Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі дагэтуль няма Закону аб абароне жывёлаў


Сёньня — Усясьветны дзень аховы жывёлаў, які адзначаецца з 1931 году.

У Беларусі дагэтуль няма Закону аб абароне жывёлаў. Толькі паводле афіцыйных дадзеных Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, у 2009 годзе ў краіне было адлоўлена каля 80 тысяч бяздомных котак і сабак, большасьць зь якіх забілі.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе няма Закону аб абароне жывёлаў, адзінай краінай у сьвеце, дзе няма ніводнага дзяржаўнага прытулку для жывёлаў, які б адпавядаў міжнародным нормам. Абаронай жывёлаў займаюцца толькі энтузіясты на грамадзкіх асновах. Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Заасьвет», рэдактар газэты «Сябры жывёлаў» Маргарыта Пушкевіч, паведаміла, што толькі ў Менску летась было зьнішчана каля 10 тысяч бяздомных жывёлаў:

«На нашы звароты да мэра Менску Мікалая Ладуцькі, каб адкрылі дабрачынны рахунак для збору сродкаў ад грамадзянаў на будаўніцтва прытулку, быў дадзены адказ, што прытулак заўчасны… У сталіцы эўрапейскай дзяржавы! Затое на нашы сродкі, сродкі ўладальнікаў сабак, будуецца гатэль для жывёлаў багатых уладальнікаў. Для таго, каб „Фаўна гораду“ паболей зарабляла грошай для адлову і далейшага забойства жывёлаў».

Закон прыняць можна, але закон будзе не на карысьць жывёлаў.
Намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Ратаваньне жывёлаў» Людміла Атрашкевіч кажа, што Закон аб ахове жывёлаў быў распрацаваны і не аднойчы разглядаўся парлямэнтам, але гэты дакумэнт не адпавядае міжнародным стандартам. У падобным законе дакладна павінен быць прапісаны мэханізм стварэньня прытулкаў доўгатэрміновага і пажыцьцёвага ўтрыманьня жывёлаў:

«Для таго, каб цывілізавана вырашаць праблему, патрэбныя прытулкі, у якія можна было б зьмяшчаць бяздомных жывёлаў. Цяпер адзінае месца — накіраваць іх у „Фаўну гораду“. А ў „Фаўне горада“ трымаюць 10 дзён. Жывёла будзе ўсыпленая праз 10 дзён. Закон прыняць можна, але закон будзе не на карысьць жывёлаў».

У Беларусі адсутнічае наркоз для жывёлаў — ёсьць толькі прэпараты, якія робяць жывёлаў нерухомымі, але яны ўсё адчуваюць і часьцяком паміраюць ад болевага шоку. У краіне няма гуманных прэпаратаў для ўсыпленьня жывёлаў, кажа старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Заасьвет», рэдактар газэты «Сябры жывёлаў» Маргарыта Пушкевіч:

«У Рэчыцы іх атручваюць чадным газам, у Стоўбцах забіваюць падручнымі сродкамі і дытылінам. Гэта курарападобны яд — дытылін, які забаронены ў Эўропе, бо жывёла пакутуе і памірае цягам некалькіх гадзінаў у страшэнных пакутах ад удушша».

Але і людзі часьцяком не нясуць адказнасьці за жывёлаў, якіх спачатку трымаюць у кватэрах, на лецішчах, а потым проста выкідаюць на вуліцу і застаюцца беспакаранымі, кажа юрыст, дарадца грамадзкіх аб’яднаньняў па ахове жывёлаў Алена Фіранчук:

Ніхто яшчэ нікога не пакараў за выкінутых сабакаў, асабліва службовых, вялікіх сабакаў.
«Ніхто яшчэ нікога не пакараў за выкінутых сабакаў, асабліва службовых, вялікіх сабакаў. Людзі выкінулі жывёлу, сабакі на дварэ ад голаду зьдзічэлі, кагосьці пакусалі, сабак расстралялі — усё нармальна, быццам бы. Але ніхто яшчэ ні разу не дакапаўся да таго, адкуль гэты сабака зьявіўся на дварэ. Караць трэба тых, хто іх выкідае».

Алена Фіранчук перакананая, што выхаваньне гуманнасьці ў адносінах да жывёлаў — надзвычай сур’ёзнае пытаньне:

«Гэта тыя ж пытаньні бясьпекі нацыі. Гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне, што да падрастаючага пакаленьня — маўляў, ну падумаеш, гэта толькі котка, гэта толькі сабака… Быў нядаўна жудасны выпадак, калі падлеткі бамжа спалілі жыўцом. А ўсё пачыналася з жорсткага абыходжаньня з коткамі і сабакамі. А потым пераходзяць на людзей — падумаеш, гэта чыёсьці жыцьцё».

Паводле старшыні камісіі па праблемах ЧАЭС, экалёгіі і прыродакарыстаньня Палаты прадстаўнікоў Сяргея Канопліча, цяпер пачалася падрыхтоўка для распрацоўкі новага законапраекту аб абароне жывёлаў, і распрацаваны ён павінен быць да канца 2011 году.
XS
SM
MD
LG