Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статус спэцзапрошанага ў ПАРЭ пасьля мараторыя на сьмяротную кару


Статус спэцзапрошанага ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ня можа быць адноўлены для Беларусі, пакуль тая не ўвядзе мараторый на сьмяротнае пакараньне, заявіў журналістам у Страсбургу палітычны дарадца генэральнай дырэкцыі па дэмакратыі і палітычных пытаньнях Рады Эўропы Майкл Інглдоў.

Інглдоў таксама адзначыў, што Рада Эўропы зацікаўленая ў празрыстасьці і адкрытасьці цяперашняй выбарчай кампаніі ў Беларусі. "Тое, як праходзіць перадвыбарчая кампанія, наколькі СМІ могуць адкрыта і аб'ектыўна асьвятляць гэты працэс, доступ кандыдатаў да СМІ — усё гэта будзе разглядацца ў Радзе Эўропы ў кантэксьце падрыхтоўкі да правядзеньня выбараў", — сказаў ён. У сувязі з гэтым прадстаўнік дырэкцыі з жалем заўважыў, што Рада Эўропы ня зможа накіраваць у Беларусь місію назіральнікаў, паколькі Беларусь не зьяўляецца сябрам гэтай арганізацыі. Аднак ён дадаў, што "характар правядзеньня выбарчай кампаніі — гэта важны элемэнт разьвіцьця нашых адносін", паведамляе Інтэрфакс.

Закранаючы пэрспэктывы разьвіцьця адносінаў Беларусі і Рады Эўропы, М. Інглдоў выказаў надзею, што ў будучыні краіна "зробіць неабходныя захады, каб стаць паўнавартасным сябрам РЭ". У той жа час ён заўважыў, што "ніводная краіна-кандыдат ня стане сябрам Рады Эўропы, не атрымаўшы станоўчага заключэньня ад ПАРЭ". "З гэтага пункту гледжаньня прасоўваньне па шляху ўступленьня Беларусі ў Раду Эўропы заблякавана: пакуль ня будзе адноўлены статус спэцзапрошанага, да тых часоў Беларусь ня зможа стаць кандыдатам і сябрам у РЭ", — патлумачыў спэцыяліст.

"Сьмяротнае пакараньне адменена ва ўсіх краінах-сябрах РЭ. Гэты захад павінен быць зроблены ў Беларусі раней, чым нашы адносіны пойдуць далей. Гэта камень спатыкненьня на шляху супрацоўніцтва", — канстатаваў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG