Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка "дастаў" Мядзьведзева за рэкордныя тэрміны


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

На думку прэзыдэнта Расеі, кіраўнік Беларусі "выходзіць далёка за рамкі ня толькі дыпляматычных правілаў, але і элемэнтарнай людзкой прыстойнасьці". За якія рамкі гатовы выйсьці Дзьмітры Мядзьведзеў?

У нядзелю ўвечары на афіцыйным сайце прэзыдэнта Расеі зьявіўся відэаблог Дзьмітрыя Мядзьведзева, прысьвечаны адносінам зь Беларусьсю. Сказаўшы некалькі рытуальных фразаў пра беларуска-расейскую еднасьць і сяброўства, Мядзьведзеў пераходзіць да галоўнага: "Апошнім часам кіраўніцтва Беларусі прыняло на ўзбраеньне антырасейскую рыторыку. Перадвыбарчая кампанія там цалкам пабудаваная на антырасейскіх сюжэтах, на гістэрычных абвінавачваньнях Расеі ў нежаданьні падтрымліваць беларусаў і беларускую эканоміку, праклёнах на адрас расейскага кіраўніцтва".

Мядзьведзеў таксама заявіў, што прэзыдэнт Лукашэнка ў сваіх выказваньнях выходзіць далёка за рамкі ня толькі дыпляматычных правілаў, але і элемэнтарнай людзкой прыстойнасьці. Кіраўнік Расеі прыгадаў першую сустрэчу з Лукашэнкам на пасадзе кіраўніка расейскай дзяржавы: "Я памятаю, як я быў зьдзіўлены, калі пры нашай першай двухбаковай сустрэчы, замест таго каб засяродзіцца на расейска-беларускім супрацоўніцтве, ён вельмі падрабязна і ў выключна нэгатыўнай форме пачаў абмяркоўваць маіх папярэднікаў на пасадзе прэзыдэнта Расеі — Барыса Ельцына і Ўладзімера Пуціна. Мне давялося тады нагадаць калегу, што прадметам нашых перамоваў ёсьць зусім іншыя тэмы".

І яшчэ адну заяву Мядзьведзева я б асабліва адзначыў: "Прэзыдэнту Беларусі варта было б займацца ўнутранымі праблемамі. У тым ліку нарэшце расьсьледаваць шматлікія справы аб зьнікненьні людзей. Расеі, як і іншым краінам, гэта неабыякава", — заявіў Мядзьведзеў. Упершыню на тэму зьніклых у Расеі публічна загаварылі не журналісты і палітыкі другога эшалёну, а прэзыдэнт краіны.

У відэазаяве Дзьмітрыя Мядзьведзева няма нейкіх прамых пагрозаў ці заклікаў, але некаторыя рэчы дазваляюць гаварыць пра сур'ёзнасьць настрою прэзыдэнта Расеі. Па-першае, відавочна, што Лукашэнка чыста на асабістым узроўні, што называецца, "дастаў" прэзыдэнта Расеі. (Цікава, што калі з Пуціным адносіны пачалі актыўна псавацца ў 2003—2004 гадах, на чацьвёртым годзе прэзыдэнцтва Пуціна, то зь Мядзьведзевым Лукашэнка дабіўся такога ж выніку ўжо ўсяго за два гады). Чашу цярпеньня, як выглядае, перапоўнілі заявы Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі 1 кастрычніка.

Думаю, нездарма Мядзьведзеў прыпомніў свой зварот да ўкраінцаў год таму напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі ва Ўкраіне. Мядзьведзеў нібыта кажа: "Памятаеце, у тым звароце я выказаў сваё непрыманьне кандыдатуры Віктара Юшчанкі. І дзе зараз Юшчанка?"
Пасьля відэазвароту Мядзьведзева цалкам відавочна, што расейскаму прэзыдэнту хацелася б паціскаць руку зусім іншаму чалавеку на пасадзе прэзыдэнта Беларусі. ...

Паводзіны Лукашэнкі ў пытаньні прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Мядзьведзеў назваў несумленнымі і заявіў, што "мы будзем гэта ўлічваць пры будаваньні адносінаў зь дзеючым прэзыдэнтам Беларусі". Заканчваецца зварот Мядзьведзева даволі двухсэнсоўнымі словамі: "Мы хочам, каб нашы грамадзяне (маюцца на ўвазе грамадзяне Расеі і Беларусі) жылі ня ў страху, а ў атмасфэры свабоды, дэмакратыі і справядлівасьці. І мы гатовыя ісьці гэтым шляхам разам з нашымі беларускімі сябрамі". З кім гэта, каго Мядзьведзеў называе сваімі беларускімі сябрамі? Яўна не Лукашэнку.

Увогуле, сытуацыя даволі незвычайная: кіраўнік адной дзяржавы кажа пра кіраўніка другой, нібыта саюзьніцкай, дзяржавы, што той "выходзіць далёка за рамкі ня толькі дыпляматычных правілаў, але і элемэнтарнай людзкой прыстойнасьці". Цяжка ўявіць, як пасьля такіх словаў гэтыя два чалавекі, кіраўнікі дзяржаваў будуць сустракацца, падпісваць нейкія пагадненьні, паціскаць рукі адзін аднаму. Пасьля відэазвароту Мядзьведзева цалкам відавочна, што расейскаму прэзыдэнту хацелася б паціскаць руку зусім іншаму чалавеку на пасадзе прэзыдэнта Беларусі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG