Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За Лукашэнку падпісваюцца бяз пашпарта — усё роўна ніхто не праверыць?”


Слухачы абмяркоўваюць, як зрабіць прэзыдэнцкія выбары дэмакратычнымі; дзеляцца назіраньнямі за зборам подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў.


Слухач «Свабоды» сталага веку, які жыве ў сельскай мясцовасьці, абурыўся сьцьвярджэньнем кіраўніка дзяржавы, што беларускія пэнсіянэры своечасова атрымліваюць пэнсіі.

«Я і многія пэнсіянэры павінны атрымліваць пэнсію 1 кастрычніка, а вэртыкаль Лукашэнкі нашы грошы нам не выдае, а пракручвае праз банк чацьвёра сутак і з нашых пэнсійных грошай кладзе сабе ў кішэню мільёны, абадраўшы пэнсіянэраў. Лукашэнка, хопіць дурыць народ!».

Пры якіх умовах у краіне могуць адбыцца дэмакратычныя выбары? Што для гэтага трэба зрабіць? На гэтыя пытаньні адказвае наш слухач:

«Вось я гляджу тэлебачаньне, слухаю Радыё Свабода пра перадвыбарчую кампанію. Усё гэта марна. Паказуха робіцца і ўсё. Пакуль лукашызм ва ўладзе, ніякіх справядлівых выбараў у нас ня будзе.

Лукашэнка набярэ 7%, а побач падставіць васьмёрку — і ўсё. Чэсных выбараў ня будзе. Каб адбыліся сапраўдныя выбары, трэба ўсіх губэрнатараў адправіць у адпачынак, Ярмошыну, старшыню Цэнтравыбаркаму, зьняць з пасады і аддаць пад суд за яе махінацыі, а нашага паважанага Аляксандра Рыгоравіча адправіць куды-небудзь у паўднёвую Амэрыку, да свайго сябра ў Вэнэсуэлу. Вось тады адбудуцца дэмакратычныя выбары ў Беларусі».


Анатоль Лябедзька
Гэтыя выказваньні камэнтуе палітык Анатоль Лябедзька:

«Пэнсіянэр па-народнаму разважае правільна, што пакуль прысутнічае вяршыня ўлады ў Беларусі, справядлівых выбараў ня будзе. Толькі іх часовая дэпартацыя на Лазурны бераг ці ў Вэнэсуэлу можа даць шанец, што насамрэч будуць падлічаныя галасы выбаршчыкаў.

І гэта ня думка аднаго пэнсіянэра. Я ўчора хадзіў па кватэрах. Так разважае большасьць людзей. Людзі ня вераць, што ў краіне праводзяцца свабодныя выбары. Як ужо сказана — гэта форма, а зьмест, сутнасьць адны й тыя ж».

30 верасьня пачаўся збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Наш слухач паназіраў, як зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку:

«На выхадзе з мэтро на станцыі „Маладзёжная“ тры кабеты з партрэтам правадыра ўсім праходзячым прапанавалі паставіць подпіс. Я спытаўся: „А як гэта вы зьбіраеце подпісы бяз пашпарту?“ . А ў адказ: „А пашпарт ня трэба“. Нейкі дзядок назваў прозьвішчы і задаволена паставіў подпіс. Я вось нешта не зразумею. Як гэта? Мусіць, подпісы ніхто не праверыць?».

Павал Севярынец
Званок слухача камэнтуе сустаршыня стваранай БХД Павал Севярынец:

«Вядома, для Лукашэнкі, які нават не падаваў дакумэнты ў Цэнтравыбаркам, але была зарэгістраваная яго ініцыятыўная група, здаецца, што можна ў краіне тварыць усё, што заўгодна.

За 16 гадоў дыктатуры можна пляваць на людзей, заганяць людзей гвалтам (а мы ўжо ведаем пра такія факты) зьбіраць подпісы за Лукашэнку пад пагрозай непадаўжэньня кантракту, альбо зьбіраць подпісы бяз пашпартных зьвестак, маўляў, усё роўна і так прымуць. Сёньняшняй уладзе гэта можна, але гэта беззаконьне.

Скаргі ў ЦВК і пракуратуру маюць толькі адзін сэнс: фіксаваць для гісторыі, для будучай дэмакратычнай Беларусі самі факты парушэньняў».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску —
266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG