Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тбілісі зь Менскам складваюцца “выдатныя адносіны”, і Грузія мае падставы разьлічваць, што з боку Беларусі сувэрэнітэту краіны нічога не пагражае, – заявіла ў панядзелак намесьнік міністра замежных справаў Грузіі Ніно Каландадзэ.

“Мы задаволеныя двухбаковымі адносінамі і працуем на іх паглыбленьне з абодвух бакоў... Грузія ня мае падстаў для падазрэньняў, што яе сувэрэнітэту з боку Беларусі пагражае небясьпека... Нішто не паказвае на тое, што Беларусь не бароніць міжнародных прынцыпаў”, – сказала Каландадзэ, паведамляе агенцтва newsgeorgia.ru.

Закрануўшы крытыку пазыцыі Менску з боку кіраўніцтва Расеі, прадстаўнік грузінскага МЗС адзначыла, што “Расея працягвае інтэнсіўную прапагандысцкую палітыку прызнаньня акупаваных тэрыторыяў Грузіі”.

“Улады РФ хочуць, каб да прызнаньня (Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі) далучылася як мага больш дзяржаваў, але намаганьні не прыносяць посьпеху, што, натуральна, выклікае раздражненьне”, – заявіла спадарыня Каландадзэ, камэнтуючы ўчорашні відэазварот прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.
XS
SM
MD
LG