Лінкі ўнівэрсальнага доступу

220 даляраў за газ: болей давядзецца пазычаць грошай


У 2011 годзе сярэднегадавая цана газу для Беларусі складзе 220 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пра гэта паведаміў у Менску намесьнік кіраўніка «Газпрому» Андрэй Круглоў.

Сярэдняя цана газу для Беларусі мае павялічыцца зь сёлетніх 185 да 220 даляраў за тысячу кубамэтраў. Гэта ў тым выпадку, калі цана нафты ў наступным годзе будзе такая ж, як у чацьвёртым квартале гэтага году. Камэнтуючы гэтую лічбу — а раней на сходзе акцыянэраў называлася цана на газ для Беларусі ў 250 даляраў — эканаміст Міхась Залескі адзначыў:

Міхась Залескі
«Існуе даўняя дамоўленасьць паміж Беларусьсю і Расеяй, што газ для Расеі будзе прыносіць роўныя прыбыткі незалежна ад таго, каму яна будзе яго прадаваць — немцам, палякам ці нам. Зыходзячы з гэнага, тэарэтычна вызначаецца такі кошт, які з улікам даўжыні трубаправоду, па якім ідзе газ — так званага пляча пастаўкі — стварае для Расеі роўны прыбытак незалежна ад дальнасьці пастаўкі. Але ўвесь час былі палітычныя палёгкі для нас, і цана была значна ніжэйшая, чым на такой самай адлегласьці для іншых краінаў. Зараз гэтыя палітычныя палёгкі здымаюцца. І нам будзе газ каштаваць, як і ўсім людзям. Ну, з улікам таго, што мы бліжэй да Расеі.Чым гэта для нас павернецца? Гэта будзе запавольваньне нашага „імклівага“ росту. Ну, проста болей давядзецца пазычаць грошай».

Андрэй Круглоў
Прадстаўнік «Газпрому» Андрэй Круглоў распавёў журналістам, што з 2011 году адмяняецца паніжальны каэфіцыент да кантрактнай цаны на газ для Беларусі. Сёлета гэты каэфіцыент раўняўся адзінцы. Таксама расейскі манапаліст не плянуе дадатковых інвэстыцый у эканоміку Беларусі ў 2011 годзе.

1 кастрычніка падчас прэсавай канфэрэнцыі з расейскімі журналістамі Лукашэнка заявіў, што «Газпром» «сёньня шлёпнуўся ў Эўропе». Ён абвінаваціў расейскі бок у валакіце:

«Я прама заяўляю, што недзе, на Балтыцы ці на Чорным моры, Украіна будзе будаваць 2-3 тэрміналы па разрэджваньні газу. І мы таксама. Зноў жа тупасьць. Нас палохаюць: „Паўночны паток“, „Паўднёвы паток“, адмовімся ад транзыту празь Беларусь. Ну, ня трэба. Зачынім пад Смаленскам засаўку. Зачыняйце! Але мы ў гэтыя трубы завядзем разрэджаны».

Ён таксама зьвінаваціў расейскі бок у процідзеяньні таму, каб беларускі бок пампаваў вэнэсуэльскую нафту па трубах.

«Вагонамі зараз возім і будзем вазіць. Але на калені ня станем».

Леанід Злотнікаў
Камэнтуючы гатоўнасьць Лукашэнкі карыстацца звадкаваным газам і будаваць тэрміналы, эканаміст Леанід Злотнікаў сказаў:

«Беларусі патрэбныя гады, каб пабудаваць тэрміналы, і самае галоўнае, што марскія тэрміналы і безь Беларусі пабудуюць. А вось пакласьці трубы — нават да Балтыкі — гэта два-тры гады патрэбныя. І шмат грошай, якіх у краіне няма. У будучыні так будзе меншай залежнасьць ад Расеі па газу. Але два-тры гады давядзецца жыць, як жывём».

Паводле спадара Злотнікава, чакаецца, што ў бліжэйшыя гады цэны на звадкаваны газ зьменшацца да 100-150 даляраў. У ЗША распрацаваныя новыя тэхналёгіі здабычы газу:

«Яны будуць здабываць, як у Польшчы, сланцавы газ. Попыт ЗША на сусьветным рынку цяпер зьмяншаецца, таму і цэны на газ таксама зьмяншаюцца. Расеі таксама давядзецца зьменшыць свае цэны. Але гэта адбудзецца праз два-пяць гадоў».


XS
SM
MD
LG