Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія баскетбалісткі – у паўфінале чэмпіянату сьвету


Жаночая зборная Беларусі ў баскетболе працягвае "штампаваць" сэнсацыі на чэмпіянаце сьвету ў Чэхіі. У чвэрцьфінале разгромленыя адны з фаварытак спаборніцтваў, каманда Расеі – 70:53.

Выхаванкі Анатоля Буяльскага ўпершыню бяруць удзел ва ўсясьветным першынстве і трапляньне ў чацьвёрку мацнейшых — бясспрэчнае дасягненьне для дэбютанта. Супэрнікі беларусак у паўфінале вызначацца па выніку сустрэчы зборных Аўстраліі і Чэхіі. Між тым спэцыялісты кажуць, што посьпехі беларускіх баскетбалістак не зусім лягічныя — баскетбол у Беларусі не трапляе ў лік аблашчаных увагай і фінансуецца паводле рэшткавага прынцыпу.

Перамога тым больш значная, што зборная Расеі – уладальніца срэбных мэдалёў чэмпіянатаў сьвету
Сёньняшняму трыюмфу ў матчы са зборнай Расеі папярэднічалі перамогі над камандамі Кітаю, Канады і Грэцыі. Паразы ад грандаў усясьветнага баскетболу — амэрыканак і аўстраліек — шмат у чым прагназаваныя, але, як аказалася, на амбітныя пляны не паўплывалі. Цяпер застаецца дачакацца, ці стрымае сваё абяцаньне трэнэр па фізычнай падрыхтоўцы Дзьмітрый Сядоў, які заявіў, што гатовы прылюдна апрануць жаночую сукенку ў выпадку выхаду ягонай каманды ў ½ чэмпіянату сьвету.

Што да галоўных гераіняў чвэрцьфінальнай сустрэчы, то гэта перадусім Алена Леўчанка, якая набрала 17 ачкоў, Юлія Дурэйка (15), Натальля Марчанка і Тацьцяна Тройна (па 11). Перамога тым больш значная, што зборная Расеі – уладальніца срэбных мэдалёў чэмпіянатаў сьвету 1998, 2002 і 2006 гадоў, а таксама бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў 2004 і 2008 гадоў.

Як лічаць многія спартовыя знаўцы, вынік у многім атрыманы насуперак абставінам, паколькі трэніравацца дзяўчатам даводзіцца ў цалкам спартанскіх умовах. Апроч таго, што чэмпіянат Беларусі не дацягвае нават да мінімальных эўрапейскіх стандартаў, дык асноўнымі гульнявымі пляцоўкамі ёсьць прымітыўныя спартовыя залі розных ВНУ. Натуральна, без трыбунаў, без разьдзявальняў, а часта і без магчымасьці прыняць душ пасьля матчу.

Адзін з найбольш дасьведчаных баскетбольных спэцыялістаў Канстанцін Шаравера кажа, што цяпер баскетбол перажывае сапраўдны бум па ўсёй Эўропе, прагрэсуюць каманды, дзе дагэтуль баскетбол быў далёка не на першых ролях. Але што да Беларусі, то зрухаў пакуль няшмат:

У маштабах краіны няма дзе гуляць! Ганебна, але няма ніводнай гульнявой залі ў Менску!
"Разумееце, такія рэчы, як удзел адзінай беларускай каманды ў чэмпіянаце сьвету, павінны быць цікавыя ўсім. Гэты факт мусіць прадэманстраваць, што ў прынцыпе мы можам штосьці зрабіць, чагосьці дасягнуць. То бок, баскетбол павінен быць цікавы ня толькі вузкім спэцыялістам. Усе глядзяць нашых дзяўчат, нават хто баскетболам дагэтуль і не цікавіўся. І калі яны перамагаюць, хочаш-ня хочаш, адчуваецца гонар за краіну, ёсьць радасьць за сваіх. Але дзеля такіх вынікаў, натуральна, і фінансаваньне павінна быць на парадак вышэй, дый увогуле павярнуцца трэба да баскетболу нармальна — тварам. Пакуль жа сытуацыя не такая. Упершыню ў гэтым годзе далі магчымасьць праводзіць жаночыя фіналы чэмпіянату краіны ў Палацы спорту. Але ўсе астатнія матчы праводзяцца ў зусім маленькіх залях, бяз самых элемэнтарных умоваў. У маштабах краіны няма дзе гуляць! Ганебна, але няма ніводнай гульнявой залі ў Менску! А трэба, каб былі стацыянарныя гульнявыя залі. Ну, і клюбную сыстэму трэба разьвіваць, заканадаўчы мэханізм па ўсіх пазыцыях. І ўвогуле, каб працавала сыстэма: клюб — заля, клюб — заля. Свае клюбныя залі павінны быць у абавязковым парадку".

Дарэчы, па выніках Пэкінскай Алімпіяды каманда Беларусі заняла высокае шостае месца. Але галоўная сэнсацыя адбылася тры гады таму, калі беларуская зборная на чэмпіянаце Эўропы адолела ў чвэрцьфінале тагачаснага чэмпіёна кантынэнту, каманду Чэхіі, і заняла першы ў гісторыі беларускага баскетболу мэдалёвы подыюм — трэцяе месца.

Галоўны трэнэр зборнай Беларусі Анатоль Буяльскі перад ад'ездам у Чэхію выказаў спадзяваньне, што посьпехі ягоных выхаванак у агляднай будучыні не апошнія. Нягледзячы на зьмену пакаленьняў, дух пераможцы ў камандзе ўжо пасяліўся:

Практычна на ўсіх матчах у Астраве і ў Карлавых Варах на трыбунах нямала заўзятараў, якія падтрымліваюць дзяўчат у тым ліку і бел-чырвона-белымі сьцягамі
"Трэба апроч іншага думаць і пра пэрспэктывы, таму што мы трапілі ня толькі ў фінальную стадыю чэмпіянату сьвету, але і на фінал чэмпіянату Эўропы 2011 году, дзе будзе адбор на летнія Алімпійскія гульні 2012 году ў Лёндане. Мы нікуды не падзенемся ад таго, што павінна адбывацца кропкавая зьмена пакаленьняў у камандзе. Але ўжо падчас гэтага чэмпіянату сьвету мы пачуем і ўбачым новыя імёны".

У беларусак у Чэхіі — салідная "тарсіда". Практычна на ўсіх матчах у Астраве і ў Карлавых Варах на трыбунах нямала заўзятараў, якія падтрымліваюць дзяўчат у тым ліку і бел-чырвона-белымі сьцягамі. Паказальна, што свае сымпатыі на адрас зборнай Беларусі не хаваюць і аматары баскетболу зь іншых краінаў — многія лічаць, што беларускія дзяўчаты на чэмпіянаце сьвету самыя элегантныя. Адмыслова распрацаваныя да плянэтарных спаборніцтваў сукенкі выгодна падкрэсьліваюць жаноцкасьць беларусак на тле кансэрватыўных супэрніц.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG