Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку падводзіць памяць


Памятны знак на месцы гібелі амэрыканцаў, што ляцелі на паветраным шары.

Памятны знак на месцы гібелі амэрыканцаў, што ляцелі на паветраным шары.

Праз 15 гадоў пасьля трагедыі ў небе над Бярозай, калі ваенны верталёт расстраляў паветраны шар з амэрыканскімі паветраплавальнікамі, Аляксандар Лукашэнка выказаў сваю вэрсію надзвычайнага здарэньня. Праўда, пры гэтым блытаўся ў фактычным матэрыяле: і ў часе, калі гэта адбылося, і ў месцы здарэньня, і нават у колькасьці загінулых. 12 верасьня 1995-га была зьбітая гандола са спартоўцамі-экстрэмаламі Аланам Фрэнчэлем і Джонам Ст’юартам, якія загінулі пры падзеньні.

Падчас сёньняшняй амаль пяцігадзіннай размовы з прадстаўнікамі расейскіх рэгіянальных СМІ Аляксандар Лукашэнка закрануў тэму, якая дагэтуль на дзяржаўным узроўні старанна абміналася. Прынамсі, раней Лукашэнка ніколі публічна не заяўляў, што асабіста даў распараджэньне зьбіць амэрыканскі паветраны шар, які ў эўрапейскім паветраным калідоры ўдзельнічаў у спаборніцтвах на дальнасьць палётаў:

«У Гарадзенскай вобласьці, памятаеце, быў выпадак гадоў 13 таму, калі над ядзерным аб’ектам (а ў нас жа ядзерныя ракеты тады былі) ляцелі амэрыканцы — з Польшчы ці яшчэ адкуль. Мы зь верталётам падлятаем — рэакцыі ніякай. А я ў Малдове зь візытам, мне ў рэжыме рэальнага часу дакладваюць: Аляксандар Рыгоравіч, падляцелі баявыя верталёты, зразумець ня могуць, што там творыцца. Вось шары, і ўсё, вісіць кошык, запыт дасылаем — ніхто не адказвае. Давайце камандуйце.
Я кажу — зьнішчыць. Зьнішчылі, а там тры ці пяць чалавек загінулі. Скандал! Лукашэнка амэрыканцаў застрэліў!
Я кажу — зьнішчыць. Зьнішчылі, а там тры ці пяць чалавек загінулі. Скандал! Лукашэнка амэрыканцаў застрэліў! Мы ж усё зрабілі паводле ўсясьветных стандартаў. Добра, што амэрыканцаў адразу пазвалі — давайце разам будзем расьсьледаваць, мы ж не хацелі вашых грамадзянаў зьнішчыць. Дык прызналі, што яны загінулі яшчэ да таго, як зьбілі гэтыя шары. То бок яны, відавочна, высока ўзьляцелі, а там ці кіслароду, ці яшчэ чаго не хапіла, і загінулі. І таму яны не рэагавалі на нашы запыты. І калі мы іх расстралялі і яны ўпалі, то ўжо былі нежывыя».

Апроч таго, што шар быў зьбіты не 13, а роўна 15 гадоў таму, і не ў Гарадзенскай, а ў Берасьцейскай вобласьці, існуюць разыходжаньні ў тым, як насамрэч вырашалася праблема падазронага аб’екту. Непасрэдным «саўдзельнікам» гучнай гісторыі стаў журналіст Васіль Зданюк. У той момант ён быў у кабінэце камандуючага супрацьпаветранымі войскамі генэрала Валерыя Кастэнкі, які даў загад ліквідаваць «бесьпілётны аб’ект». І ніякіх перамоваў з Лукашэнкам пры гэтым не вялося:

«Я працаваў тады ўласным карэспандэнтам рэдакцыі маскоўскага „Военного журнала“, і напярэдадні мне там паставілі задачу зрабіць інтэрвію з камандуючым войскамі беларускай супрацьпаветранай абароны аб стварэньні адзінай беларуска-расейскай сыстэмы СПА. Якраз тады гэта была актуальная тэма. Я патэлефанаваў Валерыю Кастэнку. Ён паспрабаваў адразу ад інтэрвію адмовіцца — маўляў, у адпачынку знаходзіцца, не на працы. Я, тым ня меней, настаяў на сваім, і ён сказаў, каб я прыходзіў да яго аб 11-й, яму якраз трэба на гадзінку зазірнуць на службу, дзе мы і перагаворым. На наступны дзень, 12 верасьня 1995-га, я прыйшоў да камандуючага…»

Паводле спадара Зданюка, падчас запісу інтэрвію апэратыўны дзяжурны далажыў генэралу, што ў зоне адказнасьці дывізіёну, дысьлякаванага ў Берасьцейскай вобласьці, зафіксаваны невядомы паветраны аб’ект. Ляціць на нізкай вышыні, трэба тэрмінова прымаць рашэньне. Кастэнка загадаў падняць дзяжурны верталёт і пасьля перамоваў з камандзірам экіпажу Мі-24 прыйшоў да высновы, што апарат бесьпілётны, і даў загад яго зьнішчыць. На думку Васіля Зданюка, каб Кастэнка некалькі хвілінаў пачакаў, трагедыі можна было б пазьбегнуць. Усьлед за зьбітым, як тады меркавалі, «зондам» пераляцеў беларускую мяжу наступны. Васіль Зданюк некаторы час захоўваў дыктафонныя стужкі перамоваў Кастэнкі з экіпажам верталёту, аднак калі да матэрыялу пачалі выказваць занадта вялікую цікаўнасьць, іх зьнішчыў.

Навошта Лукашэнку ўздумалася ўзяць на сябе адказнасьць за прыняцьце рашэньня — сказаць цяжка. Тагачасны начальнік аддзелу
Кастэнка вельмі доўга пісаў тлумачальныя запіскі, на якой падставе і ў сілу якіх прычынаў і абставінаў ён прыняў рашэньне даць каманду на паражэньне.
апэратыўнага рэагаваньня Савету бясьпекі Юрый Сівакоў таксама кажа, што Лукашэнка ў дадзеным выпадку нешта блытае:

«Часу мінула шмат, і, магчыма, ён забыўся, калі канкрэтна яму далажылі пра здарэньне. Я асабіста займаўся расьсьледаваньнем гэтай справы і ведаю, што ў прынцыпе тады Кастэнка вельмі доўга пісаў тлумачальныя запіскі, на якой падставе і ў сілу якіх прычынаў і абставінаў ён прыняў рашэньне даць каманду на паражэньне гэтага паветранага шара. У прынцыпе, ён і павінен быў прымаць рашэньне як камандуючы войскамі супрацьпаветранай абароны. А паколькі часу прайшло шмат, то мы шмат якія рэчы ўжо трактуем інакш. Нават калі паглядзець на вэтэранаў, я нават па свайму дзеду магу меркаваць: два дні быў на фронце, а сёньня ён ужо і пад Воршай ваяваў, і Менск вызваляў, і ўсё астатняе. Таму ў дадзеным выпадку, напэўна, гэта не наўмыснае прызнаньне. Хутчэй за ўсё».

За мінулыя паўтара дзясятка гадоў ніхто зь беларускіх афіцыйных асобаў ня ўзяў на сябе адказнасьць за інцыдэнт. Дзяржаўная камісія ў справе высьвятленьня прычынаў трагедыі так і не патлумачыла, ці насамрэч была неабходнасьць зьбіваць паветраны шар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG