвіч
Гісторык Анатоль Сідарэвіч кажа, што інтарэсы тагачаснай Беларусі, якая была толькі арэнай бітвы, нікога, па вялікім рахунку, не цікавілі:

«Расея і немцы ў аднолькавай ступені вінаватыя перад беларусамі — здратавалі ўсю Беларусь, а ўрэшце ніхто ня хоча плаціць ніякіх рэпарацыяў. Што да Беларусі, то гэта дакладна. Я і ў Антона Луцкевіча вычытаў, што ён на адну дошку паставіў расейскі імпэрыялізм і кайзэраўскі. Іншая справа, што немцы заплацілі, бо абавязалі плаціць краіны, якія бралі ўдзел у кааліцыі, і якім Нямеччына нашкодзіла, — Францыя, Злучанае Каралеўства, Бэльгія, Люксэмбург, іншыя. Да таго ж, гэта заходняя краіна, якая выконвае тое, што вырашана ў законным парадку. А вось Расея ў Вэрсальскай канфэрэнцыі ня ўдзельнічала. То бок, тым краінам выплачана, а ў нас — бяз шанцаў. Хоць патапталіся тут дай Божа. Дайшлі аж да Полацку і Магілёва. Правы бераг Магілёва і левы бераг Полацку былі ў руках немцаў. Так што можна сказаць, што Беларусі не „абламалася“ нічога».

У Беларусі пра трагічныя падзеі І Усясьветнай вайны сьведчаць шматлікія абарончыя збудаваньні, якія засталася ў спадчыну і ад расейцаў, і ад немцаў. Прыкладам, Смаргоншчына літаральна ўсыпаная нямецкімі дотамі, многія зь якіх дагэтуль у выдатным стане. Дый Смаргонь гэтымі днямі адзначае 95 гадоў ад пачатку абароны гораду, які даўжэй за ўсіх у Эўропе супрацьстаяў нямецкім войскам. Ад 15 верасьня 1915 году і да лютага 1918 праз Смаргонь праходзіла лінія фронту. 810 дзён супрацьстаяньня фактычна зьнішчылі 16-тысячны горад, а жыхарам, якія не загінулі пад абстрэламі, было наканавана на доўгія гады стаць уцекачамі.

Уладзімер Лігута
Дасьледчык падзеяў І Усясьветнай вайны Ўладзімер Лігута кажа, што пасьля трыюмфальнага паходу па Эўропе нямецкая армія разьлічвала на «бліцкрыг», але напалеонаўскія пляны былі істотна адкарэктаваныя менавіта ў Смаргоні:

«Ня ведаю, наколькі гэта цікава, але калі я вывучаю гэту гісторыю, заўсёды кажу пра подзьвіг, пра гераізм, акурат пра такія рэчы. Ні прымірэньне ці штосьці іншае, а менавіта такая лінія вывучэньня. Дык вось, як сьведчаць архіўныя дадзеныя, толькі ў адным 272 палку (а атакавалі Смаргонь 12 палкоў), шэсьць афіцэраў сталі Георгіеўскімі кавалерамі за баі ў Смаргоні, зь іх два — пасьмяротна. Адзін камбат першы ішоў наперадзе, правёў батальён праз усю Смаргонь і дзесьці на беразе Віліі артылерыйскай батарэяй быў забіты насьмерць, недзе тут пахаваны. То бок, 15 верасьня ўзялі Смаргонь, да 20-га ўсіх немцаў выбілі. Потым невялікая, літаральна 5-дзённая паўза, бо ўжо ад 18-га на гэты рубеж ад Вільні арганізавана адыходзяць войскі, пакідаючы горад. Потым яшчэ 2,5 гады будзе так званая пазыцыйная вайна — ад возера Выганашчанскага, там дзе Агінскі канал, і сюды, на Браславы, праз усю Беларусь. Праўда, расейцы крыху не ўстаялі. Ня ставілася задача здаваць Баранавічы, Наваградак. Але здалі ўрэшце і гэтыя гарады, і Пінск. Не ўтрымалі, немцы выціснулі адтуль расейцаў. А вось Смаргонь утрымалі».

Пасьля дзесяці дзён упартых баёў, у выніку якіх горад канчаткова зруйнавалі, немцы былі спыненыя. Пачалася «пазыцыйная вайна», якая суправаджалася будаўніцтвам вялізнай колькасьці ўмацаваньняў як з аднаго, так і з другога боку. І калі расейцы «налягалі» на драўляныя бліндажы, якія амаль не захаваліся, то капітальныя бэтонныя доты немцаў дагэтуль уражваюць непрыступнымі сьценамі.

дна з сумна вядомых старонак вайны зьвязаная з «новым» словам у ваеннай стратэгіі — газавымі атакамі, якія выклікалі пакутлівую сьмерць. Многія ўспаміны сьведкаў пачынаюцца з апісаньня гораду: рэдкія ацалелыя будынкі — чорныя, але не ад пажараў, а ад узьдзеяньня газу. Немцы ўпершыню на Ўсходнім фронце ўжылі газ менавіта ля Смаргоні — 12 кастрычніка 1915 году. Пасьля гэтага, як кажа Ўладзімер Лігута, атакі сталі рэгулярнымі:

«Графіня Талстая, дачка Талстога, да канца вайны была ўжо палкоўнікам. Існаваў такі Земскі саюз, дапамога фронту, і вось яна ў гэтай сыстэме загадвала шпіталем у Залесьсі. Прычым, дастаткова доўга — прынамсі, да 1917 году, да развалу арміі. У расейцаў быў вялікі шпіталь ці то на 300, ці то на 500 койкаў. Вось як яна апісвае адну з атакаў летам 1916 году, калі яе выклікаў камандзір дывізіі і, як гэта было прынята ў дваранскім асяродзьдзі, не загадвае, а просіць: Аляксандра Львоўна, разгарніце шпіталь. Яна выконвае. Але меркавалася гэта для іншых мэтаў. Так супадае, што расейцы рыхтуюць наступленьне, аднак немцы за дзень да гэтага плянуюць магутную газавую атаку на 4-кілямэтровым фронце — ад вакзалу да цяперашняй ускраіны горада. Пускаюць дзьве хвалі газу. Рускія адбіваюць атаку, але палёг цэлы полк перакопскі, амаль усе загінулі, паўтысячы адразу задыхнуліся на месцы. Яна піша, што навокал — на зямлі, у траве, паўсюль забітыя. Усюды пена, чорныя целы вязуць на вазах. Яна з жахам згадвае, што толькі ў яе шпіталі пахавалі 1200 чалавек, якіх яна ніяк уратаваць не змагла — прывезьлі, а што можна зрабіць? Іх там і хавалі. Увогуле ў Залесьсі, па архіўных зьвестках, было чатыры вайсковых могільнікі».

Дарэчы, расейскі імпэратар Мікалай ІІ атрымаў вышэйшую ўзнагароду таго часу, ордэн Сьвятога Георгія, менавіта за зьяўленьне на лініі фронту. Каб атрымаць узнагароду, цар мусіў пабываць там, куды «далятаюць снарады». І яму зрабілі адмысловы страявы агляд у Залесьсі, за 10 кілямэтраў ад Смаргоні, якое рэгулярна абстрэльвалася цяжкай дальнабойнай нямецкай артылерыяй. У сакавіку 1916-га Мікалай ІІ прыехаў туды са сваім спадкаемцам царэвічам Аляксеем і правёў агляд, каб узьняць баявы дух войскаў. А ўжо на праваслаўны Вялікдзень «усклаў на сябе» ордэн Георгія. Але да лістападу 1917 году, калі ў Расеі распачаўся пэрыяд анархіі, ваенныя дзеяньні фактычна спыніліся. Неўзабаве ў мястэчку Солы было падпісанае перамір’е зь немцамі, і вайсковыя дзеяньні на Смаргонскім участку фронту скончыліся.

Абарона Смаргоні зьвязаная зь імёнамі многіх вядомых людзей. У 1917 годзе, калі шмат шуму нарабіла братаньне нямецкіх і расейскіх войскаў пад Крэвам, агітаваць за працяг вайны прыяжджаў будучы прэм’ер Часовага ўраду Аляксандар Керанскі. Расейскія пазыцыі інспэктаваў галоўнакамандуючы фронтам генэрал Дзянікін. Тут жа загартоўваліся будучыя лідэры «белага руху» генэралы Куцепаў і Драздоўскі, а таксама «чырвоныя» маршалы Маліноўскі, Цімашэнка і Шапашнікаў. Пасьля таго, як немцы зьбілі на той час самы вялікі ў сьвеце бамбавік «Ільля Мурамец», удасканальваць самалёт прыяжджаў авіяканструктар Ігар Сікорскі, які потым ўславіў амэрыканскі паветраны флёт. Тут жа ледзьве не сканаў ад газавага атручваньня штабс-капітан Міхаіл Зошчанка. Пісьменьнік Валянцін Катаеў служыў у Смаргоні ў пяхотнай дывізіі. А на руках графіні Аляксандры Талстой памерлі сотні атручаных і параненых салдатаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG