Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь дагэтуль не ратыфікавала памежныя пагадненьні з трыма краінамі Эўразьвязу


Сёньня ў Авальнай залі Дому ўраду пачынаецца чарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў. Традыцыйна на восеньскіх сэсіях прымаецца бюджэт краіны. Але сёлета гэтага пытаньня ў парадку дня ня будзе – дэпутаты прынялі галоўны фінансавы дакумэнт краіны на пазачарговай сэсіі. Дэпутаты маюць намер разгледзіць 12 пытаньняў.

Пытаньні ахопліваюць у прыватнасьці чарнобыльскую тэматыку, працу органаў унутраных спраў ды іншае. А ўсяго падчас восеньскай сэсіі звычайна пасьпяваюць прыняць прыкладна сотню дакумэнтаў. Старшыня камісіі па грашова-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасьці Яўген Арцюшэнка на просьбу "Свабоды" вылучыць галоўнае на гэтай сэсіі адказаў, што няважных законаў не бывае:

"Для мяне, напрыклад, мае законы найважнейшыя. Мы маем два законапраекты, якія рэгулююць дзейнасьць на рынку каштоўных папераў і дэпазытарыяў. І ёсьць прэзыдэнцкі дэкрэт, які ўжо быццам падрыхтаваны. А таксама -- адна ратыфікацыя. А што тычыцца найважнейшага, то мы гэта ўжо прынялі. Гэта бюджэт на наступны год і ўвесь пакет дакумэнтаў".

Міжнароднага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага найбольш цікавіць, ці адбудзецца на гэтай сэсіі ратыфікацыя дамоваў з Польшчай, Літвой і Латвіяй аб перамяшчэньні праз дзяржаўную мяжу грамадзянаў названых краін, якія пражываюць у памежных рэгіёнах? Спадар Якаўлеўскі адзначае, што ўсе гэтыя тры дзяржавы ўваходзяць у Эўразьвяз:

"Сёлета ў лютым міністар замежных спраў Беларусі Мартынаў падпісаў у Варшаве пагадненьне аб памежным рэжыму. І да лета польскі бок выканаў усе неабходныя працэдуры, каб яно магло дзейнічаць. То бок і парлямэнт ратыфікаваў, і прэзыдэнт сваю візу паставіў. А з беларускага боку дагэтуль акрамя подпісу Мартынава (а яе недастаткова, каб пагадненьне запрацавала) нічога няма.

Што датычыцца Літвы, то там дагэтуль нават міністры сваіх подпісаў не паставілі. Летась у верасьні падчас візыту Лукашэнкі ў Вільню меркавалася падпісаньне такога дакумэнту. Але ж у апошнія хвіліны, літаральна, хвіліны беларускі бок раптам адмовіўся ад падпісаньня. Маўляў, трэба пэўныя пытаньні ўдакладніць. Вось і ўдакладняюць ужо год.

У Рызе Мартынаў падпісаў такое ж пагадненьне як у Варшаве. І цяпер нібыта там усё ідзе па графіку".

Раман Якаўлеўскі мяркуе, што сёлета пагадненьні з Літвой і Польшчай так і не запрацуюць:

"Галоўнай прычынай, на маю думку, вось такога тармажэньня з беларускага боку зьяўляюцца прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Да іх завяршэньня аніякіх больш-менш вольных перамяшчэньняў грамадзянаў гэтых дзьвюх краінаў афіцыйны Менск не дапускае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG