Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакумэнты Мытнага саюзу пачалі “паляпшаць”


Міхаіл Русы

Міхаіл Русы

Сёньня адкрылася восеньская сэсія Палаты прадстаўнікоў. І на першым жа паседжаньні дэпутаты ўнесьлі зьмяненьні ў пагадненьні, якія дзейнічаюць у рамках Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі. З гэтай нагоды экспэрты адзначаюць: дакумэнты Мытнага саюзу пачалі працаваць усяго тры месяцы таму, а іх ужо неабходна карэктаваць.

Зьмены сёньня ўнесьлі ў пагадненьні, якія тычацца карантыну расьлінаў і вэтэрынарна-санітарнага кантролю. Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Міхаіл Русы патлумачыў: у дакумэнты неабходна ўключыць некаторыя новыя палажэньні і дапаўненьні. Так, напрыклад, «падкарантынная прадукцыя, якая вывозіцца з мытнай тэрыторыі Мытнага саюзу, павінна адпавядаць патрабаваньням, якія прад’яўляе краіна-імпартэр…». У дзейных пагадненьнях такога палажэньня няма.

Аналітык Паўлюк Быкоўскі, які назіраў за выступленьнямі ў Авальнай залі, адзначае:

Паўлюк Быкоўскі
«Хутчэй за ўсё гэта зьвязана з тым, што Казахстан настойваў на зьменах у дакумэнтах. Бо што тычыцца Беларусі і Расеі, то тут дакумэнты былі ўніфікаваныя на 90% у межах Саюзнай дзяржавы. А вось з Казахстанам вялікі працэс уніфікацыі дакумэнтаў. І ня факт, што Казахстан ва ўсіх выпадках будзе ісьці паўторам расейскага ўзору. Там будуць навязвацца пэўныя свае асаблівасьці.

Акрамя таго нядаўна былі ўспышкі вэтэрынарных захворваньняў акурат у Казахстане, у Расеі. Магчыма, гэта таксама паўплывала на некаторыя зьмены ў стандартах».

Дэпутаты скарысталіся прысутнасьцю на трыбуне міністра і запыталіся: ці ёсьць сёньня перашкоды для распаўсюду беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на тэрыторыі Расеі і Казахстану?

Міхаіл Русы: «Ніякіх перашкодаў няма. Квотаў нма. Мы працуем свабодна на рынках, можна казаць, на ўзроўні нашай дзяржавы. Таму што ўсе сэртыфікаты — каранцінныя, якасныя ды іншыя — прызнаюцца бакамі. Я думаю, гэта садзейнічае нарошчваньню нашага экспэртнага патэнцыялу ў стварэньні сур’ёзных аб’ёмаў Мы плянуем атрымаць станоўчае сальда па выніках году, прыкладна мільярд 300 мільёнаў даляраў толькі па сельскай гаспадарцы».

Паўлюк Быкоўскі лічыць: міністар выказаў афіцыйную пазыцыю:

«Яна станоўчая такая. Але варта зазначыць, што ў Расеі беларуская сельскагаспадарчая прадукцыя складае 1-2% ў спажываньні. І канкрэтна ў Маскве таксама. Таму і заўважыць, што там было беларускага, без палітычнай падаплёкі немагчыма.

Ёсьць, вядома, рэгіёны, куды прадукцыя паступала яшчэ з савецкіх часоў. Таму, з аднаго боку, і Русы мае рацыю. А з другога, можна меркаваць, што галоўны вэтэрынар Расеі будзе па-ранейшаму знаходзіць у нас недахопы. І тады, калі гэта будзе патрэбна, будуць узьнікаць і малочныя, і сьвінячыя, і яшчэ якія заўгодна войны».

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёньня адзін за адным адмаўляліся камэнтаваць апошнія выказваньні прэзыдэнта Расеі наконт ягонага беларускага калегі. І толькі намесьнік старшыні Палаты Віктар Гумінскі заявіў:

«Мядзьведзева пакуль ня чуў і не чытаў. Магу сказаць толькі пра нашага прэзыдэнта. Ён сказаў усё чэсна, прама, адкрыта і не хаваючы. Відаць, прыйшоў час назваць рэчы сваімі імёнамі».
XS
SM
MD
LG