Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць за “бацьку” праваслаўныя “бацюшкі”?


З нагоды сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі падчас візыту ў Турэччыну з канстантынопальскім патрыярхам зьявіліся меркаваньні, ці не зьбіраецца беларускі прэзыдэнт перавесьці беларускую праваслаўную царкву пад эгіду Канстантынопальскага патрыярхату або прынамсі папалохаць такой пэрспэктывай сваіх маскоўскіх партнэраў.

Наколькі імаверным вам падаецца такі сцэнар? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да экспэрта ў царкоўных справах Натальлі Васілевіч.



Васілевіч:
Сустрэча сапраўды адбылася, была цёплая гутарка. Грэцкія тэлеканалы перадавалі, што там быццам бы ішла размова пра аўтакефалію, але мне гэта падаецца, скажам так, дзіўным. Я ўпэўненая, што Лукашэнка выкарыстоўвае гэта з розных прычынаў. Гэта добра ўкладаецца ў цяперашні канфлікт з Расеяй. Лукашэнка выдатна ведае, што ў Рускай праваслаўнай царквы ёсьць свая пазыцыя, і пытаньне аўтакефаліі, пытаньне першынства Канстантынопальскага патрыярхату – пытаньні для РПЦ вельмі балючыя. І тое, што прэзыдэнцкі сайт, апісваючы візыт, называе Канстантынопальскі патрыярхат першым, самым шаноўным, які займае самае важнае месца ў праваслаўным сьвеце – гэта паказвае, што Лукашэнка робіць ход у бок Маскоўскага патрыярхату. Тут канстантынопальскі патрыярх выступае піяр-фігурай, якую Лукашэнка выкарыстоўвае, каб зрабіць чарговы раз балюча сваім шматгадовым сябрам і паказаць, што калі яны ня будуць паводзіць сябе так, як хоча прэзыдэнт Беларусі, ён будзе ўмешвацца ў царкоўныя справы ажно да аўтакефаліі. Я апошнія дні размаўляла са сьвятарамі, зь вернікамі – ніхто ня ведае пра візыт Лукашэнкі ў Канстантынопальскі патрыярхат. Усе царкоўныя СМІ не падаюць нават самага факту, што такая сустрэча адбылася.

Я думаю, што для Беларускай праваслаўнай царквы гэтая тэма неактуальная і ніякіх перамоваў з кіраўніцтвам БПЦ з гэтай нагоды не вялося. Гэта – выключна піяр-ход
Я думаю, што для Беларускай праваслаўнай царквы гэтая тэма неактуальная і ніякіх перамоваў з кіраўніцтвам БПЦ з гэтай нагоды не вялося. Гэта – выключна піяр-ход.

Такім жа піяр-ходам быў і візыт да папы рымскага, калі адной з мэтаў было паказаць Расеі і Маскоўскаму патрыярхату, што беларускі рэжым настроены рашуча і ня будзе проста трываць, калі яго жаданьні не выконваюцца. Мне здаецца на дадзены момант абсалютна неверагодным прызнаньне нейкай аўтакефаліі з боку канстантынопальскага патрыярха. Бо канстантынопальскі патрыярх, у адрозьненьні ад мітрапаліта Філарэта, пад дудку нейкага ўсходнеэўрапейскага дыктатара наўрад ці будзе танчыць. У яго ёсьць свае каштоўнасьці і прынцыпы.

Кар.: Вы сказалі, што Лукашэнка робіць балюча РПЦ. Але і РПЦ apriori можа зрабіць балюча яму. Якую пазыцыю Маскоўскі патрыярхат займае ў цяперашнім беларуска-расейскім канфлікце, які цягнецца ўжо шмат часу і дасягнуў свайго піку пасьля апошняга відэазвароту прэзыдэнта Расеі. Наколькі імаверны сцэнар, што беларускія "бацюшкі", насуперак ранейшай звычцы, калі яны раілі сваім прыхаджанам падтрымаць Лукашэнку, могуць параіць ім што-небудзь іншае?

Васілевіч: Справа ў тым, што пазыцыя беларускіх "бацюшак" і пазыцыя Маскоўскага патрыярхату – гэта розныя рэчы. Казаць пра палітычную пазыцыю Маскоўскага патрыярхату можна толькі пасьля таго, як патрыярхам стаў Кірыл. У яго ёсьць канцэпцыя "рускага сьвету" (русского мира) і ён прасоўвае гэтую ідэю. Пры гэтым ён не выконвае ролю расейскай дзяржавы, ён сам лічыць, што царква павінна быць моцнай. Нядаўна айцец Усевалад Чаплін, адзін са "сьпікераў" Маскоўскага патрыярхату, сказаў, што царква павінна быць моцнай у дачыненьні да дзяржавы. У Маскве РПЦ патрабуе ад дзяржавы пабудовы 200 храмаў у спальных раёнах. Царква ў Расеі дыктуе свае ўмовы дзяржаве, а не выконвае ўмовы дзяржавы.

У Беларусі сытуацыя іншая, тут часьцей царква выконвае тое, што накідаецца ёй
дзяржавай
У Беларусі сытуацыя іншая, тут часьцей царква выконвае тое, што накідаецца ёй дзяржавай. Маскоўскі патрыярхат заўсёды мае нейкую пазыцыю ў любых выбарах, якія адбываюцца недзе ў межах "рускага сьвету" - у Расеі, Украіне, Беларусі і Малдове. Канкрэтная пазыцыя Маскоўскага патрыярхату была на выбарах ва Ўкраіне, канкрэтная пазыцыя будзе і на выбарах у Беларусі. Магчыма, цяпер канцэпцыя "рускага сьвету" патрыярха Кірыла больш блізкая да пазыцыі Мядзьведзева, чым да пазыцыі Лукашэнкі. І Маскоўскі патрыярхат ня будзе на баку Лукашэнкі. Ён ніколі і ня быў на яго баку, ён быў на баку ідэі "рускага сьвету". Патрыярх Кірыл падчас візыту ў Беларусь выразна паказаў, што асаблівых сымпатый асабіста да нашага прэзыдэнта ён не адчувае, таму я думаю, што канкрэтна Лукашэнку Маскоўскі патрыярхат падтрымліваць ня будзе.

Кар.: Натальля, ну а які ваш прагноз? Гэта першыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія адбываюцца пры патрыяршастве Кірыла. Наколькі імаверна, што з Маскоўскай патрыярхіі пойдзе выразнае пасланьне, што Аляксандар Лукашэнка, так бы мовіць, "отпал от русского мира"?

Можна сказаць, што ў нас ёсьць “аўтакефалія”, бо наша царква больш падпарадкоўваецца не патрыярху Кірылу, а прэзыдэнту
Лукашэнку.
Васілевіч: Гэта цалкам імаверна. Асабліва цяпер, калі Лукашэнка дазваляе сабе такія рухі. Патрыярх Кірыл – гэта ня хлопчык, зь якім так можна жартаваць - зьезьдзіць у Канстантынопаль і сказаць, што паехаў з блаславеньня патрыярха Кірыла, зьезьдзіць у Рым, сказаць, што мяне патрыярх Кірыл упаўнаважыў прадстаўляць інтарэсы РПЦ у дыялёгу з папам рымскім. Для патрыярха Лукашэнка – дробны палітычны дзеяч дробнай краіны ў межах “рускага сьвету”. Калі ён дазваляе сабе так патрыярха "апускаць", то патрыярх гэтага трываць ня будзе, як стрываў бы мітрапаліт Філарэт ці іншы беларускі праваслаўны герарх. Цалкам імаверна, што Маскоўская патрыярхія будзе выступаць супраць Лукашэнкі нейкім чынам.

Зь іншага боку, Беларускі экзархат жыве ў іншым кантэксьце, пасланьні з Масквы сюды практычна не даходзяць. Можна сказаць, што ў нас ёсьць “аўтакефалія”, бо наша царква больш падпарадкоўваецца не патрыярху Кірылу, не Сыноду РПЦ, а прэзыдэнту Лукашэнку. Магчыма, некаторыя незадаволеныя сьвятары будуць ціхенька казаць сваім прыхаджанкам больш не галасаваць за Лукашэнку. Але большасьць нашых сьвятароў апалітычныя, яны па-за гэтым кантэкстам. І я мяркую, што вялікай ролі нават пазыцыя Беларускага экзархату мець ня будзе. Як кажуць, галоўны прынцып праваслаўнага чалавека: "Паслухай бацюшку і зрабі, як хочаш". І што б бацюшкі ні казалі, паўплываць на сымпатыі і антыпатыі людзей яны ня змогуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG