Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пустое месца: акцябраты, піянэры і БРСМ


Гады два таму мы з сынам пайшлі ў дом-музэй РСДРП, бо хацелі абысьці ўсе менскія музэі. Бабуля-наглядчыца ад усёй душы кінулася да нас распавядаць пра савецкую гісторыю акцябратаў-піянэраў, пра значкі і гальштук, а пасьля спыталася ў майго Якуба: «А што цяпер, хлопчык, ёсьць акцябраты?» — «Ёсьць, — упэўнена адказаў мой дзёрзкі сын. — І значак даюць з маленькім Лукашэнкам».




Так выглядаюць сымбалі БРПА і БРСМ.

Адразу прызнаюся, што мне ніколі ў галаву не прыходзіла ў размовах зь дзецьмі праводзіць такія паралелі. Але, напэўна, сувязь паміж піянэрска-камсамольскімі сымбалямі і сымбалем дзяржавы настолькі яўная, што відавочная нават дзіцяці.


У суботу, 25 верасьня, у Футбольным манэжы Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіў маштабны форум «Зрабі свой выбар». Гэтая падзея была прысьвечаная дзевяностагодзьдзю беларускага камсамолу і моладзевага руху краіны. Зьдзіўляла ў гэтай акцыі колькасьць разнастайных ініцыятываў, якія што на першы, што на другі погляд ня маюць ніякага дачыненьня да ідэалёгіі афіцыйнага дзіцячага і моладзевага руху, але, верагодна, вельмі цікавыя дзецям і падлеткам. Былі там і спаборніцтвы ды-джэяў, і экстрэмальныя ролеры, і конкурсы фрызураў і візажу. А на вялізным шматмэтровым палатне графітысты намалявалі твор, тэма якога, па фармулёўцы арганізатараў, «цалкам адпавядала моладзі і моладзевым захапленьням сучаснага пакаленьня».


Афіша моладзевага форуму «Зрабі свой выбар», прысьвечанага 90-годьдзю беларускага камсамолу
Афіша моладзевага форуму «Зрабі свой выбар», прысьвечанага 90-годьдзю беларускага камсамолу

У кагосьці магло скласьціся ўражаньне, што ў гэтых арганізацыях сапраўды ёсьць людзі, якія добра разьбіраюцца ў тым, чаго хочуць дзеці і моладзь, і што менавіта ёй патрэбна. Гэтаксама і я задалася пытаньнем, ці сапраўды ня мае выбару пакаленьне, якое ўжо змалку заклікаюць, а часта нават і прымушаюць уступаць у афіцыйныя арганізацыі. Малады пэдагог-арганізатар адной з элітных менскіх гімназій Вольга распавядае пра тое, як дзеці прымаюць рашэньне стаць піянэрамі: «Дваццаць пятага чысла я праводзіла невялікую гульню „Салют піянэрыі“, дзе распавядала, што такое піянэрская арганізацыя. Пасьля дзецям прапаноўвалася гульня кшталту „Хто хоча стаць мільянэрам“, толькі яна называлася „Хто хоча стаць піянэрам“. І пасьля таго, як мы правялі гульню, задалі пытаньне „Хто хоча ўступіць у піянэрскую арганізацыю?“. І дастаткова шмат дзетак паднялі ручкі».


А вось як працуе пэдагог-арганізатар Натальля ў школе аднаго з аграгарадкоў Гомельскай вобласьці: «У канцы году ў поўным складзе дзеці ўступаюць у акцябраты, да пятай клясы. Ну, а ў пятай клясе, ужо па жаданьні, у піянэры, недзе працэнтаў шэсьцьдзесят пяць гэтага піянэрскага ўзросту ў нас у піянэрах. З БРСМ-ам, вядома, больш складана ў нас, недзе дваццаць працэнтаў».


Многіх прадстаўнікоў незалежнага беларускага грамадзтва ніяк не пераканаеш у тым, што нехта можа ўступаць у такія арганізацыі з уласнай ахвоты. Гаворыць Аляксандар Фядута, былы кіраўнік беларускага камсамолу і паліттэхноляг:

Аляксандар Фядута
Фядута: «Дзеці ўступаюць у БРСМ перш за ўсё таму, што да іх ідуць настаўнікі і кажуць, што „гэта трэба, дурні вы, уступайце, інакш не паступіце ў вышэйшую навучальную ўстанову“. Ідэалёгія пачынаецца пазьней, ідэалёгія пачынаецца ў той момант, калі падлетак становіцца дарослым, і калі ён усьведамляе, што гэта арганізацыя добрая не таму, што ў ёй працуюць добрыя людзі, а менавіта таму, што яна знаходзіцца пры ўладзе, і так будзе прасьцей».

Але справа, бадай, ня толькі ў прымусе. Заняткі, якія прапаноўваюць моладзі афіцыйныя арганізацыі, нічым не адрозьніваюцца ад іншых. Вось што кажа Натальля, якая працуе пэдагогам-арганізатарам ужо 10 гадоў:


«Так мы ўсё гэта робім у рамках піянэрскай арганізацыі, але можна было б усё гэта рабіць і ня ў рамках піянэрскай арганізацыі. Усё адно ж выхаваўчы працэс ідзе і нейкія мерапрыемствы адбываюцца. Калі мы разам, калі мы камунікуем, то яны разумеюць, але як яны выйшлі за дзьверы — усё, яны ня бачаць розьніцы, піянэры яны ці не, на вуліцы ўсе дзеці аднолькавыя».


Тыя, каго дзяржава прызначыла адказваць за выхаваньне будучых ляяльных грамадзянаў беларускай дзяржавы, намагаюцца зрабіць сваю структуру прывабнай для моладзі любымі спосабамі. Вось што адказаў кіраўнік школы экстрэмальных ролераў Сяргей на маё пытаньне аб тым, чаму яны пагадзіліся ўдзельнічаць у мерапрыемстве БРСМ: «Я не зусім знаёмы зь іх прынцыпамі, але моладзевая арганізацыя і моладзевая, таму нейкія кропкі агульныя ёсьць, а з ідэалёгіяй іх я ня вельмі знаёмы».


А вось кіраўніцтва аб’яднаньня «Аўтаамэрыка» — клюб аматараў амэрыканскіх аўтамабіляў — зьмясьціла на сваім сайце афіцыйную інфармацыю, дзе тлумачыць сваё рашэньне такім чынам:


«Удзел у гэтым мерапрыемстве, як вы можаце здагадацца, станоўча адаб’ецца на правядзеньні „Рэтра-Менск-2011“, ну, і адкрые дарогі для аб’яднаньня „Аўтаамэрыка“ ў цэлым».


Аляксандар Шурын

Вось што кажа Аляксандар Шурын, старшыня выканаўчага камітэту грамадзкага аб’яднаньня «Аўтаамэрыка»: Мы супрацоўнічаем зь Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, і праводзілі зь імі ўжо Маратон-65. Мы, у прынцыпе, як бы за прасоўваньне нашай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. У нас рэтра-машыны, вы ж разумееце, а моладзь цікавіцца рэтра-рухам, і вось мы сумесна. Да палітыкі мы ўвогуле ніякага дачыненьня ня маем, а што ў гэтым кепскага? Я, вы ведаеце, калі шчыра, у палітыку ня лезу адназначна. Я ў пляне палітыкі скажу толькі адно: што хаця мы езьдзім на старых амэрыканскіх машынах, але палітыка амэрыканскіх уладаў нам не падабаецца. І ані на водным прабегу, дзе нам даюць амэрыканскія сьцягі, я ніколі прынцыпова не вывешваю амэрыканскі сьцяг, і ва ўсіх краінах я ежджу зь вялікім беларускім сьцягам«


Прычыны сыстэмнай паразы афіцыйных арганізацый у справе стварэньня пазытыўнага вобразу арганізацыі і набору новых сябраў тлумачыць палітоляг Кірыл Коктыш:


Кірыл Коктыш
«Наколькі я магу бачыць, там не прапаноўваецца ніякай ідэі, апрача ідэі спажываньня. Будзь разам з намі — і ты здолееш нешта спажываць больш крута, чым тыя, хто да нас не далучыўся, тыя ж амэрыканскія машыны. Гэта сродкі сымбалічнага спажываньня, якія дазволяць сябе лічыць больш крутым, чым сваё асяродзьдзе. Гэта ідэалёгія спажываньня, але гэта ж не палітычная ідэалёгія, бо палітычная ідэалёгія — гэта тое, што яднае людзей, прасоўвае надіндывідуальныя каштоўнасьці. А ідэалёгія спажываньня — яна індывідуальная, бо тое, што спажыве адзін, не спажыве іншы. І таму, вядома, БРСМ зьяўляецца ня сродкам сацыялізацыі, а сродкам дэсацыялізацыі, калі ён у яго атрымліваецца так, каб не ўзьнікалі нейкія кансалідаваныя формы, кансалідаваныя гурткі сярод моладзі, а наадварот неяк культывавалася больш ці менш тая ж маса спажыўцоў, якая ўтварае звычайна спажывецкае грамадзтва».


З пункту гледжаньня маркетынгу галоўнае мерапрыемства БРСМ ацэньвае экспэрт па брэндынгу і маркетынгу Ігар Корзун:


Корзун: «Усё, што там ёсьць, гэта проста спроба прапанаваць бясплатную цукерку групе людзей. Так ідэалёгію не сфармуеш. Гэта ідэалёгія на пяць хвілінаў, пакуль цукерка не рассмакталася, і абгортка не скамечаная і ня выкінутая. Там няма ані азарту, там няма анічога на дадзены момант. Проста трэба выканаць нейкую функцыю, прычым ня самую прыцягальную і цікавую, і за якую плацяць ня вельмі шмат грошай.


Сацыяльны кантракт не ўзьнікае вакол экстрыму, сацыяльны кантракт не ўзьнікае проста так, на пустым месцы, проста таму, што гэта модная рэч. Сацыяльны кантракт фармуецца зусім іншымі рэчамі — ён фармуецца ўстойлівымі звычкамі, а гэтыя рэчы звычак не фармуюць. Гэта спроба адкупіцца — нават не падкупіць, а адкупіцца. „Мы ад вас адкупаемся, каб вы нас асабліва не крытыкавалі“


Там няма нічога актуальнага, усё пазаўчорашні дзень. Ніхто не глядзіць у заўтра, ня думае пра тое, чаму ўсё ж моладзі цікавы экстрым, чаму ўсё ж людзі так моцна захопленыя модай».


Гэтыя словы пацьвярджаюць і практыкі, напрыклад, пэдагог-арганізатар Натальля:


«Мы варымся ва ўласным соку — ці яны сябры БРСМ, ці яны ня сябры БРСМ, усё адно ў нас усё тое самае. Таму яны ня бачаць сэнсу. А ўжо як я прыходжу ўзносы гэтыя зьбіраць, дык яны кажуць: „Ну, навошта мы ўвогуле ўступалі? Ня бачым ніякай розьніцы!“. Добрыя дзеці занятыя вучобай, у іх такая вялікая нагрузка, што ім не хапае проста часу».

Гэты чэк быў уручаны дырэктару УП Кінавідэапракат для рэканструкцыі кінатэатру «Камсамолец» на бээрэсэмаўскім сьвяце. Сродкі сабраныя сябрамі БРСМ на рэспубліканскіх суботніках.

Экспэрты знаходзяць розныя тлумачэньні гэтай сытуацыі. З пункту гледжаньня палітаналітыка Коктыша, яна мае наступныя прычыны:


Коктыш: «Гэта слушны шлях, калі стаіць мэта перадухіленьня памаранчавай рэвалюцыі. Прыкладна гэтыя ж тэхналёгіі былі выкарыстаныя ў Расеі, калі будаваўся рух нашыстаў, бо задача мінімум была — прадухіліць памаранчавую рэвалюцыі, і на гэтым гэты рух першапачаткова і будаваўся. Але тут ёсьць адзін нюанс: пасьля пачатку крызісу — таго глябальнага рэфарматаваньня глябальнай эканомікі, які цяпер ідзе і адбываецца на нашых вачах, ідэалёгія спажываньня — гэта, мне здаецца, апошняе, што можа спатрэбіцца таму, хто жадае заняць нейкія слушныя пазыцыі ў гэтай сытуацыі».


Экспэрт па маркетынгу Ігар Корзун асьвятляе праблему зь іншага боку:


Корзун: «Дадзеная сытуацыя, яна з пазыцый „дайце — і мы ўступім“, але сапраўдная ідэалягічная сытуацыя — „мы ўступім, каб аддаць“. Калі я сам, мне нават аддаць няма каму. Шмат якія ідэалягічныя структуры былі створаныя, каб дапамагчы людзям існаваць у фармаце абмену, абмен неабходны. Немагчыма толькі хацець зрабіць добрую справу, трэба мець магчымасьць іх зрабіць. Дык вось дайце людзям гэтую магчымасьць, а вы гэтага ня робіце. Вы прыходзіце і, як добры чараўнік на верталёце, кажаце „прыйдзіце да нас — і мы вам дамо“.


Каб стымуляваць сваіх „несьвядомых“ у двукосьсі сяброў, беларускія функцыянэры дагэтуль выкарыстоўваюць цяжкую артылерыю — прыклад вэтэранаў вайны. Вось як гэта апісвае першы сакратар бабруйскага гарадзкога камітэту БРСМ Натальля Вокрут:


Вокрут: „Любоў да сваёй радзімы — гэта ў тым ліку і нашыя вэтэраны, якія, нягледзячы на тое, што было халодна і галодна, яны ішлі ў бой. А нашыя дзеці, калі мы ім нешта прапануем, кажуць: „А што нам за гэта будзе?“ Мы тлумачым, што там не казалі „Што нам за гэта будзе?“, бо ты можаш праз пяць хвілінаў нават ня ўстаць. А некаторыя ўсё адно пытаюцца „Што нам за гэта будзе?“, калі мы прапануем прыняць удзел у нейкім мерапрыемстве. Нават так“.


А вось у Расеі, па словах Кірыла Коктыша, ужо знайшлі новыя падыходы да моладзі нават у самых ідэалягічна нягнуткіх структурах:


Коктыш: «Гэта даволі слушная прапанова кар’ернай пэрспэктывы. Тыя ж «нашысты», іншыя рухі — яны ператварыліся ў адукацыйныя. Любое моладзевае згуртаваньне два-тры разы на год мае нейкія адукацыйныя лягеры, гэта асабліва актуальна для правінцыі. На тыдзень-два яны атрымліваюць лепшую прафэсуру, якая ёсьць у Расеі. Яны атрымліваюць веды, якія могуць быць актуальныя для іх рэгіёна тут і цяпер. Культывавацца ў розных рэгіёнах могуць розныя рэчы, тут шэраг даволі шырокі. Тая ж пэрспэктыва, якая пачыналася з тымі ж «нашыстамі» гадоў сем ці восем таму, калі мэсыдж быў вельмі просты: «будзь ляяльным — і ты нешта ў гэтым жыцьці зможаш атрымаць»; сёньня зьмянілася на іншую: калі ты валодаеш нейкімі ведамі, калі ты дэманструеш нейкую прафэсійную годнасьць, калі ты да таго ж яшчэ наладзіў нейкія сеткавыя адносіны са сваімі сябрамі і карыстаесься нейкім аўтарытэтам, то ты маеш поўнае права, каб твой рэгіён, твая ўлада зьвярнула на цябе ўвагу, каб цябе падтрымлівалі ў тваіх праектах, і нават узялі на тую ж ці іншую пасаду».


Выглядае, што гэтыя арганізацыі не такія страшныя і небясьпечныя для маладога пакаленьня, як нам можа падавацца. Створаныя, каб спажываць бюджэтныя грошы і забясьпечваць працоўныя месцы ляяльным чыноўнікам, яны маюць усе пэрспэктывы зьнікнуць разам з сваімі ініцыятарамі. І не таму, што служаць інструмэнтам рэпрэсій, а якраз таму, што выявіліся няздатнымі стварыць прывабную і жыцьцяздольную ідэю і засталіся пустым месцам.


На сайце НІСЭПД разьмешчаная аналітычная інфармацыя, сабраная на падставе нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў чэрвені 2010 году.


Разьмеркаваньне адказаў на пытаньне «Пра якія моладзевыя арганізацыі Беларусі Вы ведаеце?», % (магчымы больш за адзін адказ)
Вариант ответа%
БРСМ63.7
БРПА12.9
БКМА1.3
Малады фронт8.3
Моладзь БНФ1.1
Маладая грамада0.8
Джынс за свабоду0.6
Ініцыятыва0.5
Маладыя дэмакраты0.3
Правы альянс0.2
Іншая2.4
Ня ведаю ніякіх10.2

Разьмеркаваньне адказаў на пытаньне: «Як Вы ставіцеся да дзейнасьці пералічаных моладзевых арганізацый у Беларусі?», %
Моладзевыя арганізацыіСтаноўчаАдмоўнаАбыякаваНя ведаю такойНА
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ)36.710.428.923.60.4
Беларуская рэспубліканская піянэрская арганізацыя (БРПА)19.76.923.649.10.7
Беларускі камітэт моладзевых арганізацый (БКМА)8.93.016.071.11.0
Малады Фронт6.03.716.572.21.6
Моладзевы Хрысьціянска-сацыяльны саюз «Маладыя Дэмакраты»5.02.113.378.61.0
Моладзь Беларускага Народнага Фронту4.53.613.976.81.2
Ініцыятыва4.12.114.378.51.0
Маладая Грамада4.02.215.277.61.0
Джынс за Свабоду!3.52.012.281.31.0
Правы альянс2.62.012.482.01.0
Крыніцы інфармацыі насельніцтва, якія станоўча ацэньваюць дзейнасьць Маладога Фронту і БРСМ, %
Крыніцы інфармацыіУсе апытаныяМФ
(6.0)
БРСМ
(36.7)
Наколькі інфармацыя, атрыманая з афіцыйных крыніцаў, адпавядае Вашаму рэальнаму жыцьцю?
Цалкам адпавядае16.87.715.9
Часткова адпавядае36.737.447.1
Часткова не адпавядае24.717.628.0
Цалкам не адпавядае21.537.48.2
Ці ёсьць у вас дастатковы доступ да інфармацыі пра цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі?
Так47.947.851.4
Не51.751.148.0
Ці давяраеце Вы дзяржаўным СМІ:
Давяраю34.525.046.3
Не давяраю49.558.739.5
Ці давяраеце Вы недзяржаўным СМІ:
Давяраю30.355.433.5
Не давяраю46.928.348.0
У апошні год ці знаходзілі Вы ў паштовай скрыні нейкія інфармацыйныя матэрыялы (незалежныя газэты, улёткі ды інш.) грамадзка-палітычнага характару?
Так21.339.119.7
Не78.460.979.9
Нядаўна з тэрыторыі Польшчы пры падтрымцы Эўразьвязу на Беларусь пачаў трансляцыю новы незалежны тэлеканал «Белсат». Ці вы бачылі ягоныя перадачы?
Так12.416.311.3
Не87.383.788.5
За апошні год ці даводзілася Вам знаёміцца (празь СМІ, улёткі, камунікацыю зь іншымі людзьмі ды інш.) з вынікамі незалежных дасьледаваньняў грамадзкага меркаваньня ў Беларусі?
Так18.531.518.0
Не80.967.481.1
Ці карыстаецеся Вы інтэрнэтам?
Так, штодзень16.917.213.6
Так, некалькі разоў на тыдзень15.524.715.2
Так, некалькі разоў за месяц12.214.014.9
Так, некалькі разоў у год3.16.55.0
Не52.337.751.3
Нядаўна прыняты ўказ прэзыдэнта пра рэгуляваньне Інтэрнэту. Некаторыя лічаць, што ён дае магчымасьць перасьледаваць людзей, якія распаўсюджваюць у Інтэрнэце непажаданую ўладам інфармацыю, блякаваць апазыцыйныя Інтэрнэт-рэсурсы падчас выбарчых кампаній, і таму значна абмяжуе свабоду слова. Па меркаваньні іншых, наадварот, указ дапаможа разьвіцьцю беларускага Інтэрнэту. Якое меркаваньне падаецца Вам блізкім да рэальнасьці?
Указ значна абмяжуе свабоду слова42.760.937.4
Указ дапаможа разьвіцьцю беларускага Інтэрнэту21.423.928.8
ЦА/НА35.915.233.8
Ці абмяркоўваеце Вы грамадзка-палітычныя праблемы са сваімі сябрамі, роднымі, калегамі?
Абмяркоўваю пастаянна16.825.017.9
Абмяркоўваю час ад часу49.452.255.9
Практычна не абмяркоўваю33.620.725.8


Некаторыя высновы аналітыкаў НІСЭПД, зробленыя на падставе параўнаньня вынікаў дасьледаваньняў апошніх 10 гадоў:


• Сёньня, празь дзесяцігодзьдзе, можна сказаць, што «бойку за моладзь» выйграе хутчэй улада, чым апазыцыя, паколькі менавіта ўлада зрабіла сур’ёзныя высновы з бурных падзеяў 90-х гадоў і стала актыўна ажыцьцяўляць палітыку, скіраваную на тое, каб навакольная рэчаіснасьць «адаптавала» моладзь да сваіх каштоўнасьцяў хутчэй, чым моладзь «адаптавала» б гэтую рэчаіснасьць да сваіх каштоўнасьцяў (менавіта таму «малодшая» група моладзі па многіх парамэтрах апынаецца нашмат больш «адаптаванай да існага парадку рэчаў, чым старэйшыя групы ці нават 30- і 40-гадовыя беларусы);


• Моладзь (ва ўсялякім выпадку, як большую частку) ня варта разглядаць (прынамсі, у бліжэйшай пэрспэктыве) як галоўны рухавік пераменаў у беларускім грамадзтве;


• Альтэрнатыўныя моладзевыя арганізацыі аказваюцца больш «жыцьцястойкімі», чым ляяльныя. Але пашырэньня сымпатыяў да іх у беларускім соцыюме гэтаксама не адбылося: «утрымліваць» дасягнуты ў 90-х гадах узровень ім даводзіцца коштам вялікіх намаганьняў (дакладней сказаць, ахвяраў).

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG