Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Уцякаць няма куды. Бяры свайго Бакіева і зьяжджай у Вэнэсуэлу”


Слухачы абмяркоўваюць выступленьне расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі, а таксама працэдуру збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у Менску і рэгіёнах.

Станіслаў Халадовіч з Івацэвічаў распавёў, зь якой праблемай у ягоным горадзе сутыкаюцца сябры ініцыятыўнай групы таго ці іншага патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта ад апазыцыі:

«Улады выбралі подлую тактыку перашкодаў збору подпісаў за вылучэнцаў не ад улады. Людзей папросту ўводзяць у зман. Кажуць, што калі вы паставілі подпіс за аднаго вылучэнца, то за іншых не павінны падпісвацца. А падпісаліся ж ва ўсіх дзяржаўных установах вядома за каго — за Лукашэнку.

Дык вось, на чалавека даводзіцца траціць па 10-15 хвілін. Мінулыя выбары 2006 году — за тры гадзіны працы я зьбіраў 30 подпісаў, а цяпер — 15-16. Раней я за тры гадзіны праходзіў два пад’езды 5-павярховага дома, а цяпер — адзін».

Мікола Статкевіч
Гэты званок камэнтуе палітык Мікола Статкевіч:

«Улада імкнецца перашкодзіць працэсу збору подпісаў за незалежных кандыдатаў. Ідзе ціск на сяброў ініцыятыўных груп: дагэтуль у псыхіятрычнай лякарні знаходзіцца наш сябар Пётар Баравік з Новалукомлю. Затрымлівалі на некалькі гадзін супрацоўнікі КДБ нашага сябра Яраслава Грышчэню ў Баранавічах. У Воршы сябраў ініцыятыўнай групы, выкладчыкаў навучальных установаў папярэдзілі аб магчымым спыненьні кантракту.

Адначасова ціснуць на выбарцаў. Людзей запалохваюць, што сьпісы трапяць да ўлады і тады не падоўжаць кантракт. У Баранавічах на двух заводах — авіярамонтным і „Атланце“ — у супрацоўнікаў забралі пашпарты на 10 дзён, каб яны ня здолелі ні за каго расьпісацца. Той, хто выконвае каманду і прыносіць пашпарт, таму даюць адгул. Вось такая сытуацыя.

Улада не на жарт напалоханая, і таму яна спрабуе ўсяляк перашкодзіць. Дзе людзі больш-менш адукаваныя, яны на гэта ня ловяцца. Збор подпісаў ідзе дастаткова нармальна».

Наш слухач меў размову зь сябрамі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі на Нямізе. Ён патэлефанаваў, каб выказаць сваё абурэньне:

«У Менску шмат пунктаў па зборы подпісаў. Іх нямала й на Нямізе. Падыходжу да аднаго з пунктаў. Там стаяць маладыя хлопцы і дзяўчаты. На транспаранце напісана: «Белая Русь».

Пытаюся: «А чаму вы размаўляеце па-расейску? Вы ж беларусы ў незалежнай краіне». А яны кажуць: «Гэта не ў нашай кампэтэнцыі». Кажу: «Вы ж зьбіраеце подпісы прэзыдэнту. Дык скажыце яму. Няхай дасьць загад, каб беларускае тэлебачаньне вяло перадачы на роднай мове. Чаму ў Татарстане, Башкартастане ды іншых аўтаномных рэспубліках Расеі ўсе перадачы вядуцца на роднай мове, а ў нас у Беларусі — на расейскай?» Маўчаць. Кажу: «Закрэсьліце «Белая Русь» і напішыце лепш: «Чырвоная Русь».

Алег Трусаў
Званок слухача камэнтуе старшыня ТБМ Алег Трусаў:

«Мы Радзькову як кіраўніку штабу Лукашэнкі даслалі ліст у канвэрце з нашым зваротам. Ня толькі агучылі ў сродках інфармацыі, але даслалі зварот тым кандыдатам, у якіх была электронная пошта, а Радзькову даслалі на паперцы.

Пазыцыя ў нас такая, што прэзыдэнты прыходзяць і сыходзяць, а мова застаецца. У свой час мы нават ад Ярмошынай і Лазавіка дамагліся, каб яны асноўную масу дакумэнтаў рабілі па-беларуску. Бюлетэні ўжо па-беларуску, агітацыя — на дзьвюх мовах. Заклікі: „Прыходзьце на выбарчыя ўчасткі!“ Лазавік добра гаворыць па-беларуску, калі да яго зьвяртаюцца. Паднявольныя людзі. Калі б ім загадалі, то яны б размаўлялі».

Нашы слухачы па-рознаму камэнтуюць выказваньні расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Думку, пашыраную сярод тых, хто тэлефанаваў нам на гэтую тэму, адзін са слухачоў выказаў гэтак:

«Глядзеў выступ Мядзьведзева, і я яго падтрымліваю. Лукашэнка мусіць сысьці ў адстаўку. Для Лукашэнкі Масква цяпер на замку. Уцякаць няма куды. Бяры свайго Бакіева і зьяжджай у Вэнэсуэлу».
XS
SM
MD
LG