Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя вернікі дамагаюцца пашпартоў без пэрсанальнага нумара


Сёньня Кастрычніцкі суд Магілёва мае разгледзіць пазоў чатырох праваслаўных вернікаў, якія дамагаюцца, каб ім выдалі беларускія пашпарты без ідэнтыфікацыйных нумароў. Як сьцьвярджаюць пазоўнікі, мець нумар супярэчыць іх рэлігійных перакананьням.

Гэта ня першы групавы пазоў вернікаў у Магілёве. Тры з іх ужо разглядаліся ў раённых судах горада і не былі задаволеныя. Два выракі абскарджваліся ў абласным судзе -- таксама без станоўчага рашэньня для пазоўнікаў.

“Мы зьвярталіся ў органы ўлады, прасілі царкоўных ярархаў хадайнічаць, каб была альтэрнатыва. Прадстаўнікі ўлады абяцалі разабрацца з гэтай праблемай і празь нейкі час выдаць нам альтэрнатыўныя дакумэнты. Праходзіў час і ніякіх вынікаў не было. Атрымліваецца, што нас проста нахабна падманвалі”, тлумачыць сытуацыю праваслаўны вернік Сяргей.

Як кажа суразмоўца, пэрсанальны нумар успрымаецца яго аднаверцамі як першы крок да паняволеньня, пераўтварэньня чалавека ў электроннага кібэра без імя. Свае довады вернік падмацоўвае цытаваньнем са сьвятых праваслаўных пісаньняў.

“Улада ў Рэспубліцы Беларусь так выбудаваная, што ніякага супраціву ня можа быць. Мы вымушаныя праз суды бараніць інтарэсы свабодных грамадзян, але й праз гэтыя працэсы тлумачыць судзьдзям і іншым, што мы ня проста хочам унікнуць падначаленьня”.

У аддзелах пашпартызацыі заяўляюць, што беларускае заканадаўства не прадугледжвае выдачы пашпартоў без пэрсанальных нумароў. Іх наяўнасьць у пашпарце абумоўленая неабходнасьцю мець сыстэматызаваную базу зьвестак на грамадзян.

Колькі ў Беларусі вернікаў, якія адмаўляюцца мець пашпарты з асабістым нумарам, невядома. У бальшыні сваёй гэта людзі сталага веку. Адна з іх, Ганна Міхайлаўна жыве ў Краснапольскім раёне Магілёўшчыны:

“Я жыву з божай дапамогі. Нікуды ня ўлажу. Як ёсьць дык ёсьць. Тут жа мяне адну ніхто ня выслухае. Калі б было яшчэ колькі чалавек, дык мы можа б таксама ў суд… Усе лічаць: “Не нармальная нейкая, бо без пашпарту”. Дык я маўчу. Гэта сатанінскі дакумэнт. Я не хачу мяняць сваё імя на нумар. Вось чаму мне не даюць, тое, што я хачу?”.

Знайсьці адказ на пытаньне Ганны Міхайлаўны паспрабуюць 4 кастрычніка чацьвёра яе аднаверцаў у судзе. Там аднак іх могуць чакаць ня толькі судзьдзі.

Сёлета 30 чэрвеня, напрыклад, вернікаў сталага веку выправаджвалі з будынка абласнога суду з дапамогай узброеных аўтаматамі міліцыянтаў. Пасьля гэтага інцыдэнту афіцыйныя крыніцы прызналі, што ёсьць вернікі, якія патрабуюць пашпартоў без пэрсанальных нумароў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG