Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выкарыстаюць кандыдаты канфлікт паміж Крамлём і Лукашэнкам?


Як кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі ставяцца да абвастрэньня канфлікту паміж Крамлём і Лукашэнкам? Ці будуць яны выкарыстоўваць гэта ў сваёй выбарчай кампаніі, а калі будуць, то як? Адказы на гэтыя пытаньні двух удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі – Міколы Статкевіча і Юрыя Глушакова

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Мікола Статкевіч называе цяперашні канфлікт "вынікам несумленнай дзяржаўнай палітыкі, якую праводзіць Аляксандар Лукашэнка":

Мікола Статкевіч
"Ён будаваў разьвіцьцё нашай краіны на падмане. Спачатку, магчыма, ён шчыра абяцаў: дайце грошы — аб'яднаемся. Але ўзьнікла праблема свайго кіроўнага месца ў гэтай дзяржаве. А потым адбылося тое, на што мы спадзяваліся, калі напрыканцы 90-х праводзілі дзясяткі дэманстрацыяў, баронячы незалежнасьць. Беларускі народ дасьпеў да незалежнасьці, і аб'яднаньне ў адну дзяржаву зрабілася небясьпечным для спадара Лукашэнкі.

Аднак ён працягваў дзьмуць у гэтую дуду. Магчыма, на гэта грэх наракаць — усё ж дзяржава існавала на гэтыя здабытыя падманам грошы, умацоўвалася самасьвядомасьць. Але ж нельга будаваць на падмане. Раней ці пазьней за падман прыйдзецца заплаціць".

Юры Глушакоў, які таксама прэтэндуе на прэзыдэнцкую пасаду, называе цяперашні стан дачыненьняў Лукашэнкі з расейскім кіраўніцтвам "невыпадковым":

Юры Глушакоў
"З аднаго боку, мы бачым ужо шматгадовыя спробы абаперціся на расейскую дапамогу ў справе больш-менш спрыяльнага функцыянаваньня беларускай эканомікі. З другога боку, маем памкненьні пэўных расейскіх колаў пашырыць свой уплыў на тэрыторыі Беларусі. І таму, так ці інакш, усё і павінна было прывесьці да цяперашняга абвастрэньня.

І добрага тут няма нічога. Лідэры, тыя ці іншыя, прыходзяць, сыходзяць. Але такая канфрантацыя можа насамрэч пагоршыць стасункі і паміж дзяржавамі, і паміж народамі ў больш працяглай пэрспэктыве".

Мікола Статкевіч упэўнены: у выбарчай кампаніі тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў абмінуць немагчыма. І таму кожны кандыдат будзе прапаноўваць свой шлях да пабудовы такіх дачыненьняў:

"Шлях гэты — відавочны. Сумленная палітыка абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Але ж і з улікам нацыянальных інтарэсаў такой агромністай суседкі, як Расея. Яна робіць і эканамічны, і палітычны, і культурны ўплыў на Беларусь. Давядзецца размаўляць, узгадняць, дамаўляцца, з чымсьці не пагаджацца. Але паводзіць сябе трэба сумленна".

Юры Глушакоў кажа: рабіць выгляд, што дачыненьні Менску і Масквы не зьмяняюцца, прэтэндэнту на прэзыдэнцкую пасаду немагчыма:

"Я ніколі не жадаў бы дзейнічаць паводле прынцыпу: чым горш, тым лепш. На маю думку, усё, што цяпер ідзе не на карысьць беларускай дзяржаве, беларускаму народу, ня можа быць карысным і для кандыдата ў прэзыдэнты, калі ён насамрэч зьбіраецца клапаціцца пра будучыню краіны".
XS
SM
MD
LG