Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Трэба самому актыўна ўдзельнічаць у кампаніі"


У эфіры "Званкі на Свабоду". Асноўная колькасьць тэлефанаваньняў слухачоў тычацца прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі расейскім журналістам, а таксама прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Пра гэта ў перадачы Ліліі Болбас.


Слухачка "Свабоды" падзялілася сваімі назіраньнямі, як ініцыятыўныя групы зьбіраюць подпісы за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта.

"Вяртаюся з працы і бачу здалёк два пікеты з партрэтамі Някляева і Саньнікава. Добра відаць прозьвішчы. Чаргі няма, але людзі падыходзяць увесь час. Адзін забірае пашпарт, наступны ўжо перадае свой.

Іду далей. Два вялікія парасоны з надпісам "Белая Русь", дзьве дамачкі гадоў па 45 і ніякіх партрэтаў і прозьвішчаў. Усе пытаюцца: "За каго агітуеце?" Спусьціўшы вочы, адказваюць: "За Лукашэнку". Людзі адразу адыходзяць. Усе кажуць: "А чаго вы тут стаіце? Ваш кандыдат даўно ўсё сабе намаляваў". Дзе толькі бегае наша БТ?"

Яшчэ адзін наш слухач выказвае абурэньне працай ініцыятыўнай групы кіраўніка дзяржавы:

"Як зьбіраюць подпісы за Лукашэнку?! Яны не патрабуюць пашпарту! Гэта чорт ведама што. Няхай карэспандэнты прыйдуць і правераць".

Сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Сяргей Вазьняк камэнтуе гэтыя званкі:

"Сябры ініцыятыўнай групы Лукашэнкі разумеюць — як бы яны ні зьбіралі подпісы, паводле заканадаўства альбо з парушэньнямі, — іх прызнаюць сапраўднымі. Таму паўсюль падпісваюцца са слоў, бяз пашпарту... Радыя, што хоць нехта падышоў.

У Менску прыкметна, што самыя малалюдныя пікеты — гэта пікеты за Лукашэнку. За альтэрнатыўных кандыдатаў бывае, што й чарга стаіць з 5—7 чалавек, а ў Лукашэнкі — цішыня. Гэта сьведчыць аб падзеньні аўтарытэту. Ніякіх дзьвюх трацінаў няма".

Слухачы абмяркоўваюць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі перад расейскімі журналістамі. Адзін са слухачоў глядзеў выступ па тэлебачаньні разам зь сям'ёю. Ён патэлефанаваў з абурэньнем:

"І дзеці малалетнія прысутнічалі. Празь нейкі час мая 8-гадовая дачка запытвае: "Тата, а што гэта значыць, што дзядзю прэзыдэнта ўсё нахіляюць і нахіляюць?" Ледзь выкруціўся з гэтага нязручнага становішча.

Таму хацеў бы параіць нашаму ўсенародна абранаму сваю сэксуальную заклапочанасьць выказваць на нейкіх закрытых паседжаньнях адміністрацыі прэзыдэнта ці на хакейнай пляцоўцы, а ня ганьбіць Беларусь перад усім сьветам".

Іншы слухач зазначыў, што выступ патэнцыйнага кандыдата перад журналістамі — ні што іншае, як адкрытая агітацыя:

"Учора 5 гадзінаў выступаў. Гэта ж агітацыя ў часе збору подпісаў. Чаму ніхто ня робіць ніякіх захадаў? Да якога часу гэта ўсё будзе?!"

Патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзыдэнта Яраслаў Раманчук адказвае слухачам:

Яраслаў Раманчук
"На жаль, сп.Лукашэнка пачаў сваю перадвыбарчую кампанію з парушэньня. ЦВК ніяк не адрэагаваў на гэта. Цяпер і губэрнатар Берасьця прызнаўся, што фальсыфікаваў выбары. Таму Лукашэнка мусіць быць прызнаны нелегітымным. Але ён узначальвае, па сутнасьці, усе органы ўлады і падпарадкоўвае ЦВК. Няма чаго чакаць, што Лукашэнка атрымае папярэджаньні за парушэньні.

Трэба разьлічваць на свае сілы і выкарыстоўваць той шанец, які цяпер выпаў кандыдатам. Трэба актыўна ўдзельнічаць у пікетах ня толькі кандыдатам, але й прадстаўнікам грамадзкай супольнасьці. Трэба самому актыўна ўдзельнічаць у кампаніі".

Наша слухачка патэлефанавала пасьля таго, як праслухала ранішні эфір:

"Пачула раніцай, як Малады фронт перадаў дзецям кніжкі. Калі чуеш, як у нашым невялікім мікрараёне дапазна ўначы п'яныя маты, выкрыкі той моладзі, якую нават моладзьдзю называць ня хочацца, нашай сапраўды беларускай моладзі пакланіцца можна. За што іх дубінкамі зьбіваюць?

Нашы дзеці ў дзіцячых дамах па-за палітыкай. Можа, і цукерку яны б зьелі не адну яшчэ, каб не "Дажынкі" спадара Лукашэнкі, розныя дарагія прэс-канфэрэнцыі і надыходзячы зьезд "народных рупліўцаў"".

Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG