Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завершана папярэдняе расьсьледаваньне па справе Сьвятланы Байковай

  • БелаПАН

Сьвятлана Байкова

Сьвятлана Байкова

Папярэдняе расьсьледаваньне па справе старэйшага сьледчага па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятланы Байковай завершана. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў яе адвакат Міхаіл Волчак.

З 29 верасьня абвінавачаная і яе абарона пачалі знаёміцца з матэрыяламі сьледзтва. Гэты працэс па заканадаўстве не павінен заняць больш за месяц. Праўда, паводле адваката, гэты тэрмін можа быць падоўжаны паводле рашэньня пракурора.

Адказваючы на пытаньне аб стане здароўя падабароннай, якая цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам, Міхась Волчак назваў яго здавальняючым. "Але праблем шмат. Трэба лячыцца", — канстатаваў ён.

Сьвятлана Байкова была затрымана супрацоўнікамі КДБ 25 лютага на працоўным месцы па падазрэньні ў перавышэньні ўлады. Крымінальныя справы ў дачыненьні да яе старшыня КДБ Вадзім Зайцаў распачаў 24 лютага па прыкметах складаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 399 (незаконнае вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці) і 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу. Ім жа да сьледчага была прыменена мера стрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня пад варту.

У сувязі з адсутнасьцю дастатковых доказаў прад'яўленага абвінавачаньня 23 красавіка ў падаўжэньні тэрміну ўтрыманьня Байковай пад вартай генпракурор адмовіў, але пры гэтым тэрмін правядзеньня папярэдняга сьледзтва па справе працягнуў па 24 жніўня. 24 чэрвеня ў Генэральнай пракуратуры паведамілі, што сьледзтвам КДБ прадстаўлены факты неабгрунтаванага затрыманьня, прыцягненьня ў якасьці абвінавачаных, зьмяшчэньня грамадзян пад варту, дапушчаных Байковай у 2006—2007 гадах. Таму тэрмін яе ўтрыманьня пад вартай быў працягнуты. У КДБ падаўжэньне тэрміну ўтрыманьня Байковай пад вартай растлумачылі "неабходнасьцю стварэньня ўмоў для поўнага і аб'ектыўнага расьсьледаваньня крымінальнай справы, у тым ліку ўсталяваньня матываў і падстаў непрымяненьня мер адказнасьці, прадугледжаных заканадаўствам, у дачыненьні да галоўных арганізатараў кантрабандных каналаў".

24 жніўня генпракурор яшчэ раз адмовіў КДБ у падаўжэньні тэрміну ўтрыманьня Байковай пад вартай, і сьледзтвам было прынята рашэньне аб зьмене ёй меры стрыманьня на хатні арышт.
XS
SM
MD
LG