Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэсавы сакратар Мядзьведзева: Адносіны зь беларускім кіраўніцтвам ужо ня будуць ранейшымі


Натальля Цімакова

Натальля Цімакова

Антырасейская рыторыка прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зрабіла ўплыў на стаўленьне да яго ў Расеі, заявіла прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Натальля Цімакова.

Цімакова назвала відавочным той факт, што апошнім часам адносіны зь беларускім кіраўніцтвам зайшлі ў тупік. Так яна адкамэнтавала апошні відэаблог прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева.

"З улікам апошніх камэнтароў, якія даў прэзыдэнт Беларусі апошнім часам, відавочна, што гэтыя адносіны ўжо ня будуць ранейшымі", — адзначыла Цімакова.

Улады РФ з этычных меркаваньняў не даюць камэнтароў пра стан дэмакратыі ў Беларусі і ўзаемаадносіны Аляксандра Лукашэнкі з апазыцыяй, але расейскія СМІ дадуць сваю ацэнку падзеям, якія там адбываюцца, заявіла ў панядзелак прэс-сакратар расейскага лідэра Натальля Цімакова журналістам.

"Прадстаўнікі расейскай улады не камэнтуюць "добрыя" адносіны Лукашэнкі з апазыцыяй, ступень рэалізацыі палітычных свабодаў не таму, што няма чаго сказаць, а з этычных меркаваньняў. Гэта ня тычыцца СМІ і палітычных рухаў", — сказала Цімакова.

"Не сумняваюся, што яны выкажуць сваю ацэнку таго, што адбываецца ў Беларусі", — дадала яна.

Прэзыдэнты іншых краін не павінны ўмешвацца ва ўнутраныя справы РФ, у тым ліку ў адстаўкі і прызначэньне кіраўнікоў рэгіёнаў, паведаміла прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Натальля Цімакова.

У мінулую пятніцу прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка нэгатыўна адгукнуўся на рашэньне прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева адхіліць Юрыя Лужкова ад пасады мэра Масквы з фармулёўкай "страта даверу". Лукашэнка паведаміў, што напісаў былому мэру ліст падтрымкі.

"Замежныя прэзыдэнты, якія мераюць сябе зь расейскімі губэрнатарамі, чамусьці зьвязваюць свой палітычны лёс зь лёсам пакінутых кіраўнікоў рэгіёнаў. Ім трэба займацца сваімі ўнутранымі справамі, а яны ёсьць", — сказала Цімакова.

Яна нагадала, што ў Беларусі хапае сваіх праблем. Цімакова назвала вывядзеньне эканомікі з крызісу, збор ураджаю, пошук крыніц фінансаваньня для выплаты пэнсіяў, аздараўленьне палітычнай сыстэмы.

"Камэнтаваць унутраную сытуацыю ў Расеі — ня іх справа", — заявіла Цімакова.

3 кастрычніка прэзыдэнт РФ Дзьмітры Мядзьведзеў у сваім відэаблогу рэзка скрытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і прыгадаў беларускую апазыцыю:

"На адрас Расеі і яе кіраўніцтва ідуць хвалі абвінавачаньняў і лаянкі. На гэтым пабудавана ўся выбарчая кампанія Лукашэнкі. Яго непакоіць шмат што: і навядзеньне парадку ў нашых эканамічных адносінах, і стасункі расейскіх сродкаў масавай інфармацыі зь беларускай апазыцыяй, і нават лёс некаторых нашых высокапастаўленых пэнсіянэраў і звольненых чыноўнікаў", — заявіў Мядзьведзеў.

Ён таксама параіў Лукашэнку: "Прэзыдэнту Беларусі варта было б займацца ўнутранымі праблемамі. У тым ліку нарэшце расьсьледаваць шматлікія справы аб зьнікненьні людзей. Расеі, як і іншым краінам, гэта неабыякава".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG