Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі тэатар “Лялька” ініцыяваў конкурс “Казка для Караткевіча”


Паводле загадчыцы літаратурнай часткі лялечнага тэатру Людмілы Сіманёнак, конкурс прысьвечаны 80-м угодкам Уладзімера Караткевіча, якія адзначаюцца сёлета 26 лістапада. Да ўдзелу запрашаюцца самыя юныя літаратары, акурат ва ўзросьце гледачоў «Лялькі», якім у сярэднім ад 5 да 16 гадоў.

Пісьменьнікі-пачаткоўцы могуць прапанаваць увазе журы 1-2 казкі на беларускай мове агульным аб’ёмам ня больш за 3 друкаваныя старонкі. Людміла Сіманёнак кажа, што найбольш высока будуць ацэненыя творы з пэрсанажамі беларускай міталёгіі такімі, як цмок, ваўкалак, лясун і г.д.

Казкі можна дасылаць на электронную адрэсу тэатру, перасылаць па пошце і нават аддаваць дзяжурнаму адміністратару перад пачаткам лялечных прадстаўленьняў — якраз учора ў «Ляльцы» распачаўся новы тэатральны сэзон.

Творы прымаюцца да 1-га лістапада, а ўганараваньне пераможцаў адбудзецца на пачатку сьнежня.

Дарэчы, гэта ўжо другі конкурс для юных літаратараў, які ладзіць тэатар «Лялька» — летась было арганізавана паэтычнае спаборніцтва, калі аўтары лепшых беларускамоўных вершаў атрымалі ганаровыя дыплёмы і кнігі ў падарунак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG