Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэй Расінскі — пра беларускіх пісьменьнікаў для беларускага ўраду


Андрэй Расінскі

Андрэй Расінскі

Пісьменьнік як палітычны дзеяч — справа не такая ўжо рэдкая. Пісьменьнік, які натхняе, а то і ўзначальвае палітычны рух — у гісторыі, амаль звычка. Нарэшце, літаратар як кіраўнік дзяржавы — далёка не навіна.

Шандар Пэтэфі — на чале вугорскага паўстаньня, лорд Байран — у вайне за вызваленьне Грэцыі, Габрыэль д’Анунцыя — кіраўнік правага путчу. Пра Дантэ і Макіявэлі я нават не заікаюся, зрэшты, апошні вядомы ня толькі настольнаю кнігай для палітыкаў «Гасудар», але як паэт і камэдыёграф. Бамаршэ праславіўся як драматург і як слынны палітычны інтрыган. Ягоныя літаратурныя суайчыньнікі Вальтэр і Русо — вядомыя палітычныя правакатары. А вось маркізу дэ Саду не хапіла іхняе загартоўкі: якабінцы асуджалі аўтара «садыстычных раманаў» за палітычную мяккацеласьць.

Тамаш Масарык да таго, як стаць першым прэзыдэнтам Чэхаславаччыны, быў сацыёлягам і публіцыстам. Апошні прэзыдэнт Чэхаславаччыны Вацлаў Гавал — публіцыст і драматург. А бацька «жаўнера Швэйка», Яраслаў Гашак, пасьпеў хуліганскі пакамісарыць у Расеі — засталіся вельмі цікавыя дакумэнты.

Грыбаедаў і Цютчаў — паэты і дыпляматы. Томас Мор — стваральнік фантастычнай «Утопіі» і канцлер Англіі — пакараны сьмерцю за вернасьць веры. Кананізаваны Касьцёлам.

Джанатан Сьвіфт — ня проста геніяльны сатырык, але й «вынаходлівы патрыёт Ірляндыі», чые заклікі спараджалі грамадзкія забурэньні.
Кепскія творцы — кепскія палітыкі. Затое ёсьць адваротныя прыклады.

Юкіа Місіма — аўтар выкшталцоных твораў пра змрочную тоеснасьць прыгажосьці й сьмерці — захапіў з гуртком сваіх прыхільнікаў японскую ваенную базу і, як самурай, зрабіў сабе харакіры. Ягоны расейскі пасьлядоўнік Эдуард Лімонаў пасьля смачных сэксуальных прыгодаў з чарнаскурым мужчынам, апісаных у аўтабіяграфічнае кнізе, ачольвае Нацыянал-бальшавіцкую партыю.

Зрэшты, Місіма лічыў Гітлера паэтам, які рыфмаваў паміж сабою забойствы. Ня ведаю наконт паэзіі, а што да выяўленчага мастацтва, Адольф Алаізыч быў найпаганейшым мастаком. Бяздарнымі паэтамі былі Джугашвілі (Сталін) і Мао Цзэдун. Вершыкі (благія) папісваў гэбоўскі сакратар ЦК КПСС Юры Андропаў (а за ягонага папярэдніка — Брэжнева — раманы пісалі іншыя). Можна ўзгадаць і кананічнага Нэрона — актора, паэта, дыктатара.

Але кепскія творцы — кепскія палітыкі. Затое ёсьць адваротныя прыклады. (Мяне асабліва цешыць прыклад Чэхіі).

А цяпер прапаную сьпіс беларускіх пісьменьнікаў для беларускага ўраду.

Разгледзім пасады:

Прэзыдэнт. Паколькі Беларусі пасуе парлямэнцкая рэспубліка — пасада прэзыдэнта сымбалічная. Гэта — маральны аўтарытэт. Тут найболей падыходзіць Васіль Быкаў. Шкада, што гэтага не адбылося раней.

Прэм’ер-міністар. У парлямэнцкай рэспубліцы найважнейшая пасада. І тут неабходны чалавек з грунтоўным палітычным і эканамічным досьведам. Калі ласка — Мікалай Гусоўскі. І з Эўропай у яго добрыя сувязі.

Міністэрства культуры. У сёньняшняй Беларусі — патрабуе надзвычайных здольнасьцяў, энэргіі, ведаў. Культуру Беларусі, закатаную ў савецкі асфальт і засыпаную лукашэнкаўскім сьмецьцем, трэба ажыўляць і ачышчаць. Бадай, Вацлаў Ластоўскі з досьведам прэм’ер-міністра (і схільнасьцю да полацкіх лябірынтаў) здольны на такі подзьвіг.

Міністэрства адукацыі. Будзе добра, калі гэтую пасаду зойме Максім Багдановіч. У яго выдатная клясычная адукацыя, ён добра знаёмы з вышэйшаю школай. Пра школу Багдановіч пісаў. Дый арганізатарскі досьвед у яго ёсьць.

Міністэрства інфармацыі. Я ня думаю, што гэтае міністэрства патрэбнае ўвогуле, але па-за канкурэнцыяй — Францішак Скарына. Засвоіць новыя тэхналёгіі, разгарнуць асьвету на карысьць паспалітага люду — гэта Скарына.

А вось выведку і контравыведку, створаную з чыстага аркуша паперы, возьме пясьняр Вялікага Княства Зянон Пазьняк. Гэта, канечне, тэрмаядзерны варыянт, бо пясьняр асабіста будзе займацца люстрацыямі, але менавіта такое разьвіцьцё падзей — цалкам рэалістычнае.
XS
SM
MD
LG