Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мушараф хоча выратаваць Пакістан "ад цемры"


Пэрвэз Мушараф

Пэрвэз Мушараф

Былы прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушараф сказаў нашаму радыё, што ён мае намер вярнуцца да ўлады разам з новай партыяй, якую ён стварыў пад выбары 2013 году.

“Я ствараю гэтую новую партыю, таму што ў палітычным краявідзе Пакістану я ня бачу ніякай іншай партыі, якая можа выратаваць краіну ад цемры, у якой яна цяпер знаходзіцца”, – сказаў Мушараф, які жыве ў Лёндане, у эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё.

Пэрвэз Мушараф (нар. 1943) прыйшоў да ўлады ў Ісламабадзе ў 1999 годзе ў выніку бяскроўнага перавароту, які ён, будучы галоўнакамандуючым пакістанскай арміі, арганізаваў супраць цывільнага ўраду Наваза Шарыфа. У жніўні 2008 Мушараф адмовіўся ад пасады прэзыдэнта пад ціскам кааліцыйнага ўраду, які пагражаў яму імпічмэнтам. У верасьні 2008 Мушарафа на прэзыдэнцкай пасадзе замяніў Асіф Алі Зардары.

Новая партыя Мушарафа мае назву Усепакістанская мусульманская ліга. Яе прэзэнтацыя адбылася 1 кастрычніка ў Лёндане. Мушараф упэўнены, што яму ўдасца знайсьці падтрымку для сваёй партыі ў Пакістане і што ён зможа вярнуцца ў сваю краіну перад выбарамі 2013 году.

За “прагрэсіўны і адукаваны” іслам

У сваёй праграме Ўсепакістанская мусульманская ліга заяўляе, між іншым, што ні адзін закон, прыняты ў Пакістане, не павінен супярэчыць Карану. Але Мушараф адкідвае абвінавачаньні ў тым, што ягоная партыя хоча падпарадкаваць палітычнае жыцьцё краіны рэлігійнаму фундамэнталізму. Сваё бачаньне ісламу былы пакістанскі прэзыдэнт называе "прагрэсіўным і адукаваным". У прыватнасьці, Мушараф кажа, што ён не падзяляе інтэрпрэтацыі Карану, паводле якой ісламскім жанчынам нельга атрымліваць адукацыі і ўдзельнічаць у публічным жыцьці.

Вайну за Афганістан трэба выйграваць у Афганістане

Мушараф таксама пярэчыць меркаваньням, паводле якіх ён, будучы прэзыдэнтам, дазваляў ісламскім тэрарыстам і экстрэмістам бесьперашкодна весьці змаганьне з войскамі НАТО ў Афганістане з памежнай тэрыторыі ў Пакістане. Ён называе такія меркаваньні "памылковым бачаньнем" і сьцьвярджае, што вырашэньне праблемы тэрарызму і экстрэмізму залежыць у пераважнай ступені ад Афганістану:

“У гарах Пакістану ёсьць талібы, але іхныя галоўныя сілы знаходзяцца ў Афганістане. Стварылася памылковае бачаньне, што праблема – у Пакістане. Хто выйграе вайну ў Афганістане, той выйграе яе і ў Пакістане. Выйграючы вайну ў Пакістане, вы не вырашаеце выйгрышу ў Афганістане”, - заявіў Мушараф.

Пакуль што шанцы на вяртаньне Мушарафа ў палітыку ацэньваюцца, як пакістанскімі палітыкамі, так і палітычнымі камэнтатарамі, як мізэрныя.
XS
SM
MD
LG