Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыя ня будзе “псаваць нэрвы” выбаркаму


Гомельскі абласны суд адхіліў скаргі Партыі БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі на рашэньне аблвыканкаму й прэзідыюму аблсавету наконт фармавання абласной камісію па выбарах прэзыдэнта Беларусі. Дэмакраты аспрэчвалі склад камісіі, якую сфармавалі без прадстаўнікоў апазыцыйных дэмакратычных партыяў.

Кіраўнік гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Анатоль Паплаўны (на здымку) выступаў сьведкам на судзе:

“Я прысутнічаў на сумесным паседжаньні аблвыканкаму й прэзыдыюму аблсавету. За 15 хвілін, без абмеркаваньня зацьвердзілі склад камісіі – прагаласавалі за 13 чалавек з 79 на падставе загадзя складзенага сьпісу. Напрыклад, Рагачоўская суполка праўладнай “Белай Русі” вылучыла свайго прадстаўніка ў абласную камісіі – і ніхто нават не сказаў, што яна ня мела права гэтага рабіць. Судзьдзя Караткевіч, які разглядаў нашу скаргу, мае сьведчаньні пад увагу ня ўзяў”.

Падобным чынам разглядала скаргу абласной арганізацыі АГП судзьдзя Буянкова. Як лічыць старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, судзьдзя прыняла бок прадстаўнікоў аблвыканкаму й аблсавету Уладзімера Ражкова й Алы Сусарэнкі. Маўляў, дзяржаўныя органы мелі права сфармаваць камісію такой, якой яны лічаць патрэбным.

Спадар Ражкоў нават даказваў у судзе, што АГП нібыта вылучыла ў камісію свайго прадстаўніка Уладзімера Кацору дзеля таго, каб “псаваць нэрвы” . Пры гэтым прадстаўнік аблвыканкаму спаслаўся на выказваньне самога Кацовы ў інтэрвію сайту “Беларускі партызан” падчас выбараў у мясцовыя саветы.

Тым часам заяўнікі перакананы, што адсутнасьць у камісіі прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў “дае падставы сьцьвярджаць пра непразрыстасьць усяго будучага выбарчага працэсу й немагчымасьць правядзеньня дэмакратычнага кантролю за дзейнасьцю выбарчай камісіі”.
XS
SM
MD
LG