Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баскетбол глядяць сёньня нават тыя, хто спортам не цікавіўся


Незалежна ад выніку сёньняшняга матчу паміж баскетбольнымі зборнымі Беларусі і Расеі на ўсясьветным першынстве ў Чэхіі, беларуская каманда гучна заявіла пра свае амбіцыі.

Выхаванкі Анатоля Буяльскага ўпершыню бяруць удзел у чэмпіянаце сьвету, і трапляньне ў васьмёрку мацнейшых — дасягненьне, адметнае само па сабе. Між тым спэцыялісты кажуць, што посьпехі беларускіх баскетбалістак не зусім лягічныя — баскетбол у Беларусі ніяк не трапляе ў лік аблашчаных увагай і фінансуецца паводле рэшткавага прынцыпу.

У кітаянак, якія падчас хатняй для сябе Алімпіяды-2008 спынілі рух эўрапеек па турнірнай сетцы, беларускі на шляху да чвэрцьфіналу ўзялі рэванш, упэўнена выйгралі ў канадак, а ў вырашальным матчы вырвалі перамогу ў каманды Грэцыі. Дзьве паразы ад грандаў усясьветнага баскетболу — амэрыканак і аўстраліек — шмат у чым прагназаваныя, але на пляны не паўплывалі.

Дарэчы, па выніках Пэкінскай Алімпіяды каманда Беларусі заняла высокае шостае месца. Але галоўная сэнсацыя адбылася тры гады таму, калі беларуская зборная на чэмпіянаце Эўропы адолела ў чвэрцьфінале тагачаснага чэмпіёна кантынэнту, каманду Чэхіі, і заняла першы ў гісторыі беларускага баскетболу мэдалёвы подыюм — трэцяе месца.

Як лічаць многія спартовыя знаўцы, вынік у многім атрыманы насуперак абставінам, паколькі трэніравацца дзяўчатам даводзіцца ў цалкам спартанскіх умовах. Апроч таго, што чэмпіянат Беларусі не дацягвае нават да мінімальных эўрапейскіх стандартаў, дык асноўнымі гульнявымі пляцоўкамі ёсьць прымітыўныя спартовыя залі розных ВНУ. Натуральна, без трыбунаў, без разьдзявальняў, а часта і без магчымасьці прыняць душ пасьля матчу.
Усе глядзяць нашых дзяўчат, нават хто баскетболам дагэтуль і не цікавіўся.

Адзін з найбольш дасьведчаных баскетбольных спэцыялістаў Канстанцін Шаравера кажа, што цяпер баскетбол перажывае сапраўдны бум па ўсёй Эўропе, прагрэсуюць каманды, дзе дагэтуль баскетбол быў далёка не на першых ролях. Але што да Беларусі, то зрухаў пакуль няшмат:

"Разумееце, такія рэчы, як удзел адзінай беларускай каманды ў чэмпіянаце сьвету, павінны быць цікавыя ўсім. Гэты факт мусіць прадэманстраваць, што ў прынцыпе мы можам штосьці зрабіць, чагосьці дасягнуць. То бок, баскетбол павінен быць цікавы ня толькі вузкім спэцыялістам. Усе глядзяць нашых дзяўчат, нават хто баскетболам дагэтуль і не цікавіўся. І калі яны перамаглі Канаду, Кітай, хочаш-ня хочаш, адчуваецца гонар за краіну, ёсьць радасьць за сваіх. Але дзеля такіх вынікаў, натуральна, і фінансаваньне павінна быць на парадак вышэй, дый увогуле павярнуцца трэба да баскетболу нармальна — тварам. Пакуль жа сытуацыя не такая. Упершыню ў гэтым годзе далі магчымасьць праводзіць жаночыя фіналы чэмпіянату краіны ў Палацы спорту. Але ўсе астатнія матчы праводзяцца ў зусім маленькіх залях, бяз самых элемэнтарных умоваў. У маштабах краіны няма дзе гуляць! Ганебна, але няма ніводнай гульнявой залі ў Менску! А трэба, каб былі стацыянарныя гульнявыя залі. Ну, і клюбную сыстэму трэба разьвіваць, заканадаўчы мэханізм па ўсіх пазыцыях. І ўвогуле, каб працавала сыстэма: клюб — заля, клюб — заля. Свае клюбныя залі павінны быць у абавязковым парадку".
Павінна адбывацца кропкавая зьмена пакаленьняў у камандзе

Галоўны трэнэр зборнай Беларусі Анатоль Буяльскі перад ад'ездам у Чэхію выказаў спадзяваньне, што посьпехі ягоных выхаванак у агляднай будучыні не апошнія. Нягледзячы на зьмену пакаленьняў, дух пераможцы ў камандзе ўжо пасяліўся:

"Трэба апроч іншага думаць і пра пэрспэктывы, таму што мы трапілі ня толькі ў фінальную стадыю чэмпіянату сьвету, але і на фінал чэмпіянату Эўропы 2011 году, дзе будзе адбор на летнія Алімпійскія гульні 2012 году ў Лёндане. Мы нікуды не падзенемся ад таго, што павінна адбывацца кропкавая зьмена пакаленьняў у камандзе. Але ўжо падчас гэтага чэмпіянату сьвету мы пачуем і ўбачым новыя імёны".

Дарэчы, у беларусак у Чэхіі — салідная "тарсіда". Практычна на ўсіх матчах у Астраве і ў Карлавых Варах на трыбунах было нямала заўзятараў, якія падтрымлівалі дзяўчат у тым ліку і бел-чырвона-белымі сьцягамі. Паказальна, што свае сымпатыі на адрас зборнай Беларусі не хавалі і аматары баскетболу зь іншых краінаў — многія лічаць, што беларускія дзяўчаты на чэмпіянаце сьвету былі самымі элегантнымі. Адмыслова распрацаваныя да плянэтарных спаборніцтваў сукенкі выгодна падкрэсьлівалі жаноцкасьць беларусак на тле кансэрватыўных супэрніц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG