Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбольшую колькасьць камэнтароў на мінулым тыдні выклікала тэма беларуска-расейскіх адносінаў – у кантэксьце будучых прэзыдэнцкіх выбараў (ці, як выказаліся б некаторыя нашыя сталыя камэнтатары, “выбарчага фарсу”).

Бясспрэчным лідэрам зрабіўся старшыня “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч, чый артыкул “Ня бойцеся рускіх!” быў зьмешчаны на вэб-сайце Свабоды.

Свае аргумэнты на карысьць ідэяў, выкладзеных у артыкуле, прапануе Siarhiej:

Факты: у нас доўгая мяжа з Расеяй, у нас моцная 5-я калона, мы набываем там 80% сыравіны, мы прадаем туды 50% нашых тавараў, нас перараблялі на маскалёў і саўкоў 200 гадоў, ...Колькі патрэбна часу каб з усім гэтым разабрацца нават пры спрыяльных умовах?

Іншае меркаваньне ў сталага наведніка форумаў Свабоды Бенедзікта:

Добра, калі гэты стыль напісаньня і думка - толькі водгук інфантыльнасьці ў маладога палітыка... Прыклад з прыбалтыйскімі краінамі няўдалы - кантроль за сваемі краінамі, належыць прыбалтам. Варта адзначыць, пры гэтым, што адсотак расейцаў, у згаданых краінах, значна вышэйшы чым на Беларусі...Другое - кантроль Расеі на Беларусі, пры расейскім стаўленіку - Лукашэнку, татальны. І весьці гаворку пра вырашальны расейскі ўплыў, пры дэмакратычнай уладзе, прыкладна тое самае, як раіць хвораму на запаленьне лёгкіх, лекаваньне пры дапамозе лядовых ваннаў... Сумна, што моладзьдзю кіруюць палітычна малаадукаваныя людзі...


Аўтара артыкула падтрымала Аксана :

Малайца, Зьміцер! Нармальны, малады беларус, якому абрыдла сядзець у сьмярдзючым балоце русафобіі. І тое, як тут вызьверыліся на яго сталыя насельнікі гэтага балота - зарука, што ўсё ён напісаў правільна.


Наведнік форуму Dim, па тэрміналёгіі папярэдняй камэнтатаркі, адзін з насельнікаў “сьмярдзючага балота русафобіі”, не пажадаў абмяняць яго на аазіс “нармальнасьці, а ўзяў і прапанаваў выбар з двух варыянтаў:

Альбо гэты хлопчык лiчыць сябе разумнейшым за усiх i збiраецца пайсьцi "далека", альбо праплочваецца з КГБ...


Без узгадкі фірмы Фелікса Эдмундавіча ў нас абыходзіцца рэдка якая вострая дыскусія; рэдка які больш-менш прыкметны палітычны дзеяч ня быў запісаны ў агенты (выключэньне не робіцца і для тых, хто гэтую сумнавядомую абрэвіятуру пэрыядычна згадвае ў дачыненьні да іншых).

Тут – нічога новага.

Новае – папрокі ўзростам (“хлопчык”, “інфантыльнасьць” і інш).; неяк яны ня чуліся, калі Дашкевіч альбо ягоныя паплечнікі ішлі пад дубінкі АМАПу і на “адсідкі”.

Піша Jazep:

Дзякуй, “дзіцятка”, парадаваў рэфлексіямі.... Ну і хто ж гэтае ... баіцца? І чаму гэта кожная новая генерацыя ў нас пачынае зь нуля, быццам бы да яго ну анічога й не было? Ну як бы гэта растлумачыць, - ну калі былы прэзідэнт Расеі, цяперашні кіраўнік расейскага ўраду на поўным сур’ёзе кажа кіраўніку іньшае дзяржавы, што Украіна ня ёсьць дзяржаваю і яе скора ня будзе – то што яны думаюць і кажуць пра нашую краіну?! А яшчэ існуе вельмі многа зьмястоўных кніжак і артыкулаў на гэтую тэму...

Да літаратуры раіць зьвярнуцца і Стары:

Усё ж правільна кажуць, што чалавеку да 35 гадоў у палітыцы рабіць няма чаго. Няма 35 -- у палітыку ня лезь! Але калі не стае ўласнага вопыту, хай бы пачытаў якія кнігі па гісторыі.

Чытаць кнігі, у тым ліку і па гісторыі, нікому і ніколі не зашкодзіць. Зь некаторых кніг, напрыклад, можна даведацца, што Леў Сапега стаў падканцлерам Вялікага Княства Літоўскага ў 28 гадоў, а канцлерам ВКЛ – у 32. Кастусь Каліноўскі скончыў свой зямны шлях у 26. Антону Луцкевічу ў момант ініцыяваньня ім незалежнасьці БНР было 34 гады. Можна пашукаць прыклады выніковай палітычнай дзейнасьці і ў сучаснасьці. Аўтару гэтага камэнтару будзе цікава даведацца, колькі гадоў было некаторым з тых дэпутатаў, якія ў 1991 годзе дамагліся беларускай незалежнасьці: Лявон Баршчэўскі, Віталь Малашка і Сяргей Слабчанка – 33, Юры Беленькі – 31, Ігар Гермянчук – 29, Мікола Маркевіч – 28.

Зрэшты, як кажуць – калі маладосьць ёсьць недахопам, дык менавіта тым, які хутка мінае...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG