Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплывае канфлікт Лукашэнкі і Мядзьведзева на выбары ў Беларусі?


Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў у апошнім відэаблогу выступіў з жорсткай крытыкай на адрас Лукашэнкі. У прыватнасьці, ён абвінаваціў беларускага кіраўніка ў вядзеньні перадвыбарчай кампаніі за кошт антырасейскай рыторыкі і параіў расьсьледаваць справы аб зьнікненьні людзей. Як паўплывае абвастрэньне канфлікту паміж афіцыйнымі Менскам і Масквою на выбарчую кампанію ў Беларусі?

У пятніцу Аляксандар Лукашэнка перад журналістамі рэгіянальных расейскіх СМІ пэрсанальна абвінаваціў Дзьмітрыя Мядзьведзева ў "неразумнай бязмозглай палітыцы" адносна Беларусі і выказаў падтрымку звольненаму расейскім прэзыдэнтам мэру Масквы Юрыю Лужкову. Адказ з Крамля на гэтыя і іншыя закіды зьявіўся праз два дні ў выглядзе відэаблогу расейскага прэзыдэнта на ягоным афіцыйным сайце. Нагадаўшы пра немалую матэрыяльную падтрымку Беларусі з боку Расеі, Мядзьведзеў выказаў зьдзіўленьне тым, што Лукашэнка будуе сваю перадвыбарчую кампанію на "праклёнах на адрас расейскага кіраўніцтва", і выказаў абурэньне тым, што Лукашэнка парушае "ня толькі дыпляматычныя правілы, але і элемэнтарныя чалавечыя нормы прыстойнасьці":
Прэзыдэнту Беларусі варта было б, нарэшце, расьсьледаваць шматлікія справы аб зьнікненьні людзей" ...

"Падобныя паводзіны зьяўляюцца ганебнымі, і партнэры сябе так не паводзяць. І, вядома, мы будзем улічваць гэта пры выбудоўваньні адносін зь дзейным прэзыдэнтам Беларусі. Затое на адрас Расеі і яе кіраўніцтва ідуць патокі абвінавачваньняў і лаянкі. На гэтым пабудаваная ўся выбарчая кампанія Лукашэнкі. Яго турбуе вельмі многае: і навядзеньне парадку ў нашых эканамічных адносінах, і кантакты расейскіх сродкаў масавай інфармацыі зь беларускай апазыцыяй, і нават лёс некаторых нашых высокапастаўленых пэнсіянэраў і звольненых чыноўнікаў. Прэзыдэнту Беларусі варта было б займацца ўнутранымі праблемамі. У тым ліку, нарэшце, расьсьледаваць шматлікія справы аб зьнікненьні людзей".

Мядзьведзеў нагадаў, што з аналягічным зваротам год таму ён выступіў на адрас былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі, які ўрэшце страціў пасаду не без дапамогі Масквы. Як далёка гатовая Масква пайсьці гэтым разам? Меркаваньне дырэктара маскоўскага Інстытуту СНД, дэпутата Дзярждумы Расеі Канстанціна Затуліна:

Канстанцін Затулін
"Я не прадбачу такіх вынікаў для Лукашэнкі, якія былі ў выпадку зь Юшчанкам. Сытуацыя ў Беларусі і Ўкраіне істотна розная, істотна іншы палітычны рэжым і аўтарытэт вярхоўнай улады. Безумоўна, ускладненьне з Расеяй не дадае папулярнасьці А. Лукашэнку напярэдадні выбараў".

На думку спадара Затуліна, у адрозьненьне ад украінскай выбарчай сытуацыі Расея цяпер зусім не гатовая рабіць нейкую стаўку на беларускіх выбарах.

Затулін мяркуе, што Расея хоча ясна разьмежаваць свае адносіны да Беларусі і адносіны да Лукашэнкі, і ў гэтым была мэта выказваньняў Мядзьведзева. Што да згадкі Мядзьведзева пра зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі, то, на думку Затуліна, ня варта чакаць нейкага разьвіцьця гэтай тэмы з расейскага боку:

"Тут Мядзьведзеў кажа тое, што ўсім вядома і што зьяўляецца сур'ёзнай прэтэнзіяй, сур'ёзным сумневам у дачыненьні да Лукашэнкі. Ідзецца пра ягоныя мэтады працы з апазыцыяй і пра тую рысу, якую ён, цалкам магчыма, некалі перайшоў у гэтым пытаньні".

Менскі палітоляг Аляксей Кароль зьвяртае ўвагу на тое, што Мядзьведзеў выказаў нязгоду ня толькі з пазыцыяй Лукашэнкі ў міжасабовых адносінах, але і з палітычным курсам, які праводзіць ягоны рэжым:

Аляксей Кароль
"Я ня думаю, што гэта сьведчыць пра гатоўнасьць да непасрэднага ўмяшаньня ў ход выбарчай кампаніі ў Беларусі, але ўплыў на кампанію гэта пэўным чанам робіць. Мяркую, што разьвіцьцё падзеяў будзе пасьля выбараў. Яны будуць характарызавацца ціскам на Лукашэнку праз эканоміку і палітычныя дзеяньні. І расьсьледаваньне спраў зьніклых можа стаць асноўнай палітычнай зброяй у руках расейскага боку".

Спадар Кароль мяркуе, што ціск Расеі на Лукашэнку карысны дэмакратам Беларусі, бо можа паспрыяць пераменам. Але пры гэтым ён зазначыў, што трэба мець на ўвазе і пагрозы з боку імпэрскай палітыкі Расеі.

Удзельнікі выбарчай гонкі ў Беларусі таксама перакананыя, што абвастрэньне канфлікту Мядзьведзева і Лукашэнкі ўплывае на кампанію. Але лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч мяркуе, што гэты фактар ня будзе вырашальным:

Сяргей Гайдукевіч
"У Беларусі няма пракрамлёўскіх кандыдатаў. Трэба забыць і выкінуць здагадкі, што камусьці пашанцуе, камусьці не, а кагосьці Расея падтрымае. Трэба працаваць зь беларускім электаратам і дамагацца посьпехаў тут".

Іншы патэнцыйны кандыдат на выбарах Уладзімер Някляеў галоўны зьмест блогу Мядзьведзева акрэсьліў наступным чынам:

Уладзімер Някляеў
"Гэты мэсыдж заключаецца ў тым, што Расеі вядомая датычнасьць беларускай улады да зьнікненьня вядомых беларускіх палітыкаў. Гэта самае сур'ёзнае папярэджаньне, якое меў Лукашэнка за ўвесь апошні час. З гэтага вынікае, што Расея мае не абы-якія намеры ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Калі яна ня будзе ў іх удзельнічаць 19 сьнежня, то пралянгіруе гэткія адносіны да Лукашэнкі надалей і дае яму зразумець, што, па сутнасьці, ён абіраецца ў нікуды".

Канфлікт афіцыйнага Менску і Масквы карысны беларускім дэмакратам, якім трэба шукаць саюзьнікаў, у тым ліку і ў Расеі, перакананы Ўладзімер Някляеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG