Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Паганяйла: “ЦВК ніколі не кіравалася законам…”


Удзельнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» назвалі плюсы і мінусы, якія ўласьцівыя пачатку сёлетняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Мінулі першыя два тыдні назіраньня, і праваабаронцы падзяліліся высновамі. У цэнтры ўвагі было фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Праваабаронцы адзначылі, што амаль усюды назіральнікаў без праблем дапускалі на паседжаньні выканкамаў, на якіх фармаваліся камісіі, і толькі ў Бабруйску не пусьцілі назіральніка Ігара Ходзьку. У некаторых выпадках з выканкамаў нават інфармавалі, калі адбудзецца паседжаньне, чаго раней не было. Але што да саміх паседжаньняў, тут нічога не зьмянілася у лепшы бок, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

Рэальнага абмеркаваньня кандыдатураў мы не назіралі, паседжаньні адбываліся вельмі хутка.
«Рэальнага абмеркаваньня кандыдатураў мы не назіралі, паседжаньні адбываліся вельмі хутка, ад 4 да 20 хвілінаў, фактычна склад камісій зацьвярджаўся сьпісам. Што да складу камісіяў, таксама ўсё паўтараецца. У асноўным не ўключаюцца прадстаўнікі апазыцыйных партый і тыя, хто вылучаўся ад гэтых партый праз збор подпісаў».

Толькі 14 з амаль 2 тысяч сяброў тэрытарыяльных выбарчых камісій належаць да апазыцыйных партый. Праваабаронцы падлічылі, што ў камісіі прайшоў толькі адзін зь сямі апазыцыянэраў, а вось сярод прадстаўнікоў праўладных партый «праходнасьць» у камісіі склала 9 з 10. Сярод вылучэнцаў ад грамадзкіх арганізацый таксама ў камісіях дамінуе праўладны блёк

Валянцін Стэфановіч: «79% ад усіх вылучэнцаў грамадзкіх аб’яднаньняў прадстаўляюць чатыры грамадзкія арганізацыі і адзін афіцыйны прафсаюз. Гэта БРСМ, „Белая Русь“, Беларускі саюз жанчын і Беларускае аб’яднаньне вэтэранаў».

Валянцін Стэфановіч адзначыў супярэчнасьць: з аднаго боку прадстаўнікі Цэнтравыбаркаму кажуць пра нібыта малую актыўнасьць апазыцыйных партый у фармаваньні тэрытарыяльных камісій, а з другога — зноў і зноў апазыцыянэраў не пускаюць у гэтыя выбарчыя структуры. Паводле назіральнікаў, зьмены ў выбарчы закон, унесеныя ў 2010 годзе, ніяк не палепшылі становішча.

Праваабаронца з БХК Гары Паганяйла асобна прааналізаваў, як вывучаліся скаргі тых, каго вылучалі ў выбарчыя камісіі. Усяго скаржнікаў было 24, і ніводны зь іх не патрапіў выйграць спрэчку. «Скаргі на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі належным чынам у ЦВК не былі разгледжаныя», — адзначае праваабаронца Гары Паганяйла, які лічыць гэта невыпадковым.

«Цэнтральная выбарчая камісія ніколі не кіравалася законам, а кіравалася сваім меркаваньнем пра закон. Таму ў гэтых пытаньнях больш палітыкі, чым права. Гэтым адрозьніваецца цяперашняя ЦВК пад кіраўніцтвам Ярмошынай».

Праваабаронцаў папрасілі ацаніць рашэньні мясцовых органаў улады адносна месцаў, дзе можна зьбіраць подпісы. Назіральнікі адзначылі як станоўчы момант тое, што ў Менску гарадзкія ўлады дазволілі займацца гэтым у большасьці людных месцаў, але ў рэгіёнах сытуацыя не такая дэмакратычная. Прыкладам, у Гарадзенскай і Магілёўскай абласьцях нічога не зьмянілася ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі, мяркуюць праваабаронцы. У Оршы, паводле зьвестак афіцыйнага сайту выканкаму, дазволена зьбіраць подпісы ў адных месцах, а мясцовая дзяржаўная газэта называе іншыя месцы, паведамляюць назіральнікі. Таксама праваабаронцы адзначаюць, што ў рэгіянальных дзяржаўных мэдыях тэма выбараў фактычна адсутнічае.
XS
SM
MD
LG