Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэм’ер Турэччыны Эрдаган прэзыдэнту Лукашэнку: "Мы падобныя"


 Рэджэп Таіл Эрдаган

Рэджэп Таіл Эрдаган

Папулярнае турэцкае выданьне haber3 зьмясьціла на сваіх старонках відэафрагмэнт сустрэчы Рэджэпа Таіла Эрдагана і Аляксандра Лукашэнкі ў стамбульскім бюро прэм’ера Турэччыны.


>
Пазуючы перад фотакарэспандэнтамі, кіраўнік турэцкага кабінэту міністраў пажартаваў: "Мы падобныя адзін да аднаго". Беларускі прэзыдэнт ацаніў гэты жарт. Як напісалі некаторыя выданьні, высокія прадстаўнікі турэцкага і беларускага бакоў прадэманстравалі, што валодаюць пачуцьцём гумару.

Пра іншыя дэталі гэтай сустрэчы, як і ўвогуле пра падрабязнасьці візыту кіраўніка Беларусі ў Турэччыну, мясцовыя выданьні не паведамляюць. Не падаецца таксама і інфармацыя адносна працягласьці візыту Аляксандра Лукашэнкі ў гэтую краіну.

На самым пачатку знаходжаньня беларускага лідэра ў Турэччыне мясцовыя СМІ паведамілі, што ён прыляцеў у Стамбул разам са сваім 6-гадовым сынам Мікалаем. Малы спусьціўся з трапу разам з бацькам, а потым цярпліва чакаў разам з ахоўнікамі, калі той выйдзе з залі прыёму гасьцей у гатэлі. Некаторыя выданьні зьмясьцілі таксама фота Лукашэнкі падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Абдулой Гюлем у стамбульскай рэзыдэнцыі "Тараб’я Кёшкю" і коратка паведамілі, што Лукашэнка быў запрошаны Гюлем на вячэру.

Тым часам імя Лукашэнкі досыць часта фігуравала ўчора ў турэцкіх СМІ зусім зь іншай нагоды. Мясцовыя выданьні чарговым разам нагадалі пра паглыбленьне канфлікту паміж Менскам і Крамлём і зьмясьцілі вытрымкі з блогу Дзьмітрыя Мядзьведзева адносна апошніх выказваньняў беларускага кіраўніка.

Выданьні пішуць, што цярплівасьць Крамля ў дачыненьні да беларускага кіраўніка, які прыйшоў да ўлады незаконным шляхам і да таго ж цісьне на палітычных праціўнікаў, праўдападобна, вычарпалася.

У сваіх публікацыях турэцкія СМІ працытавалі, бадай, усе самыя крытычныя выпады расейскага прэзыдэнта на адрас свайго беларускага калегі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG