Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Хаця Лукашэнка публічна адмовіўся завесьці сабе блог (а дарэмна - мог бы троліць Мядзьведзева ды чаціцца за жыцьцё з Уга Чавэсам), усё-ткі беларуская ўлада робіць нясьмелыя спробы быць або хоць здавацца сучаснай.

Вось тэлеканал АНТ запусьціў гумарыстычнае шоў «Кухня», у рамках якога «сьмела выносяць на абмеркаваньне самыя гарачыя тэмы і атрымліваюць на іх ня менш сьмелыя адказы». Паводле меркаваньня Яўгена Крыжаноўскага, запрошанага ўдзельніка пілётнага выпуску праграмы, гэтае шоў мелася стаць «першым крокам да пераменаў, свабоды слова і галоснасьці ў Беларусі».

ДАЗВОЛЬЦЕ СКАЗАЦЬ ВАМ ПРАМА, ГРУБА: ВЫ ВЯЛІКІ ЧАЛАВЕК, ГАСУДАР!


Каб яшчэ чутае ды пабачыць. Нягледзячы на тое, што тэма першага выпуску была абраная сапраўды гарачая - прэзыдэнцкія выбары - вядучыя сьмела праігнаравалі ўсіх апазыцыйных кандыдатаў, не згадаўшы ніводнага зь іх. Згадваліся толькі Лукашэнка і ягоны правераны камічны канкурэнт Гайдукевіч. Гледачу прапанавалася пасьмяяцца з прагнозу Крыжаноўскага, па сумяшчальніцтве кіраўніка ўпраўленьня агітацыі і прапаганды ЛДПБ, што наступным прэзыдэнтам будзе якраз старшыня ягонай партыі. Нібыта павінна быць сьмешным, бо абсурдна. Але, як на мой густ, калі чалавек перадпэнсійнага ўзросту трэці раз надзявае на сябе каўпак блазна і крыўляецца на пацеху гаспадару - гэта выклікае хутчэй агіду, чым сьмех.

Апазыцыянэру была адведзеная незайздросная роля вечнага аўтсайдэра. Крыжаноўскі распавёў анэкдот, дзе апазыцыянэр вяртаецца ўжо пасьля выбараў з замежжа, бачыць, што бібліятэка па-ранейшаму сьвеціцца, людзі вясёлыя, прыходзіць дамоў - сьвятло ёсьць, батарэі гарачыя, і ён, усё зразумеўшы, усклікае ў роспачы: ізноў Лукашэнку выбралі!

Адным словам, сьмеласьць стваральнікаў праграмы аказалася роднаснай сьмеласьці першага міністра з п'есы Шварца «Голы кароль»:

«Першы міністар. Ваша вялікасьць! Вы ведаеце, што я стары сумленны, стары прамы. Я проста кажу праўду ў вочы, нават калі яна непрыемная. Бо я стаяў тут увесь час, бачыў, як вы, адкрыта кажучы, прачынаецеся, чуў, як вы, груба кажучы, сьмеяцеся, і гэтак далей. Дазвольце вам сказаць прама, ваша вялікасьць...
Кароль. Кажы. Ты ведаеш, што я на цябе ніколі не сярдую.
Першы міністар. Дазвольце мне сказаць вам прама, груба, па-дзядоўску: вы вялікі чалавек, гасудар!
Кароль (ён вельмі задаволены). Ну-ну. Навошта, навошта.
Першы міністар. Не, ваша вялікасьць, не. Мне сябе не перасіліць. Я яшчэ раз паўтару - прабаыце мне маю распушчанасьць - вы волат! Сьвяціла!»


«Я ўпэўнены, што ўся Беларусь сёньня ахнула, проста ахнула, калі ўбачыла такое». Гэтыя словы Крыжаноўскага, сказаныя ім напрыканцы праграмы, успрымаюцца як адзіная праява вельмі тонкага гумару.

ОЙ, ГЛЯДЗІЦЕ, ЧОРНЫ!


Дзеля таго, каб неяк запоўніць пустату, утвораную ад вымушанага змаўчаньня, удзельнікі праграмы сьмела бралі тэмы са столі і высмоктвалі жарты з пальца. Штучна і натужліва сябе стымулюючы, імкнучыся выціснуць хоць якую кроплю сьмешнага.

«Ці мае шанцы ў Беларусі цемнаскуры кандыдат?», - сьмела пыталіся вядучыя ў Крыжаноўскага. А той ня менш сьмела адказваў: «Безумоўна, па прыколе некалькі галасоў ён зьбярэ... Гэта стане сэнсацыяй, бо тэлебачаньню будзе хоць што паказваць... Не, ня мае». Пасьля чаго на сцэну выходзіць афрыканец у касьцюме кандыдата, аўдыторыя ажыўлена сьмяецца, Крыжаноўскі спалохана хрысьціцца, нібы чорта ўбачыў, адзін зь вядучых ціха тлумачыць афрыканцу, маўляў, выбачай, шанцаў у цябе няма, пасьля чаго той сыходзіць, сумна хітаючы галавой.

АТРАКЦЫЁН ВЕРНАПАДДАНАСЬЦІ ці ТАЕМНАЯ ФРОНДА?


«Паколькі мы гаворым пра выбары... - Пра што мы гаворым?! Гэта Беларусь?..», - гэткі кароткі дыялёг, які прагучаў на пачатку праграмы, мог аказацца сьмешным, калі б з далейшага вынікала, што насамрэч можна бязбоязна жартаваць на тэму выбараў, не зважаючы на асобы. Аднак стваральнікі праекту прадэманстравалі нешта цалкам супрацьлеглае заяўленым мэтам - поўную адсутнасьць свабоды сьмеху.

У фінале Крыжаноўскі, нібы прыдурваючыся, лямантуе:

«Не вінаваты я! Хто глядзеў, клянуся вам - спакусілі, прымусілі казаць гэтую гадасьць! Аляксандр Рыгоравіч - толькі вы, толькі вы, і толькі вы! Госпадзе, за што?! Чацьвёра дзетачак! Чацьвёра дзетачак! Навошта падвялі, сволачы!»

І гэта выглядае, па-першае, благой камэдыяй, бо ніякіх «гадасьцяў» падчас праграмы не прагучала, наадварот, прэзыдэнту бязбожна лісьлівілі, прадстаўляючы яго заслужана безальтэрнатыўным кандыдатам, а па-другое, нейкім агідным атракцыёнам вернападданасьці.

Калі б яны толькі баяліся сказаць «штосьці ня тое» - яшчэ куды ні ішло. Дык не, гэтыя сарамлівыя ў адносінах да прэзыдэнта і наогул «вялікай палітыкі» гумарысты не пасаромеліся даць высьпятка Аляксандру Касінцу, губэрнатару Віцебскай вобласьці. Які стаў вядомым праз тое, што наважыўся «агрызнуцца» ў публічнай размове з Лукашэнкам.

Удзельнікі «Кухні» перабіралі ворах здымкаў мэдыя-пэрсонаў - ад Анатоля Ярмоленкі да Юры Дземідовіча, ад заморскай грудастай дзівы да Шрэка і Аватара, гадаючы ад няма чаго рабіць, якая пасада ва ўрадзе пасавала б кожнаму зь іх, яны раптам выцягнулі здымак Касінца. Якога ніхто з прысутных ня ведаў, ці то імітаваў няведаньне. «А навошта нам губэрнатар Віцебскай вобласьці?», - з такім пытаньнем адклалі фота дзёрзкага губэрнатара ў стос ужо разгледжаных.

Як тут не згадаць славуты дыялёг зь іншай п'есы Шварца - «Дракон»:

«- Асабіста я ні ў чым не вінаваты. Мяне так вучылі.
- Усіх вучылі. Але чаму менавіта ты аказаўся найлепшым вучнем, скаціна ты гэтакая?»


А можа, я чагосьці не разумею? І гэта насамрэч было таемнай фрондай, скрытай партызанскай дывэрсіяй, дуляй у кішэні, галоўнае тут - сам факт дэманстрацыі «мяцежнага» губэрнатара народу, зьвяртаньне на яго ўвагі? Усё-ткі ён адзіны з простых сьмяротных, хто ўдастоіўся гонару аказацца ў адной кампаніі зь Юрам Дземідовічам і Аватарам.


НЯВЕСТА НА ПРОДАЖ


Другі, учорашні выпуск «Кухні», прысьвечаны беларуска-расейскім адносінам, выйшаў у эфір адначасова зь вядомым зваротам Дзьмітрыя Мядзьведзева да грамадзянаў Беларусі. Аказаўшыся нібы загадзя падрыхтаваным «нашым адказам Чэмбэрлену». Адказам у найвышэйшай ступені двухсэнсоўным. Настолькі двухсэнсоўным, што і тут можна падазраваць «дулю ў кішэні», калі ня горш.

Распачалася праграма з расповеду пра беларуска-расейскія стасункі ў выглядзе стасункаў «жаніха і нявесты»:

«Гэта гісторыя пра каханьне, падобнае на сон. Каханьне чыстае і шчырае. Прыгажуні Беларусі і мужнага прыгажуна па імені Расея. Іх адносіны сталі разьвівацца пасьля распаду СССР. Пачаўся "цукерачна-букетны пэрыяд". Жаніх заляцаўся да нявесты, дарыў кветкі, газ і не даваў нагоды для адмоўнага сальда. Пасьля пяці гадоў рамантычных адносінаў жаніх усё ж зрабіў прапанову - яны ажаніліся другога красавіка 1996-го году. Жаніх зь першых жа дзён раскідваў у кватэры сваёй жонкі шкарпэткі і ракетныя ўстаноўкі. Яны сталі ўладкоўваць сваё жытло. Злыя языкі казалі, што гэта быў шлюб па разьліку... Так, пасаг у нявесты быў маленькі, але ён быў у добрым стане. Хтосьці казаў, што нявесьце патрэбныя ад жаніха рэсурсы, а жаніху ад нявесты - маленькая ўтульная кватэра ў цэнтры Эўропы з выдатным відам на Польшчу... Яны жылі добра, але раптам жаніх рэзка зьмяніўся - ён стаў раздражнёным і стаў чапляцца да ўсяго: то яму мяса ня тое падалі, то з малаком нейкія праблемы... Адносіны псаваліся, але тут на сьвет зьяўляецца супольнае дзіця - мытны зьвяз, які і павінен быў згуртаваць сям'ю. Але аказалася, што дзіця было непажаданым... Муж сказаў жонцы, што яна сама павінна плаціць за камунальныя паслугі... Ну а далей, далей вы ведаеце - пачаліся судовыя паседжаньні, якія працягваюцца і дагэтуль».


Паколькі расповед ілюстраваўся не якім-небудзь нэўтральным відэашэрагам (клясыкай жывапісу або кадрамі зь фільмаў), а дакумэнтальнымі фотаздымкамі прэзыдэнтаў двух дзяржаваў у розныя пэрыяды - ад абдымкаў і пацалункаў да прахалодных і непрыязных поглядаў - мімаволі складалася ўражаньне, што ты глядзіш нешта ня вельмі “традыцыйнае”: гаворка ня толькі і ня столькі пра гомаэратызм, колькі пра тое, што «нявеста» заставалася той самай, а вось «жаніхі» увесь час зьмяняліся, у пэўны момант «нявеста» наогул круціла раман адразу з двума «жаніхамі».

Калі апусьціць казку пра беларускі доўг за газ і расейскі доўг за транзыт - казку, чамусьці выкананую ў лубочным рускім стылі, з рускімі маўленчымі зваротамі і рускімі апранахамі, дзе Расея аказваецца царствам Кашчэя, а Беларусь, наадварот, нейкай чыстай рускай сьвятліцай - дык вось, калі гэтую казку апусьціць і перайсьці адразу да фіналу праграмы...

Вядома, стваральнікі другога выпуску маглі «самі не зразумець, што сказалі». Забыцца, з чаго ўсё пачыналася, і пераключыцца на штосьці сваё, запаветнае, ніякім чынам не зьвязанае зь беларуска-расейскімі стасункамі, зь гісторыяй гэтых «жаніха і нявесты» (дакладней «нявесты і жаніхоў»). А загаварылі яны ў фінале пра... легалізацыю прастытуцыі. Нават увялі ў студыю нейкіх няшчасных паўадзетых дзяўчат для навочнасьці. Яны падарылі госьцю праграмы Генадзю Давыдзьку - дэпутату Палаты прадстаўнікоў, які выступае за легалізацыю прастытуцыі і заклікае раўняцца на Галяндыю, а таксама лічыць, што сапраўдны дэпутат мусіць быць таксама выдатным палюбоўнікам («каб адчуваць, калі народу добра, а калі ня вельмі») - нейкую статуэтку і хорам падзякавалі за клопат пра лёс прастытутак. Заўважу, што прыхільнікі легалізацыі прастытуцыі ў значна большай ступені клапоцяцца пра лёс кліентаў прастытутак, але гэта асобная размова.

Бачыце, якая тут сувязь? «Нявеста»-Беларусь цяпер вольная, бо засталася бяз мужа і... гатовая рынуцца «ва ўсе цяжкія»? Ня проста дзеля задавальненьня ўласнай пажады, мы памятаем, што яна досыць карысьлівая кабета, а каб падзарабіць. Хацелася б бязь лішніх праблемаў, легальна, як у Галяндыі. Вось такі тонкі намёк на тое, што Беларусь, расстаўшыся з «мужным прыгажуном па імені Расея», вымушаная ісьці на панэль у эўропы.

Гэта можа быць крыкам душы, адчайнай скаргай, шантажом, санкцыянаванымі «на самым версе». А можа - схаванымі за «эзопавай мовай» кепікамі маладых журналістаў з дуляй у кішэні, якія выставілі свайго патрона распусьнікам і неразборлівай палітычнай шлёндрай. Вось і думай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG